Пупо́к1 ’пупок; страўнік у птушкі’ (ЛА, 1), польск. pępek ’страўнік курыцы або гусі, ці наогул птушыны’. Памянш. ад пуп (*pǫpъkъ), параўн. іншыя назвы птушынага страўніка: пуп, пу́пэ́ц, пупо́віна (гл. Жыв. св., 127).

Пупо́к2 ’маленькі агурок, ад якога адпала кветка’ (Жд. 2). Гл. пупалка.

Пупо́к3 ’малако ў рыбы’ (Янк. 3.), рус. пск. пупо́к ’ікра, часам рыбныя малокі’. Да пуп (гл.), параўн. пуп ’мяшочак з ікрой у рыбы’ (полац., Нар. словатв.), ’малако ў самцоў рыбы’ (бяроз., Жыв. НС).

Пупо́к4 ’ручка ў касе’ (мін., чэрв., в.-дзв., Шатал.; круп., Нар. сл.; дзярж., З нар. сл.; Жд. 3; Шат.; Бяльк.; карм., Мат. Гом.; Варл.), укр. пупе́ць ’тс’, рус. бранск., смал. пупо́к ’тс’. Ад пуп ’выступ’ з актуалізацыяй значэння ’дзяржанне, ручка’, гл. пуп3, параўн. рус. дыял. пуп ’ручка ў дзвярах’ і ’ручка ў касе’; відаць, другасна збліжанае з пуп (на целе), параўн.: pupok u kasie musia być na vyšyni kascovaha pupa (Варл.) і лу́чак мераюць да клуба (Цых.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́шня, пешня́, пі͡эшня, пішня́, пе́чня, пышня́, пяшня́ ’прылада (лом з драўляным дзяржаннем) для прасякання лёду’ (паўн. і ц.-бел.), інструмент (далато шырынёй 4,5 см, насаджанае на доўгае дзяржанне да 2 м) для вырабу ночваў, лодак, вулляў-борцей, для прадзёўбвання пазоў, дзірак’ (паўд.-бел., паўд.-усх.-бел.) (ЛА, 2, а таксама ТСБМ; Гарб.; полац., З нар. сл.; глыб., Сл. ПЗБ; Бяльк.; ТС; Маш.: Сержп. Борт.; Сл. Брэс.; лун., Шатал.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., іўеў., З нар. сл.), пі́шня ’кій, якім падпіраюцца, ідучы па лёдзе’ (Сл. Брэс.). Рус. пе́шня, польск. piesznia, piersznia, pieśnia ’тс’. Сюды ж адносяць і славен. pȅs ’пень, ствол бука’, рус. пёс ’доўбня таўчы гліну’. Звязваецца з *pěst‑ (гл. пе́ста2) альбо з *pьx‑ (гл. піха́ць) < і.-е. *pis‑, *pei̯s‑ (Мерынгер, WuS, 1, 3; Гольтхаўзен, KZ, 72, 204; Фрэнкель, 586, Сабалеўскі, Лекции, 137; Праабражэнскі, 2, 56; Мацэнаўэр, LF, 12, 336; 15, 168; Фасмер, 3, 258; Бязлай, 3, 27). Сэндзік (Slawistyczne studia językoznawcze, 1987; 339–342) рэканструюе паўн.-слав. *pěšьńa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапа́тачка ’прылада для веяння збожжа’ (Бяльк.), ’мешалка’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.), ’струк бабовых культур, калі ў ім толькі завязваюцца зярняты’ (Інстр. 2, Мат. Маг., Сцяшк., Мат. Гом.), навагр. лапато́чка ’тс’ (З нар. сл.), ’дэталь калаўрота, якая круціць кола ў ім’ (шальч., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лопа́тка ’язычок у клямцы’ (Шушк., ТС), ’прылада для капання зямлі’ (Бір., ТС), ’прылада для ачысткі зерня’ (Мат. Маг., ТС), ’лапатка (цела), пярэдняя частка тушы жывёлы’ (ТСБМ, Бес., Вешт., Нас., Касп., Мат. Маг., Шат., Бір., Сл. паўн.-зах.), ’пярэдняя нага авечкі’ (Кліх), ’брыль у шапцы, кепцы’ (Тарн.; чырвонаслаб., З нар. сл.), ’плоскі, няспелы стручок бабовых’ (ТСБМ, ТС; лях., Сл. паўн.-зах.; мядз., Нар. сл.), бярэз. ’мешалка’ (Шатал.), ’лапатка для выраўноўвання саломы ў страсе’ (Шушк.; рас., Шатал., Уладз.), ’лопасць’ (ТСБМ), ’мянташка’ (Мат. Маг.; в.-дзв., Шатал., Тарн., Выг.), ’прыстасаванне ў калаўроце, якое прыводзіць кола ў рух’ (браг., Нар. сл.), бяроз. лопа́тка ’маленькі снапок саломы, які кладуць каласамі ўніз пры пакрыцці страхі’, лопа́ткы ’звязаныя тры снапкі саломы, якімі крыюць страху’ (Шатал.), лапацішчадзяржанне ў рыдлёўцы’ (шум., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лапа́тачка ’чапяла, прылада для вымання скаварады з печы’ (Сцяшк.; астрав., Сл. паўн.