Тась-тась-тась ’падзыванне гусей’ (брэсц., Нар. лекс.), ’падзыванне качак’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр.тась‑та́сь ’выгук для падклікання качак’, дыял.та́ся‑та́ся, тасю́‑тасю́ ’тс’, тась ’выгук для адгону качак’, рус.дыял.тась‑тась ’падкліканне качак’, польск.дыял.taś taś ’тс’, taśka ’качка’. Адносяць да гукапераймальных утварэнняў (ЕСУМ, 5, 526). Паводле Горбача (Дитяч., 6) з першаснага дзіцячага та́ся ’качка’ < *птася ’птушка’, гл. птах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд.ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх.ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЛАГЧЫ́НЫ, лагчыны ледавіковага выворвання і размыву,
выцягнутыя далінападобныя паглыбленні ў рэльефе ложа антрапагенавых адкладаў, утвораныя актыўнымі ледавікамі і напорнымі водамі падледавіковых патокаў. На Беларусі трапляюцца ў паласе канцова-марэнных утварэнняў (напр., у бас. Дняпра і Нёмана). Глыб. лагчын 50—250 м ніжэй узроўню вады ў сучасных рэках, адзнакі макс. заглыбленняў да 120—168 м ніжэй узроўню мора; некаторыя дасягаюць крышт. фундамента і ўразаюцца ў яго да 40 м; даўж. ад соцень метраў да дзесяткаў кіламетраў, шыр. ад 0,5 да 25—30 км. Стромкасць схілаў да 30—35°. Падоўжаны профіль днішчаў няроўны. На дне і на бартах звычайна дыслакацыі, шмат адорвеняў. Ніжняя ч. разрэзу запоўнена гляцыяалювіем, марэннымі адкладамі; верхняя складзена азёрна-ледавіковымі і маладымі ледавіковымі адкладамі. Самыя глыбокія Л.л. ўтвораны беларускім (раннебярэзінскім) і бярэзінскім (познабярэзінскім) ледавікамі. Большасць лагчын аднаўлялася ў час кожнага зледзянення. На асобных участках наследаваны сучаснымі рэкамі. Л.л. з’яўляюцца сховішчамі падземных вод.
Літ.:
Горецкий Г.И. Особенности палеопотамологии ледниковых областей. Мн., 1980;
Нечипоренко Л.А. Условия залегания и тектоническая предопределенность антропогенового покрова Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.
Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш.дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЛІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўночна-заходняя частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша на З Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Мяжуе на ПнЗ, Пн і У з Полацкай, на З з Верхнебярэзінскай нізінамі. Выш. 170—220 м, найб. 239 м. Антрапагенавыя адклады (магутнасць каля 100 м) складзены з утварэнняў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Зах. схіл спадзіста спускаецца да Верхнебярэзінскай нізіны, усх. строма абрываецца да даліны р. Ушача. Ледавікова-акумуляцыйны сярэднеўзгорыста-градавы рэльеф найб. выразны на У узвышша. Марэнныя ўзгоркі (выш. да 10—15 м) выцягнуты ў выглядзе грады з Пн на Пд. Буйнаўзгорысты марэнны рэльеф (з адноснай выш. больш за 25 м) на Пн, у месцах глыбокага расчлянення паверхні лагчыннымі азёрамі. Зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорыстая, месцамі платопадобная (адносныя вышыні да 5—7 м). Часта трапляюцца камы. Паўд.ч. ўзвышша дрэніруецца р. Ушача, паўн. — яе прытокам Альзініца. Азёры Лагі і Мурагі на Пд, Вял. Уклейна, Гародна і інш. на Пн. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках. Хваёвыя і яловыя паўд.-таежныя хмызнякова-зеленамошныя, а таксама шэраальховыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Б.ч. ўзвышша разарана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ЎЛАДКАВА́ННЕ,
нацыянальная і адм.-тэр. арганізацыя дзярж. улады, характар узаемаадносін паміж дзяржавай і яе састаўнымі часткамі, паміж асобнымі часткамі дзяржавы, а таксама цэнтр. і мясц. органамі ўлады. Цесна звязана з тэр. арганізацыяй насельніцтва. Паводле формы Н.-дз.ў. ўсе дзяржавы падзяляюцца на унітарныя і федэратыўныя. Існуюць таксама розныя формы міждзяржаўнага супрацоўніцтва: канфедэрацыі, асабістыя уніі, пратэктараты, садружнасці нацый і дзяржаў, розныя гасп. і ваенна-паліт. блокі. Гл.Саюзная дзяржава.
Унітарная дзяржава — адзінае цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца, як правіла, з адм.-тэр. адзінак. Федэрацыя — форма Н.-дз.ў., якое ўяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне самастойных дзярж.утварэнняў у адну новую саюзную дзяржаву. Беларусь на шляху развіцця сваёй дзяржаўнасці зазнала некалькі форм Н.-дз.ў.: уваходжанне Полацкага і інш. княстваў у склад Кіеўскай Русі, федэратыўны статус ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, унітарызм Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, абвешчанай 30.12.1918, і знаходжанне яе з 1922 да 1991 у складзе федэрацыі — СССР. Сучасны унітарызм Рэспублікі Беларусь грунтуецца на шэрагу прынцыпаў — раўнамернасці, збалансаванасці і комплекснасці развіцця адм.-тэр. адзінак, узаемасувязі Н.-дз.ў. і сацыяльна-эканам. раянавання і інш. Н.-дз.ў. Беларусі ўключае вобласці, раёны, гарады, пасёлкі гар. тыпу, сельсаветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Касме́тыка ’касметыка’ (ТСБМ, БРС). Рус.косме́тика, укр.косме́тика. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы ў канцы XVIII ст. У рус. мове гэта слова ўпершыню згадваецца ў слоўніку 1803 г. Гл. Шанскі, 2, К, 346. Франц.cosmétique, якое было базай для рус. назвы, запазычана з грэч. мовы (κοσμητικός), дакладней, з κοσμητική (τέχνη) ’мастацтва ўпрыгожвання’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 346. Таксама з франц. мовы, відаць, запазычаны і прыметнік рус.космети́ческий (першакрыніца грэч.κοσμητικός, які потым зрабіўся базай для бел. і ўкр. утварэнняў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калада́н, колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў з суфіксацыяй ‑ан няма. Бліжэйшыя паралелі: укр.колодач ’вялікі нож’, ’нож, які носяць у ножнах па поясе’, зах.-укр.колодачик, рус.дан., тульск.колодей ’вялікі кухонны нож з драўлянай ручкай’, хоць у гэтым прыкладзе суфіксацыя не вельмі тыповая для такіх утварэнняў. Параўн., аднак, рус.смал.колодейка ’невялікі абрубак дрэва, цурбан’, дзе суфіксацыя, магчыма, генетычна суадносіцца з папярэдняй. Матывацыя ўтварэнняў празрыстая — ’нож, які ўбіваецца ў калодку’ (у адрозненне ад нажоў з тронкамі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел.сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус.сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус.сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).