Стакало́с ‘каласоўнік’ (стол., лельч., жытк., мазыр., Расл. св.; ЛА, 1), стоколо́с, стоколо́са ‘гірса’ (ТС), укр. стоко́лос, рус. стоко́лос, польск. stokłos, чэш. stoklosa, славац. stoklas, серб.-харв. сто̀класа, славен. stóklas. Прасл. *stokolsъ; ад сто і колас (Міклашыч, 335; Фасмер, 3, 764). Махэк₂ (579) заўважае, што лічэбнік сто не мае канкрэтнага значэння, абазначае толькі вялікую колькасць каласкоў у гэтай расліны ў параўнанні з адным коласам культурных збожжавых раслін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сузо́р’е ’ўчастак зорнага неба, група зорак, аб’яднаных агульнай назвай’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Да су- і зара, зорка; калька т. зв. еўрапейскіх культурных слоў, параўн. укр. сузі́рʼе ’тс’, рус. созве́здие, чэш. souhvězdí, славац. súhvezdie, славен. sozvezdje, серб.-харв. са̀звежђе, балг. съзве́здие, макед. созвездие, што калькуюць лац. constellatio ’ўзаемнае размяшчэнне нябесных цел’. Гл. ESSJ SG, 1, 240; Борысь, Prefiks., 117. Да семантыкі параўн. польск. gwiazdozbiór ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),

рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.​М.​Горкага АН СССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.

Тв.:

Славянские литературы. М., 1973.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),

англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн. навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.

П.​І.​Лабанок.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯЎЛЕ́ВІЧ Фама, бел. пісьменнік і педагог 1-й пал. 17 ст. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, у Ягелонскім ун-це (Кракаў, сярэдзіна 1620-х г.). У канцы 1620 — пач. 1630-х г. рэктар Кіеўскай брацкай школы. З 1632 педагог у магілёўскім, у 1640-я г. ў слуцкім брацтвах. Аўтар паэмы «Лабірынт» (Кракаў, 1625, на польск. мове). У паэме, прасякнутай ідэямі асветніцтва, услаўляў неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, асвету, навуку, заклікаў да адзінства слав. народаў у грамадска-паліт. і культ. жыцці. Твор І. — узор экспрэсіўна-метафарычнай паэзіі барока.

Літ.:

Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр., Мн. 1983. Вып. 2.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),

метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.

Літ.:

Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;

Биоиндикация и биомониторинг. М., 1991.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВО́НЯ (Paeonia),

род кветкавых раслін сям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на З Паўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).

Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.

Півоня: 1 — Амабіліс Супербісіма; 2 — Андрэ Лар’е; 3 — Мадам Рузвельт; 4 — Фестыва Максіма.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

патэрналі́зм

(англ. paternalism, ад лац. paternus = бацькоўскі)

1) від дабрачыннасці, які выяўляецца ў клопаце кіраўніцтва ўстановы або прадпрыемства аб бытавых і культурных умовах падначаленых;

2) апека буйных дзяржаў пад больш слабымі краінамі, калоніямі, тэрыторыямі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)