пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капо́т 1 ’капота, верхняе адзенне’ (мсцісл. Бяльк.), капота ’верхняе (святочнае) адзенне’ (Шат., Шпіл.; паўд.-усх., КЭС), ’род верхняга адзення’ (Гарэц., Бес.); ’жакет, фуфайка, халат’ (астр., смарг.), раг., паст. (Сл. паўн.-зах.), ’плашч з даматканага сукна’ (Сцяц., зэльв.), ’доўгая верхняя мужчынская вопратка з даматканага сукна’ (Сцяшк.), ’шляхецкі шарак з металічнымі гузікамі’ (гродз. Нар. сл.), ’кароткае самаробнае і паношанае верхняе адзенне’ (клец. Нар. лекс.), ’дзіцячае або жаночае адзенне накшталт паліто’ (дзярж., Нар. сл.), ’сукенка з рукавамі’ (ст.-дар., Нар. сл., ТСБМ), капот ’тс’ (браг. З нар. сл.), драг. ’сукенка для дзіцяці’ (Сл. паўн.-зах.). З франц. capote ’плашч з капюшонам’, ’жаночы капялюш’ праз польск. мову, у якой існуе з XVII ст. (Слаўскі, 2, 58–59). Параўн. ка́па (гл.). Форма капот, відавочна, з рус. капот ’жаночы халат’.

Капо́т 2 ’адкідная металічная накрыўка ў машынах’ (ТСБМ) — культурнае слова з пач. XX ст., запазычанае, відаць, з рус. капот ’тс’, якое з франц. capot.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярста́ 1 ’мера даўжыні = 1,067 км’ (БРС, КТС, Бяльк., Сцяшк. МГ), вэрста́ (Бес.), ст.-бел. верста = 1554,6 м. Укр. верста, верства ’вярста, верставы слуп’, рус. верста ’рад, парадак, лінія, прамая лінія’; ’вярста, верставы слуп’; ’высокі чалавек’, ст.-рус. верста, вьрста, връета ’вярста’ (з XI ст.), польск. wiorsta, чэш., славац. versta, славен. vŕsta, серб.-харв. вр́ста, балг. верста. Прасл. vьrsta ’паварот плуга’ побач з vьrstь узыходзяць да дзеяслова vьrtěti > vьrt‑ta > vьrsta (Гараеў, 1896, 66; Праабражэнскі, 1, 76; Міклашыч, 384; Брукнер, 603; КЭСРЯ, 76; Фасмер, 1, 300; Скок, 3, 629; БЕР, 1, 189; Махэк₂, 700–701; Голуб-Копечны, 423; Патабня, Из записок, 1, 13–16; Скурат, Меры, 28–31). Яна першапачаткова абазначала ’даўжыню баразны, якая ўтваралася ад аднаго да другога павароту плуга (сахі)’, пасля — ’даўжыню баразны’ і, нарэшце, — ’меру даўжыні’. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. varsnà, var̃snas ’гон’, var̃štas ’паварот плуга, вярста’ (Траўтман, 355), ст.-інд. vr̥ttáḥ ’круглы’, vr̥ttam ’круг’ (Майргофер, 21, 246), лац. vorsus, versus ’баразна, рад, радок’, оск.-умбр. vorsus ’мера поля’; ’абарот’, н.-перс. gird ’круг’. Вальдэ₂ (824) аспрэчвае гэта.

Вярста́ 2 ’мера дроў, складзеных на ўсю шырыню і вышыню папярочнай сцяны хлява або іншага будынка’ (Інстр. III, Шат.), ст.-дар. ’доўгая сцірта дроў’ (З нар. сл.), вірста́ ’парэзаныя і пашчапаныя дровы, складзеныя сціртою’ (лаг., КЭС), а таксама вярста ’капа сена’ (Жд., 3) і лях. верста́ ’ўкладка сена на краі стога’ (Мат. канф. МДПІ, 1966). Да вярста́ 1 і (гл.), значэнне якой ’баразна’, але ў дадзеным выпадку азначала ’пласт, слой’, якое ў адных гаворках канкрэтызавалася ў ’пласт дроў’ → ’дровы, пластамі складзеныя ў штабель’, у другіх — ’пласт сена’ → ’капа сена (якая ўтваралася з пластоў)’. Значэнне ’пласт, слой’ характэрна зах.-слав. мовам: польск. warstwa, н.-луж. warsta, в.-луж. woršta, worštwa, чэш. vrstva, vrstev, brstva, славац. vrstva, дзе яно таксама магло канкрэтызавацца: чэш., славац. vrstva ’спосаб укладання снапоў (у стозе, у пуні)’, в.-луж. worštwa ’сцірта дроў, засек для снапоў’, worštowc ’штабель дроў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́пішча

1. Яўрэйскія могілкі (Нас.).

