ДАДЗІЁМАВА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 5.8.1955, г. Гомель),

бел. гісторык музыкі. Канд. мастацтвазнаўства (1990). Дачка У.Дадзіёмава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 у Мінскім ін-це культуры, з 1993 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. Даследуе гісторыю муз. культуры Беларусі 17—19 ст. Аўтар манаграфіі «Музычная культура гарадоў Беларусі ў XVIII ст.» (1992), навуч. дапаможніка «Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.» (1994), брашуры «Восіп Казлоўскі» (1995), укладальнік рэпертуарных зб. «Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.» (1990; 1991, і аўтар уступнага арт.), зб. «Помнікі музычнай культуры Беларусі» (1995, вып. 2) і інш. Выявіла больш за 50 помнікаў айч. муз. мастацтва, у т. л. оперу «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда на лібр. М. Радзівіла. З 1995 аўтар і вядучая цыкла перадач «Галасы мінуўшчыны» Бел. тэлебачання.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),

польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філарэтаў. З 1832 рэдактар сатыр. час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.​Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.​Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клясці́, кляну, клянеш, кляне; клянём, кленяце; пр. кляў, ‑ла, ‑ло; незак., каго-што.

Пасылаць праклёны; праклінаць. Клясці цяжкі лёс. Клясці пана. □ — Каб ты здох праз ноч! Каб табе дзюба адсохла! — бывала кляне .. [Васілька], як толькі бусел заклякоча. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пане́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Незамужняя дачка пана. [Вашамірскі] жыў з трыма незамужнімі дочкамі, якіх у нас звалі паненкамі. Бядуля.

2. Уст. Маладая дзяўчына. Сястру.. [Казік] пакінуў цыбатым падлеткам, а цяпер, выходзіць, паненка. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясля́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Выконваць цяслярскія работы, займацца рамяством цесляра. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба. Брыль. Мала каму верылася, што толькі год таму, як .. [Кандрат] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е; незак.

1. на што, чым і без дап. Быць хворым на якую-н. хваробу.

Х. на туберкулёз.

Х. шкарлятынаю.

Ён доўга хварэў.

2. перан., за каго-што. Трыво́жыцца, непакоіцца аб кім-, чым-н.

Х. за работу.

3. на што. Мець дрэнную схільнасць да чаго-н.

Х. на гультая.

4. перан., за каго-што. Хвалявацца за чые-н. поспехі (спартсмена, спартыўнай каманды, артыста і пад.; разм.).

Х. за сваю каманду.

◊

Хварэць на пана —

1) доўга спаць, вылежвацца;

2) весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычкі, імкненне да раскошы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ра́нкам, прысл.

У ранішні час; уранку, раніцай. І рупіць гэта паляванне, А заўтра ранкам у світанне Яму [Міхалу] падводзіць трэба пана. Колас. Устаючы ранкам, ужо колькі разоў Юлечка парывалася сама прыбраць пасцель, на якой спала разам з маці. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗО́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (10.8.1895, г. Палтава, Украіна — 22.7.1958),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У гумарыстычных і сатыр. апавяданнях і фельетонах (першы зб. «Апавяданні Назара Ільіча, пана Сінябрухава», 1922) стварыў тыповы для тых часоў вобраз абывацеля-прыстасаванца. Камізм сітуацый падкрэслівае трагізм тагачаснага існавання ў аповесцях «Мішэль Сінягін» (1930), «Вернутая маладосць» (1933), «Гісторыя аднаго жыцця» (1934). Самааналізам і філасафічнасцю прасякнута аповесць-эсэ «Перад усходам сонца» (ч. 1. «Ключы шчасця», 1943, ч. 2 «Аповесць пра розум», апубл. 1972). За апавяданне «Прыгоды малпы» (1945) выключаны з Саюза пісьменнікаў (адноўлены ў 1953). Аўтар камедый «Небяспечныя сувязі», «Парусінавы партфель» (абедзве 1939), біягр. аповесцей «Керанскі» (1937) і «Тарас Шаўчэнка» (1939). Творы З. на бел. мову пераклалі Я.​Скрыган, В.​Рабкевіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1986—87.

Літ.:

Старков А.Н. Михаил Зощенко: Судьба художника. М., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.М.Зошчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

згуртава́цца, ‑туецца; зак.

1. Упрытык наблізіцца адзін да аднаго, сабрацца ў гурт. Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Колас.

2. перан. Аб’яднацца; дасягнуць аднадушша ў поглядах, у дзеяннях. Загартаваныя ў колішняй падпольнай барацьбе нашы людзі згуртаваліся яшчэ больш. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)