heavy2 [ˈhevi] adj.

1. ця́жкі (у розных знач.);

a heavy fall ця́жкае падзе́нне;

a heavy suitcase ця́жкі чамада́н;

heavy food ця́жкая е́жа;

heavy work ця́жкая пра́ца

2. вялі́кі; мо́цны; высо́кі;

a heavy blow мо́цны ўдар;

a heavy eater пра́гны да яды́, абжо́ра;

a heavy sleep мо́цны/глыбо́кі сон;

a heavy smoker заця́ты курэ́ц;

a heavy sound мо́цны гук;

heavy beer мо́цнае пі́ва;

heavy rain мо́цны дождж;

heavy traffic вялі́кі рух;

a heavy price высо́кая цана́

3. масі́ўны; таўсма́ты;

a heavy face таўсма́ты твар;

a heavy bro och масі́ўная бро́шка

4. то́ўсты, гру́бы;

heavy fabric то́ўстае/гру́бае сукно́

5. (with) ця́жкі, абцяжа́раны;

The bush was heavy with blackberries. Галінкі ажыны гнуліся пад цяжарам ягад.

6. магу́тны (пра машыны);

a heavy truck магу́тны грузаві́к

7. загру́жаны, які́ патрабуе шмат пра́цы або́ дзе́йнасці;

a heavy day ця́жкі/загру́жаны дзень

8. (on) infml які́ ўжывае шмат (чаго-н.);

Older cars are heavy on petrol. Старыя машыны спажываюць шмат паліва.

9. ну́дны, неціка́вы, ця́жкі для ўспрыма́ння;

a heavy book ця́жкая для ўспрыма́ння/неціка́вая кні́га

10. небяспе́чны (пра мора, акіян)

11. гара́чы, ду́шны (пра паветра, надвор’е)

12. вя́зкі, глі́ністы (пра глебу, грунт)

13. стро́гі, суро́вы (пра чалавека)

get heavy infml зрабі́цца ве́льмі сур’ёзным;

heavy going той, з кім ця́жка мець спра́ву або́ каго́ ця́жка зразуме́ць;

a heavy heart пачуццё мо́цнага сму́тку;

a heavy silence/atmosphere ця́жкае маўча́нне/ця́жкая атмасфе́ра;

have a heavy hand

1) быць нязгра́бным, няспры́тным

2) быць суро́вым у адно́сінах да людзе́й;

make heavy weather of smth. уяўля́ць або́ пака́зваць што-н. больш склада́ным, чым гэ́та ёсць на са́май спра́ве

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Успрымаць зрокам. А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Колас.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. [Люба:] — Таварыша Іванчанку дзе мне тут бачыць? Кучар. [Лабановіч:] — Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз начыстую сілу? Колас. // Трапляцца на вочы, сустракаць у жыцці. А сосны! Сосен ты такіх не бачыў, дружа любы! Свірка.

3. Уяўляць у думках. У нас у жылах творчы сок, Мы ўперад на стагоддзі бачым. Таўбін. Лесавод у думках бачыць перад сабой магутны лес з лістоўніц, дзе кожнае дрэва — волат. Мяжэвіч.

4. каго-што і чаго. Звяртаць увагу, заўважаць. На.. схуднелых бледных тварах [хлапцоў] можна было бачыць сляды глыбокіх чалавечых пакут. «ЛіМ». [Пніцкі:] — Мы не прывыклі да акуратнасці. Мы яе, сказаць, ніколі і не мелі.. У нас часта пад нагамі прападае, а мы не бачым гэтага. Чорны.

5. без дап. Валодаць пачуццём зроку. [Вася:] — Паступова да мяне вярнулася здольнасць бачыць. Шамякін.

