БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (літ.псеўд.Аскольдаў) Сяргей Аляксеевіч
(1870 — 23.5.1945),
расійскі філосаф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Да сярэдзіны 1920-х г.праф.Політэхн. ін-та (Петраград). У 1921 заснаваў тайнае рэліг.-філас.т-ва (у 1926 перайменавана ў «Брацтва св. Серафіма Сароўскага»). У 1928 арыштаваны і сасланы ў Комі АССР. З 1935 жыў у Ноўгарадзе. Пасля Вял.Айч. вайны эмігрыраваў у Германію. Аўтар кн. «Крытыка дыялектычнага матэрыялізму», у якой развіваў вучэнне аб трансцэндэнтальнасці прадмета ведаў, сімвалічнасці пазнання, крытыкаваў уяўленні аб суб’екце пазнання за яго «безаблічнасць» і падмену індывід. разумення. У аснове яго анталогіі вучэнне пра ўзаемадзеянне душ.
Тв.:
Основные проблемы теории познания и онтологии. Спб., 1900;
Мысль и действительность. М., 1914;
Сознание как целое: Психол. понятие личности. М., 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),
удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ (Аляксандр Міхайлавіч) (1885, в. Астраўляны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 30.1.1941),
прафесійны рэвалюцыянер. З 1904 чл.РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1906 чл. Пецярбургскага к-таРСДРП, у 1907—09 чл. яго выканаўчай камісіі. Удзельнік V Усерас.парт. канферэнцыі (Парыж, 1908). У 1909 арыштаваны і сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Верхнеудзінскага (з 1934 Улан-Удэ) Савета. З 1918 старшыня Рэўтрыбунала Прыбайкалля. Пасля захопу Забайкалля белагвардзейцамі эмігрыраваў у Манголію, потым у Кітай. Адзін з кіраўнікоў разгрому войск Унгерна. У 1921 эмісар Далёкаўсх. Рэспублікі ў Прыбайкаллі, сакратар Далёкаўсх. Бюро ЦК РКП(б). З 1922 старшыня Нар. сходу Далёкаўсх. Рэспублікі, пазней нам. наркома гандлю РСФСР. У 1933—41 нам.гал. арбітра РСФСР. Аўтар кн. «Шлях рабочага» (1934).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНШТЭ́ЙН (Арон Ісакавіч) (парт.псеўд.Рахміэль, Рахмілевіч; 23.11.1877, Вільня — 1938),
удзельнік рэв. руху. Скончыў Віленскі яўр. настаўніцкі ін-т (1897). З 1897 чл. Бунда, з 1901 чл. яго ЦК, у 1917—21 старшыня ЦК Бунда. Неаднаразова арыштоўваўся царскімі ўладамі, у 1914—17 сасланы ў Сібір. З 1917 чл. выканкома Мінскага гар. Савета, старшыня Мінскай гар. думы. Ад імя Бунда падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР (31.7.1920). У 1920 чл.ВРКБССР. Пасля 2-га Усебел. з’езда Саветаў (снеж. 1920) старшыня Саўнаргаса БССР. У 1921 чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 у Кіргізіі. З 1923 чл. калегіі Наркамфіна СССР, нач.Гал. ўпраўлення дзярж.фін. кантролю. У 1938 рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬКО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),
дзеяч бел.нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводле інш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЗАН ((Korzon) Тадэвуш Сільвестр) (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),
польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз.чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.
Тв.:
Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.
Літ.:
Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел.АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г.Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст.Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ВІЧ (Павел Паўлавіч) (1821, в. Багон Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),
публіцыст і паэт. Вучыўся ў Слонімскім пав. вучылішчы (1833—37). У пач. 1850-х г. пераехаў у фальварак Падгор’е (Мінскі р-н). Працаваў у Мінскім губ. праўленні, з 1860 рэдактар «Минских губернских ведомостей» і адначасова нач. газетнага стала. З 1863 міравы пасрэднік па Навагрудскім пав. Звольнены з пасады і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Арэнбург. Аўтар рамант. паэмы «Спеў зорцы» (на польск. мове), артыкулаў і карэспандэнцый аб грамадска-культ. жыцці Мінска. Адзін з першых выступіў у друку ў абарону бел. мовы; даў водзыў на «Гапона» і «Вечарніцы» В.Дуніна-Марцінкевіча («Dziennik Warszawski», «Варшаўскі дзённік», 1855), заклікаў інтэлігенцыю Міншчыны актыўна вывучаць родны край. Сябраваў і перапісваўся з У.Сыракомлем.