шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., каго-што.

1. Надаць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змясціць куды‑н. у такім становішчы. Раненага асцярожна паклалі на зямлю, падаслаўшы коўдру. Якімовіч. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла і загадаў: — Ану! Курто. Праз якіх пяць хвілін Аксану, укручаную ў коўдру і падушкі, паклалі ў сані. Скрыпка. // Улажыць спаць, адпачываць. У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей. Танк. За тонкаю перагародкаю ў большай палавіне [хаты] скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка. Адамчык. // Прымусіць праціўніка ўпасці на зямлю пры дужанні. Пакласці праціўніка на спіну з аднаго маху. // перан. Разм. Забіць, знішчыць. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх [легіянераў]. Грахоўскі.

2. Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Пакласці грошы ў кішэню. □ Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч. У хату зайшоў бацька, няспешна паклаў сякеру пад лаўку, падышоў да сына, паціснуў руку. Новікаў. — Рукі ўверх! — і на курок Палец свой паклаў стралок. А. Александровіч. // Перастаць карыстацца якім‑н. інструментам, прадметам, адлажыць яго ўбок. Стары прыціскаў да .. [тачыла] іржавае жалеза. Костусь міргнуў хлопцу. Той пакінуў круціць. Стары паклаў жалеза і абцёр рукі. Чорны. // Змясціць для зберажэння, зрабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Пакласці грошы ў ашчадную касу. // Адправіць, змясціць у клініку, шпіталь і пад. [Шаховіч:] — Ты ж, мусіць, чуў, што Захарэвіча ў бальніцу паклалі? Абмарозіўся на тваёй машыне. Мяжэвіч.

3. Тое, што і палажыць (у 2 знач.).

4. Зрабіць знак, пакінуць адбітак чаго‑н. Выбегшы з-за невялікай хмары, сонца зноў паклала на ціхую раку цені прыбярэжных вербаў. Рылько. // перан. Уздзейнічаць, зрабіць вялікі ўплыў; пакінуць след. Падаюць гнілі падпоры — Часы паклалі свой знак. Колас. Ваеннае становішча паклала на жыццё свой адбітак. Сяргейчык.

5. Налажыць ежы, корму. Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну. Ваданосаў. [Іван:] — Коням, мабыць, трэба пакласці нешта ў жалабы, ці можа на пашу весці? Чарнышэвіч.

6. Тое, што і палажыць (у 3 знач.).

7. Знесці (яйцы), каб вывесці патомства. Самачка паклала ў.. [гняздо] чатыры рабенькія яечкі і села іх наседжваць. Ігнаценка.

8. перан. Аддаць, патраціць. — Шмат працы паклаў Адам Васільевіч у справу аднаўлення роднага калгаса. Кавалёў. [Гарасім:] — Прыйшлі [людзі] на карчы, імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі, дык дзе ты цяпер пакінеш, гэта ўжо ўсё.., як сваё. Скрыган.

9. З назоўнікамі «пачатак», «канец», «аснова» і г. д. утварае спалучэнні, якія маюць значэнне: зрабіць тое, што азначаюць гэтыя назоўнікі. Пад баявым дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Маркс і Энгельс паклалі пачатак арганізаванаму камуністычнаму руху. «Звязда». Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала канец прыгнечанню народаў старой Расіі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не мае станоўчых якасцей, не адпавядае патрабаванням; які адмоўна ацэньваецца. Зямля тут благая, пясчаная, і вельмі мала яе. Брыль. Не так баяліся [парабкі] работы, як таго, што харч дужа благі. Чарнышэвіч. Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым. Сіняўскі. // Які не валодае майстэрствам у чым‑н.; недастаткова ўмелы. [Госці:] — Танцор з цябе, відаць, зусім благі! Корбан.

2. Які не адпавядае патрабаванням маралі; дрэнны ў маральных адносінах. [Капітан:] — Ясна: звязаўся [Віця], відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай. Якімовіч. [Мікола:] — Таццяна Марыч?.. Так... Яна папала пад благі ўплыў. Глебка. Шукаць паляўнічага .. [Валодзя] не будзе: гэта благі чалавек, калі страляў у лася... Ваданосаў. // Які заслугоўвае асуджэння, выклікае нездавальненне; дрэнны (пра справы, учынкі, думкі і пад.). Ды яшчэ хлопчык спадзяваўся, што дзед ужо забыў пра яго благі ўчынак. Рылько. Мыслі добрыя, благія мне адкрыты. Дзяргай. [Хаценчык:] — Ніхто слова благога не скажа пра маю службу. Вітка. Суседкі разносілі аб .. [Мар’яне] благую славу ведзьмы-шаптухі. Бядуля. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было. Колас. Я не чуў благога пра суседзяў, З імі жыў спакойна, мірна год. Прануза.

3. Непрыемны для іншых (пра манеры, характар і пад.). Благі характар. □ Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць. Якімовіч. Апроч благое манеры нявечыць гаворку, людзі ў Пракопа болей і не знайшлі перамен. Вітка.

4. Нездаровы; з хваравітым выглядам, худы. Як незнаёмы [Адам] ўсё роўна. Але ж нешта з твару благі. Худы. Вышынскі. // Шкодны для здароўя. — А ў нас асабліва клімат благі, — націснуўшы на слове «клімат», шырока ўсміхаючыся адказаў незнаёмы. Гурскі.

5. Які не абяцае нічога добрага; несуцяшальны. І сніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён. То курыца запяе. То люлька з губ выпадае. Бядуля. [Хлопцы:] — Чаго гэта ты, Макар, як сам не свой? Мо з дому якая благая вестка прыйшла? Сабаленка. Не трэба журыцца, навошта благія здагадкі, Галіна. Вялюгін. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. [Марыля:] Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім [Лявонам], барані божа, чаго благога не сталася. Купала. // Невясёлы, смутны (пра настрой). [Ліст:] — Настрой, вы кажаце, у вас благі? Прызнацца, мой ад вашага не лепшы. Дубоўка. // Цяжкі, безвыходны.

6. Недастатковы для якой‑н. мэты, у якіх‑н. адносінах. Хаты Манька не манілася прадаваць, хоць купцы здараліся і грошы давалі не благія. Пташнікаў. // Такі, на якога нельга спадзявацца; ненадзейны. [Маці:] — Вось гэта [не даць спісваць] і будзе па-сяброўску. А так благі з цябе сябра! Гамолка. [Турава:] — Злосць, Стэфачка, благі дарадчык. Савіцкі.

7. Які выклікае агіду; гадкі, непрыстойны (пра выразы, словы). Дома, напрыклад, у мяне ніколі не зрывалася з языка благое слова. Ляўданскі.

•••

Благія вочы гл. вока.

Благі час гл. час.

На благі канец гл. канец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)