-зах.), ’інструмент для ачысткі лемеха ад зямлі’ (Смул.). Да лапа́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodkaдзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражо́н ’завостраны кій’ (ТСБМ), ’вострая палка’ (іўеў., воран., паст., трак., Сл. ПЗБ), ’кол’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’дзяржанне’ (слонім, Сл. ПЗБ), ’стрэмка’ (паст., астрав., смарг., ігн., швянч., Сл. ПЗБ), ’стрыжань пяра птушкі’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), ’шост’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’сцябло’ (пух., воран., Сл. ПЗБ), ’галлё, палка’ (Сцяшк., Нар. Гом., Др.-Падб., Янк. 2), ’палка, на якую набіваюць жалезную частку вілаў’ (Выг.), ’драўляны пруток, на якім смажаць сала’ (Нар. словатв.), рожо́н ’завостраны кіёк’ (ТС), ро́жан ’тс’ (Мат. Гом.), ражэ́нь ’тс’ (Юрч. СНЛ), рожно́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Сюды ж ражэ́ннік ’ламачча’ (Юрч. СНЛ). Рус. рожо́н, ’кол, вострая жэрдка’, рожны́ ’вілы для гною’, укр. роже́н ’ражон’, польск. rożen, в.-луж. rožeń, н.-луж. rožeń, rožon, чэш. rožeň, славац. ražež, славен. ráženj, серб.-харв. ра́жањ ’ражон’, балг. ръже́н ’качарга, ражон’, ц.-слав. ражьнъ, раждьнъ ’кол’. Прасл. *oržьnь/ь, параўн. літ. rãžas ’сухі прут, сцябло’. Калі лічыць утварэннем ад рог1 (Махэк₂, 521–522), тады незразумелымі застаюцца формы на ра‑, якія дазваляюць дапускаць паходжанне з *oržьn‑ або *orzni̯o‑ (Фасмер, 3, 493; Брукнер, 466; Бязлай, 3, 161). Але гэтая версія таксама недастаткова матываваная. З іншага боку, ставіцца пытанне аб паходжанні ад *razъ, *raziti і збліжэнні з *rogъ (Брант, РФВ 23, 100). Непераканальным падаецца параўнанне з грэч. όρχατος ’агароджа’, όρχάς ’плот’ (Лёвенталь, AfslPh, 37, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцябло́ ’надземная частка травяністай расліны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Арх. Вяр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’жэрдка, вакол якой кладуць стог’ (свісл., Шатал.), ’шасток каля печы для вешання адзежы’ (Чач.), ’журавель’ (беласт., Сл. ПЗБ; маст., дзятл., ДАБМ, камент., 810), ’рыбалоўная прылада’ (Ян.), сцебло́ ’ствол расліны, дрэва’, ’ручка веніка’ (ТС), сця́бла ’выдаўбаны з дрэва жолаб для складвання сетак’ (Браім, Рыбалоўства), сцябе́ль ’сцябло’ (Бяльк., Сцяшк.), сце́бель ’ручка ў вясле’ (ТС), стэбло́ ’дышаль у плуга’ (Тарн.), стэбэлі́на ’сцябло’ (бяроз., Шатал.). Укр. сте́бель, стебло́ ’сцябло’, стябло́ ’драўляны коўш’, ’дошка для складвання сетак’, ’сплеценая з чароту талерка’, рус. сте́бель, стебло́дзяржанне; сцябло, ствол’, стараж.-рус. стьбло, стьбль, польск. ździeblo, źdźblo, в.-луж. stwjelco, н.-луж. spłо, дыял. zbło, палаб. ståblü, чэш., славац. stéblo, серб.-харв. ста́бло, ста̀бљика ’сцябло’, славен. stebə́l, stéblọ ’сцябло; ствол’, балг. стебло́, стъбло́ ’тс’, макед. стебло ’тс’. Прасл. *stьblo, *stьblь роднаснае літ. stìbis “membrum virile”, лат. stiba ’палка, галінка’, ст.-інд. stíbhis ’пучок, звязка’; з іншай ступенню вакалізма: літ. stiebas ’стоўб, ствол, сцябло’, stibýna ’з доўгімі нагамі’, лац. tībia ’галёнка’ (без s‑mobile), грэч. στιφός ’моцны’ да і.-е. базы *steb(h)‑, *stib(h)‑; гл. Траўтман, 287; Мее, 419; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1064; Буга, РФВ, 75, 148; Шустар-Шэўц, 1372–1373; Скок, 3, 323; ЕСУМ, 5, 404–405; Фасмер, 3, 750. Бязлай (3, 314) разглядае слова як субстантываваны прым. ад незасведчанага дзеяслова *stьbe/o‑ = лат. stibi, stíebu ’адурманіць, ап’яніць’, і, далей, літ. stỹbti ’стаць, вырасці ў вышыню’. Гл. яшчэ Борысь, 748–749.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)