ГУЛА́Й (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.1.1958, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1983 выкладчык Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага. Працуе пераважна ў камерна-інстр. і вак. жанрах. Асн. творы: кантаты «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1981), «Заўсёды ў страі» (1987), «Матчыны песні» на словы Р.​Барадуліна (1991); 3 канцэрты для інструментаў з арк. (1993—97); паэма «Палессе» (1988), сюіта «Бацькаўшчына» і муз. замалёўка «Незнаёмая восень» (1991) для сімф. аркестра; фантазія на бел. тэмы для цымбальнага аркестра (1985); камерна-інстр. («Камерная музыка» для драўляных духавых, 1991), эстрадная музыка, хары, песні і інш. творы.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАВА (Ірына Мікалаеўна) (н. 10.9.1951, г. Гомель),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з мужам А.Двараніным). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыптых «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.-навук. установы, «Песня пра зубра» (1995) для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Кветкавая кампазіцыя» (1996) і інш. Творчая манера адметная вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыянальнай выразнасцю, паэт. светаўспрыманнем.

Т.​Ф.​Літвінава.

І.Данілава Кветкавая кампазіцыя. 1996.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.​Ф.​Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),

гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел. манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Карніз.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст. Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус. геагр. т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчы св. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНІК (Уладзімір Іванавіч) (н. 28.4.1949, г. Жыткавічы Гомельскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас А.Багатырова). У 1979—84 заг. муз. часткі Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Асн. творчыя дасягненні ў масавых жанрах, у музыцы для дзяцей. Сярод твораў: кантата «На магіле партызана» на словы К.​Кублінскага і сімфонія (1975), сімф. паэма «Сказ пра Палессе» (1990), сюіты для фп. (1990), трубы і фп. (1992), габоя і фп. (1993), прэлюдыя і фуга для квартэта драўляных духавых інструментаў (1977), Дзіцячая сюіта і струнны квартэт (1978), прэлюдыі (1979), «Школьны сшытак» (1980) для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і радыёпастановак. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Р.​М.​Аладава.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́РЫК (Яўген Рыгоравіч) (н. 2.12.1924, г. Пржавальск, Кыргызстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас А.Багатырова), з 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. жанры творчасці камерна-інстр. і камерна-вакальныя. Сярод твораў: кантата «Радзіма» на словы Я.​Коласа (1954), «Карнавальная сюіта» (1959), паэмы «Мора», «Світанне» (1960), «Палессе» (1962) для сімф. арк.; рапсодыя на тэмы бел. нар. песень для цымбалаў з арк. (1962), уверцюра (1964), «Беларуская сюіта» (1964); п’есы для аркестра бел. нар. інструментаў; камерна-інстр. ансамблі і п’есы; вак. цыклы на словы М.​Багдановіча, Ш.​Пецёфі, А.​Міцкевіча, М.​Хведаровіча; хар. цыкл «Ляцяць песні над Белай Руссю» на словы нар. і Я.​Купалы.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1938—54. Утворана 15.1.1938. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 26 тыс. км², нас. 680 тыс. чал. (1941). Уключала 17 раёнаў: Акцябрскі (утвораны 28.6.1939; з 20.9.1944 з Глускім і Парыцкім р-намі ў складзе Бабруйскай вобл.), Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі (утвораны 3.7.1939), Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; гарады Калінкавічы, Мазыр (з 17.3.1938 у абл. падпарадкаванні), Петрыкаў; гар. пасёлкі Брагін, Глуск, Ельск, Жыткавічы, Капаткевічы, Лельчыцы, Нароўля. Парычы, Тураў, Хойнікі, рабочыя пасёлкі Капцэвічы, Пастала, Пціч. Выходзіла газ. «Савецкае Палессе» (да 1952 «Бальшавік Палесся»). Пасля скасавання 8.1.1954 тэр. П.в. далучана да Гомельскай вобл.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)