РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

о́нікс

(гр. onyks = ногаць)

мінерал класа сілікатаў, разнавіднасць агату, у якім чаргуюцца слаі чорнай і белай афарбоўкі; выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,

зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЛАСЦЬ,

1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.

2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.

3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл. Мяжа аселасці.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫ ў раслін,

канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл. Дэндракліматалогія).

Гадавыя кольцы на папярочным зрэзе ствала хвоі звычайнай.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФО́БНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

тонкія слаі нязмочвальных вадой рэчываў на паверхні гідрафільных матэрыялаў (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць) для аховы металаў, драўніны, пластмас, скуры, тканых і нятканых матэрыялаў ад разбуральнага ўздзеяння вады або намакання. Гідрафобныя пакрыцці ў выглядзе слаёў таўшчынёй у адну малекулу або плёнак тыпу лакавай атрымліваюць апрацоўкай матэрыялу растворамі, эмульсіямі або парай гідрафабізатараў — рэчываў, якія слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой, але моцна трымаюцца на паверхні. Напр., солі тлустых кіслот і металаў (медзі, алюмінію, цырконію і інш.), і інш. паверхнева-актыўныя рэчывы, крэмній- і фторарганічныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, буд-ве, тэкст. вытв-сці.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМАЛЁЎКА ў жывапісе

(пераважна алейным),

падрыхтоўчы этап работы над карцінай. Звычайна на стадыі П. ў адным тоне прапрацоўваюць светлаценем аб’ёмы прадметаў ці фігур, што адлюстроўваюцца (цені цёмнымі тонамі, асветленыя часткі — светлымі). Выконваецца ў 2 і больш колерах з разлікам на прасвечванне праз тонкія слаі фарбаў, якія накладваюцца на завяршальным этапе работы (гл. Лесіроўка). У алейным жывапісе эпохі Адраджэння П. часта выконвалі тэмперай. Шматслаёвы жывапіс з П. і лесіроўкамі быў пашыраны да сярэдзіны 19 ст., потым выцеснены жывапісам alla prima (выкананне карціны або фрагмента ў адзін сеанс).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ламіна́рны

(ад лац. lamina = пласцінка, палоска)

слаісты, плоскі;

л. рух вадкасці — рух, пры якім слаі вадкасці цякуць паралельна, не змешваюцца (параўн. турбулентны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэламіна́цыя

(ад лац. delaminare = дзяліць на слаі)

адзін з шляхоў утварэння гаструлы, пры якім клеткі зародка дзеляцца ў напрамку, паралельным яго паверхні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗЯМНА́Я КАРА́,

верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)