2. Могілкі наогул (Нас. АУ).

3. Месца, дзе ў XVI ст. сяляне вялі следства і рабілі суд, на які збіраліся баяры і шляхта з розных аколіц на мілю ў акружнасці (Гарб.).

4. Месца, дзе закапваюць здохлую жывёлу; конскі могільнік (Брэсц.).

5. Месца, дзе капаюць ці капалі зямлю (Зах. Бел. Др.-Падб., Смален. Дабр.).

6. Месца, дзе стаяла капа сена, невялікі стажок (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

cock

I [kɑ:k]

1.

n.

1) пе́вень -ўня m.

2) саме́ц і́ншых пту́шак

3) кран -а m.

4) куро́к -ка́ m.

5) гало́ўны заправі́ла, верхаво́д -а m.

6) Archaic пе́ршыя, другі́я пе́ўні (ра́ньні час)

2.

v.

узво́дзіць куро́к (пістале́та)

II [kɑ:k]

v.

1) ста́віцца задзі́рліва

2) насо́ўваць наба́кір

to cock a hat — залама́ць ша́пку наба́кір

3) напы́жвацца, задзіра́ць нос

III [kɑ:k]

1.

n.

капа́, ко́пка f.

2.

v.t.

склада́ць у ко́пкі

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Púppe f -, -n

1) ля́лька;

mit den ~n spíelen гуля́ць у ля́лькі

2) заал. ку́калка

3) манеке́н

4) капа́ (снапо́ў);

die Gárben in ~en sétzen ста́віць снапы́ ў ко́пы;

bis in die ~n разм. празме́рна; бесперапы́нна, бескане́чна; ве́льмі далёка; ве́льмі до́ўга;

über [álle] ~n звыш (уся́кай) ме́ры;

◊

éinfach ~! про́ста цудо́ўна!

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Háufen m -s, - ку́ча, гру́да; капа́;

ein ~ Ménschen нато́ўп, збой (людзей);

in (héllen) ~ нато́ўпам, гу́ртам;

ein ~ Geld ку́ча [ве́льмі шмат] гро́шай;

◊

álles auf éinen ~ wérfen* валі́ць усё ў адну́ ку́чу;

j-n über den ~ rénnen* збіць каго́-н. з ног;

j-n über den ~ schíeßen* расстраля́ць каго́-н.;

über den ~ fállen* ру́хнуць

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Купі́ць ’набыць за грошы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. купити, рус. купить, ст.-слав. коупити, балг. купя, серб.-харв. ку́пити, славен. kúpiti, польск. kupić, чэш. koupiti, славац. kúpiť, в.-луж. kupić, н.-луж. kupiś ’тс’. Прасл. kupiti лічыцца запазычаннем з гоц. kaupon ’таргаваць, гандляваць’, а германскія словы — з лац. caupo ’крамар’ (Бернекер, 647; Траўтман, 123; Кіпарскі, 204). Аднак існуе іншая магчымасць вытлумачыць паходжанне славянскіх лексем. Лац. caupo ў сваю чаргу разглядаецца як запазычанне з невядомай мовы. Яго можна звязаць са ст.-грэч. κάπηλος ’крамар’, калі прыняць для апошняга κάπηλος (< *κϜαπηλος): caupo‑ *ku̯op‑: *kou̯p‑. Сюды ж можна аднесці і тах. kappi ’серабро’ (< *kou̯p‑): ст.-грэч. καπηλεία ’гандаль’ ∼ тах. kappi ’серабро’. І.‑е. ku̯op тады разглядаецца як назва адзінкі натуральнага абмену. Параўн. прасл. kopa (гл. капа) (ст.-польск. і ст.-чэш. kopa ’грашовая адзінка’). Калі гэта так, мы можам рэканструяваць *ku̯op‑/*kou̯p‑ і аднесці сюды прасл. kupiti. Германскія словы можна разглядаць як славянізмы (далейшую аргументацыю гл. у Мартынава, Лекс. взаим., 161–166).

Ку́піць ’гарэць без полымя, дымець’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210), якое суадносіцца з ко́паць (< *ku̯op‑) як аблаўтны варыянт *koup‑. Гл. купець і капцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)