КРАІНАЗНА́ЎСТВА,

геаграфічная дысцыпліна, якая комплексна вывучае мацерыкі, краіны і рэгіёны з мэтай выяўлення на пэўных тэрыторыях агульных заканамернасцей, абумоўленых фіз. і эканам. геаграфіяй. Вылучаюць 2 кірункі К.: фіз.-геагр. і эканоміка-геаграфічны. Грунтуецца на звестках геамарфалогіі, геалогіі, кліматалогіі, гідралогіі, геаграфіі расліннага і жывёльнага свету, глеб, насельніцтва, прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту, паліт., сац.-эканам. геаграфіі і інш.

К. ўзнікла з практычных патрэб людзей у звестках пра розныя краіны. Першыя краіназнаўчыя працы стварылі стараж.-кіт. (з 7 ст. да н.э.) і стараж.-грэч. вучоныя (Герадот у 5 ст. да н.э., Страбон у 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Для расійскага К. вял. значэнне мелі працы, складзеныя пад рэд. П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага. «Жывапісная Расія» (т. 1—12, 1881—1885), у т. л. т. 3 пра Беларусь, напісаны А.К.Кіркорам («Літоўскае Палессе, Беларускае Палессе», 1882); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны» (т. 1—19, 1899—1914), у т. л. т. 9, прысвечаны Беларусі («Верхняе Падняпроўе і Беларусь»), У 1930—60-я г. вял. ўклад у развіццё К. ў СССР зрабіў М.М.Баранскі, які распрацаваў метадалагічныя асновы, сфармуляваў задачы і даў узорную структуру краіназнаўчых прац.

На Беларусі да ліку першых краіназнаўчых прац належаць кнігі П.М.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1858), А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (1919). Краіназнаўчую характарыстыку замежных краін упершыню ў бел. геаграфіі зрабілі М.В.Азбукін («Геаграфія Еўропы», 1924) і Смоліч («Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў», 1925). Найб. значныя працы па бел. К.: «Геаграфія Беларусі» (1965), «Беларусь» (1967) з серыі «Савецкі Саюз», «Рэспублікі Прыбалтыкі. Беларусь. Украіна. Малдова» (1984) з серыі «Краіны і народы».

В.П.Якушка.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)