ЛЮ́СІД ((Lusid) Шэнан) (н. 14.1.1943, г. Шанхай, Кітай),

касманаўт ЗША. Д-р біяхім. н. (1978). З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. У 1995 прайшла падрыхтоўку ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​Гагарына. Здзейсніла 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 17—24.6.1985 — на КК «Дыскаверы», 18—23.10.1989 і 2—11.8.1991 — на КК «Атлантыс», 18.10—1.11.1993 — на КК «Калумбія», 22.3—29.9.1996 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правяла 223,17 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Ш.Люсід.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ КАЙЧЖЫ́ (каля 344, г. Усі, Кітай — каля 406),

кітайскі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Яго творчасць увасабляе канфуцыянскія ідэі маральнага ўдасканалення (гл. Канфуцыянства). Скруткі Гу Кайчжы, вядомыя па пазнейшых копіях, складаюцца з асобных дыдактычных паводле зместу жанравых сцэн (часам на фоне пейзажу); павольная рытміка ліній звязвае вытанчана акрэсленыя фігуры ў выразныя групы («Павучанне прыдворным дамам», 9 жанравых сцэн, копія 6 ст.; цыкл «Легенда пра фею ракі Ло», копіі 10—11 ст.).

Гу Кайчжы. Павучанне прыдворным дамам. Скрутак на шоўку. Фрагмент. Копія 6 ст.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ЯН (Lee Yuan) Юань Цзелі(н. 19 11.1936, г. Сіньчжу, Кітай), амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1979). Скончыў Нац. Тайваньскі (1959) і Каліфарнійскі ун-ты (1965), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Даследаваў шырокі клас рэакцый з удзелам свабодных атамаў фтору, вадароду, кіслароду, бору і інш., дынаміку элементарных працэсаў дэйтэрыравання, галагеніравання арган. злучэнняў, акіслення шматлікіх рэчываў. Развіў прынцыпова новыя ўяўленні аб механізме хім. рэакцый. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Д.Хершбахам і Дж.Полані).

Б.​В.​Корзун.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО ЦЗЮІ́, Бо Лэцянь,

Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846),

кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1840—42 (т.зв. першая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі супраць Кітая з мэтай захапіць рынак і дамагчыся паліт. ўплыву на Кітай. Зачэпкай да яе стала знішчэнне кіт. урадам вял. партыі кантрабанднага опіуму, канфіскаванага ў замежных гандляроў. Летам 1840 англ. войскі блакіравалі з мора кіт. парты, захапілі в-аў Сянган (Ганконг) і ў жн. 1842 наблізіліся да Нанкіна. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 Англія атрымала в-аў Ганконг, значную кантрыбуцыю, 5 партоў Кітая сталі адкрытымі для англ. гандлю. Вайна была пачаткам ператварэння Кітая ў паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРА́НКА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1856—60 (т.зв. другая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі і Францыі супраць Кітая. Выкарыстаўшы грамадз. вайну ў Кітаі, Англія ў кастр. 1856 пачала супраць яго ваен. дзеянні. На пач. 1857 да яе далучылася Францыя. У канцы 1857 англа-франц. войскі захапілі Гуанчжоў (Кантон), у 1858 порт Дагу. Пагражаючы наступленнем на Цяньцзінь і Пекін, Англія і Францыя прымусілі кіт. ўрад падпісаць кабальныя Цяньцзінскія дагаворы (1858). Праз год яны аднавілі ваен. дзеянні, у 1860 захапілі Цяньцзінь, Пекін. Пекінскія дагаворы 1860 ператваралі Кітай у паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.​В.​Прытыцкага.

Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛУ́КІ,

цюркскае племя, якое складалася з 3 родаў. Узвысілася ў 8 ст. пасля распаду Цюркскага каганата. Займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, паступова пераходзіла да аселага земляробства. Насялялі тэр. ў Сямірэччы ўздоўж караваннага шляху з Сярэдняй Азіі ў Кітай. У 757—766 занялі ўсю тэр. дзяржавы цюргешаў. Правіцелі К., якія насілі тытул ябгу, зрабілі сваёй сталіцай г. Суяб (на р. Чу) і правілі тут да 940, потым цэнтр перанесены ў г. Кайлык (даліна р. Ілі). У 861 авалодалі Кашгарыяй. У 10 ст. ўвайшлі ў склад Караханідаў дзяржавы. У 960 прынялі мусульманства.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНКІ́НСКІ ДАГАВО́Р 1842.

Падпісаны 29.8.1842 у г. Нанкін (Кігай) прадстаўнікамі кіт. і брыт. ўрадаў аб сканчэнні англа-кітайскай вайны 1840—42. Першы з серыі нераўнапраўных дагавораў паміж Кітаем і развітымі дзяржавамі Захаду. Паводле Н.д. кіт. ўлады адчынялі для англ. гандляроў парты Гуанчжоў, Сямынь (Амой), Фучжоў, Нінбо і Шанхай; усталёўваліся выгадныя для брыт. падданых мытныя падаткі; в-аў Сянган (Ганконг) адыходзіў да брыт. кароны. У 1843 Вялікабрытанія прымусіла Кітай падпісаць дадатковае пагадненне да Н.д., паводле якога атрымала правы на канцэсіі і экстэрытарыяльнасць для сваіх грамадзян у Кітаі.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),

кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.

Літ.:

Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)