КРАСНУ́ХА,

вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.

Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУ́ШКА (Людміла Іванаўна) (н. 15.6.1951, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1969), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, з 1970 у Бел. дзярж. муз. т-ры (з 1970 салістка балета, з 1990 заг. літ. часткі). У рэпертуары класічныя і характарныя партыі: Аўрора і танец Фіялкі ў класічных дывертысментах («Халопка» М.​Стрэльнікава, «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), вальс і полька («Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі), румба («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Паненка («Паненка і хуліган» Дз.​Шастаковіча), Ева, вальс («Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш» І.​Штрауса), усх. танец («Фраскіта» Ф.​Легара), Марго («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Балерына («Стойкі алавяны салдацік» С.​Баневіча) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

руб, ‑а, м.

Вузкі край або вузкі бок якога‑н. прадмета. Надарваны голас адбіваўся болем у .. [Лібіным] горле, дранцвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Гартны. — Вы-ка-най-це, кажу, гэтыя планы, — дробненька стукаў Гаруноў рубам далоні па трыбуне, — .. хопіць дзяржаве і на працадзень. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трва́лы ‘моцны, які можа вытрымаць’, трваць ‘працягвацца, існаваць (пра звычай)’, ‘быць ва ўжытку, доўга служыць (пра хамут і інш.)’ (Нас.), трва́ла пагода ‘добрае надвор’е’ (свісл., ЛА, 5), ст.-бел. трвалый ‘моцны, надзейны, стойкі’, трвати ‘трываць’ (1507 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trwały ‘моцны, устойлівы, сталы’, ад trwać ‘трываць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197). Параўн. таксама трыва́лы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,

адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гарто́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Высокага гарту. Гартоўная сталь. / у перан. ужыв. Песні дай у горны! Трэба і іх напаліць дачырвона, Каб вораг не мог іх таптаць больш нагамі, Каб, ударыўшы словам гартоўным, Адказваў полымем камень. Танк.

2. перан. Стойкі, вынослівы. [Вардомскі] з цікаўнасцю выслухаў.. мае пераказы назіранняў за Паўлам Пятровічам. — Гартоўны стары... Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Тое, чым абвязана што‑н.; павязка. [Дзямід Сыч:] — За малочнай фермай вецер ужо сарваў абвязку з чатырох шафранаў. Паслядовіч.

2. Спец. Прыстасаванне для змацавання частак якіх‑н. канструкцыі, пабудоў і пад. Я падыходзіў да стойкі на пліце, мацаю леваю рукою абвязку, ці добра пагаблявана. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акраба́тыка

(гр. akrobatikos = які лазіць угары)

1) від спорту, які ўключае скачкі, стойкі, піраміды і іншыя фізічныя практыкаванні; спартыўная а.;

2) від фізічных практыкаванняў накшталт гімнастычных;

3) жанр цыркавога і эстраднага мастацтва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.

Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.

Кавальскі інструмент для ручной коўкі: 1 — кувалда; 2 — барадок; 3 — кавадла; 4 — ручнік; 5 — зубіла; 6 — малаток; 7 — сякера па метале; 8 — абціскачка; 9 — падбойнік; 10 — клешчы.
Кавальскі інструмент для машыннай коўкі: 1, 2, 3 — плоскія, выразныя і закругленыя байкі; 4 — абціскачка; 5 — пераціскачка; 6 — патрон; 7 — раскаткі.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),

гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)