6. што і з дадан. сказам. Усведамляць, разумець, адчуваць. Костусь бачыў, што праўду кажа Іллюк. Чорны. // Знаёміцца з кім‑, чым‑н., асабіста набыўшы дзе‑н. І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў. Дубоўка. // Перажываць, зазнаваць, адчуваць на сабе. [Дзед:] — Добра табе [Міколку] так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў. Лынькоў. [Лясніцкі] ніколі да гэтага не бачыў вайны. Шамякін. Ніколі ў жыцці нічыёй Не бачыла ласкі дзяўчынка. Смагаровіч. // Карыстацца, мець, валодаць. А цяпер, калі за гэту справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка — не бачыць Грамабою гэтай зямлі. Крапіва.

7. каго-што. Выяўляць у кім‑, чым‑н. каго‑, што‑н. [Крушынскі:] — Цяпер бачу ў вас [Іван Мацвеевіч] свайго старога прыяцеля. Бядуля. Я чытаў і быў рад,.. што ў гэтым мужыку бацька бачыць самога сябе. Скрыган. З гэтага моманту Валя пачала бачыць у Любе не тое, што бачыла раней. Чорны. // Знаходзіць, успрымаць. Лічачы сябе пакрыўджаная. [Лёдзя] ва ўсім бачыла крыўднае для сябе, а ў кожным свайго крыўдзіцеля. Карпаў. Хтось бачыць музыку ў сасне, А хтосьці — новае карыта. Пысін.

8. што. Разм. Мець, атрымліваць. Што мы ад яго бачым — адны непрыемнасці.

9. у знач. пабочн. Падкрэслівае якую‑н. акалічнасць, які‑н. факт. [Пракурор:] — Ім, бачыце, цесна, ім мала Прастору, нямецкай зямлі. Колас. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Брыль.

•••

Бачыць (навылёт) навылет, бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго‑н.

Бачыць не магу (не можа) — ненавідзець, не пераносіць, не цярпець каго‑н.

Бачыць (на тры аршыны, на тры сажні) пад зямлёю — вызначацца праніклівасцю.

Бачыць саву смаляную — нічога не бачыць.

Бачыш ты! — пры выказванні здзіўлення.

Бог бачыць гл. бог.

Вось бачыш (бачыце)! — гаворыцца для пацвярджэння правільнасці чыіх‑н. слоў, вывадаў; ужываецца пры выказванні папроку і інш.

Вочы б мае не бачылі гл. вока.

Дай бог чутае бачыць гл. бог.

Далей свайго носа не бачыць — не бачыць таго, што робіцца навокал.

Дзе ты бачыў, дзе вы бачылі — ніколі, нізашто.

За дрэвамі не бачыць лесу — за чым‑н. дробным не заўважаць значнага, вялікага.

Зроду не бачыць — ніколі не бачыць каго‑, чаго‑н.

І бачыць не бачыў — поўнае адмаўленне ад чаго-небудзь.

Каб (мае) вочы не бачылі гл. вока.

Каб жа чутае бачыць — каб здзейснілася тое, што паабяцана.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

На свае (уласныя) вочы бачыць — быць сведкам чаго‑н.

Не бачыць прасвету — быць вельмі занятым справамі, працай; доўгі час пакутаваць ад чаго‑н.

Не бачыць у вочы каго — зусім не бачыць.

Не бачыць, як сваіх вушэй — не быць таму, чаго хто‑н. жадае.

Па вачах бачыць — даведвацца аб унутраным стане, учынках каго‑н. па абліччы, па выразе твару.

Рад бачыць (вас) — форма ветлівага звароту пры сустрэчы са знаёмымі.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свету белага (божага) не бачыць — быць вельмі занятым.

Спаць і курэй бачыць гл. спаць.

Толькі і бачылі — пра раптоўнае бясследнае знікненне каго‑н.

У вочы не бачыць — а) не сустракаць каго‑, чаго‑н.; б) не мець чаго‑н.

Як бачыш — а) хутка, скора. Конь добры, як бачыш заехалі; б) як пацвярджэнне пры адказе — так, але.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)