ВІСКО́ЎСКІ (Станіслаў Іванавіч) (12.2.1839, Варшава — ?),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З 1858 вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, адзін з кіраўнікоў рэв. студэнцтва. У жн. 1861 удзельнічаў у с.-г. з’ездзе ў Горках. З сак. 1863 паўстанцкі начальнік г. Горкі. У ноч на 6.5.1863 паўстанцы на чале з Л.М.Звяждоўскім і Віскоўскім захапілі Горкі. Удзельнічаў у баявых дзеяннях Горацкага паўстанцкага атрада. Пераканаўшыся ў бесперспектыўнасці ўзбр. паўстання, склаў зброю. У час следства знаходзіўся ў Магілёве і Вільні. Смяротны прыгавор заменены 12-гадовай катаргай у Сібіры. У канцы 1870-х г. жыў у Іркуцку.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОСЬ ЦЯПЕ́Р ЯКІ́ ЛЮД СТАЎ»,
бел ананімная вершаваная гутарка 1-й пал. 19 ст. Месца і час напісання невядомыя. Знойдзена І.Насовічам на Мсціслаўшчыне ў 1848 і апублікавана ім у 1873. Адлюстроўвае ломку патрыярхальнага побыту ў сувязі з выспяваннем капіталіст. адносін. Прасякнута непрыняццем маралі, заснаванай на чыстагане, адмаўленнем грамадства, дзе ўсё купляецца за грошы. У гутарцы асуджаюцца разбурэнне сям’і, адчужанасць людзей, прагнасць і жорсткасць багацеяў, хабарніцтва чыноўнікаў, несправядлівасць царскіх судоў. Выйсце аўтар наіўна бачыў у духоўным удасканаленні на аснове хрысціянскай маралі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЙДЭ (Аскар) (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,
цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел. дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.Сыракомля і В.Каратынскі.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯЖДО́ЎСКІ (Людвік Міхайлавіч) (снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.Серакоўскім і Я.Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНКО́ВІЧ (Фелікс Паўлавіч) (2.11.1842, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 7.4.1910),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў Пружанах, Беластоку і ў Пецярбургскім ун-це, удзельнічаў у студэнцкім руху. З жн. 1862 за мяжой, зблізіўся з польскай дэмакр. эміграцый, з А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым. Удзельнік марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі ў Літву. З ліп. 1863 у Вільні, памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, сакратар Выканаўчага аддзела Літвы. 7.8.1863 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага 12-гадовай катаргай у Сібіры. З 1880-х г. на радзіме.
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд. Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.
Г.В.Кісялёў.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
даве́рху, прысл.
Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.
•••
Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрэ́шты,
1. супраціўны злучнік. Злучае сказ (ці яго частку), які абмяжоўвае выказаную думку, сцвярджэнне; адпавядае па значэнню словам: «аднак», «усё ж». У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх. Навуменка.
2. у знач. пабочн. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць, хістанне пры выказванні. Аднак дарэмна паўстанцы Літвы (як, зрэшты, і царскія ўлады) чакалі прыбыцця судна. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)