эндакрынапа́тыя

(ад энда + гр. krino = аддзяляю + -патыя)

агульная назва хвароб, якія выклікаюцца парушэннем дзейнасці эндакрынных залоз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРТАЛІНІ́Т,

запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.

І.​У.​Дуда.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНЫЯ ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

сукупнасць асаблівасцей ці прыкмет, што адрозніваюць адзін пол ад другога (за выключэннем першасных палавых прыкмет). Па стадыях развіцця адрозніваюць генетычны (храмасомны), ганадны, саматычны (фенатып) і псіхасексуальны пол. Развіццё Д.п.п. адбываецца ў перыяд палавога выспявання чалавека: у мужчын — вусы, барада, адамаў яблык; у жанчын — тыповае развіццё грудных залоз, форма таза, значнае развіццё тлушчавай клятчаткі. Д.п.п. жывёл: характэрнае яркае апярэнне самцоў птушак, пахучыя залозы, добра развітыя рогі, клыкі ў самцоў млекакормячых.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС НЕРВО́ВЫ,

хваля ўзбуджэння, якая распаўсюджваецца па нервовым валакне. У аснове І.н. ляжаць электрахім. рэакцыі. Узнікае пры раздражненні рэцэптараў, нерв. валакна ці цела нерв. клеткі (нейрона).

Забяспечвае перадачу інфармацыі ад перыферычных чуллівых нерв. канчаткаў да нерв. цэнтраў унутры ц. н. с. і ад яе да выканаўчых органаў — шкілетнай мускулатуры, гладкіх мышцаў унутр. органаў, сасудаў, залоз знешняй і ўнутр. сакрэцыі. Распаўсюджваецца са скорасцю ад 0,5 да 120 м/сек. Галоўнае праяўленне І.н. патэнцыял дзеяння.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУЛІ́Н,

бялковы гармон, які выдзяляецца клеткамі астраўкоў Лангерганса падстраўнікавай залозы. Малекулярная маса каля 6000. Адкрыты канадскімі фізіёлагамі Ф.​Бантынгам і Ч.​Г.​Бестам (1921—22). Універсальны анабалічны гармон, які ўплывае на падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя жывёльнага арганізма: памяншае колькасць цукру ў крыві, садзейнічае пераходу глюкозы ў глікаген, паляпшае засваенне тканкамі вугляводаў, актывізуе сінтэз бялку з амінакіслот, ператварэнне вугляводаў у тлушч. Прэпараты І. выкарыстоўваюцца ў медыцыне пры цукр. дыябеце, шызафрэніі, інтаксікацыі. Атрымліваюць з падстраўнікавых залоз жывёл.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ ЧАЛАВЕ́КА,

функцыянальныя і марфалагічныя асаблівасці арганізма, абумоўленыя спадчыннымі і набытымі ўласцівасцямі. Вызначае рэакцыю арганізма на ўздзеянне знешніх, у т. л. хваробатворных, фактараў навакольнага асяроддзя. Тыпы К.ч. вызначаюць: паводле складу цела (рост, маса, развіццё мышцаў, падскурнага слоя тлушчу) — астэнічны, нормастэнічны і гіперстэнічны; паводле тэмпераменту — халерык, сангвінік, флегматык, меланхолік; па суадносінах 1-й і 2-й сігнальных сістэм — мастацкі і мысліцельны; паводле стану ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, эндакрынных залоз і інш. Мае значэнне ў мед. практыцы.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАРО́ТЫЯ, мешкашчэлепныя (Cyclostomata),

клас рыбападобных жывёл тыпу хордавых. 2 падкласы: міногі і міксіны. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх і прэсных водах. Паўпаразіты і паразіты водных жывёл. На Беларусі 3 віды міног.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Тулава чэрвепадобнае. Шкілет храстковы, сківіцы адсутнічаюць. Рот у выглядзе круглай прысмоктвальнай адтуліны (адсюль назва). У скуры (лускі няма) многа слізевыдзяляльных залоз. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, нападаюць на аслабелых рыб, малюскаў і інш. Аб’екты промыслу.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯ́НКІ (Lithobiomorpha),

атрад губаногіх мнаганожак. Каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вільготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца К. звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).

Даўж. да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар. Кормяцца дробнымі насякомымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБУ́НКУЛ (лац. carbunculus літар. вугалёк; стараж.-рус. назва вуглявік, скула),

вострае дыфузнае гнойна-некратычнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі вакол групы валасяных мяшочкаў і тлушчавых залоз. Узбуджальнікі — гнаяродныя бактэрыі. Найчасцей бывае на патыліцы, паясніцы, твары. Узнікненню К. садзейнічаюць знясіленне арганізма, парушэнне абмену рэчываў (дыябет цукровы), вітамінная недастатковасць. Прыкметы: цяжкі агульны стан (дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C), шырокае амярцвенне тканак. Ускладненні (найчасцей пры К. твару) — сепсіс, тромбафлебіт. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

барталіні́т

[ад дацк. Т. Bartolin = прозвішча дацк. анатама (1616—1680)]

запаленне барталінавых залоз каля ўваходу ў похву.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)