МІДХА́Т-ПАША́ ((Midhat Paşa) Ахмет) (18.10.1822, Стамбул — 10.4.1883, па інш. звестках 7 альбо 8.5.1884),

турэцкі дзярж. дзеяч. Ген.-губернатар Дунайскага (1864—68) і Багдадскага (1869—72) вілаетаў, праводзіў рэформы з мэтай пераадолення эканам., паліт. і культ. адсталасці Асманскай імперыі пры захаванні тур. панавання над падняволенымі народамі. Вял. візір у 1872 і 1876—77. У маі 1876 удзельнічаў у звяржэнні султана Абдул-Азіза. Супрацоўнічаў з «Новымі асманамі», распрацаваў сумесна з Намык Кемалем першую тур. канстытуцыю (прынята 23.12.1876). У лют. 1877 адхілены султанам Абдул-Хамідам II ад пасады і высланы ў Еўропу. У 1878 вярнуўся, у 1881 арыштаваны па абвінавачанні ў забойстве Абдул-Азіза і сасланы ў Таіф (Аравія), дзе быў забіты.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)