ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),

раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.

Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),

раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш. геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.

Я.​І.​Аношка.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА (ад стэрэа... + грэч. topos месца + ...граф), стэрэафотаграмметрычная здымка,

метад тапаграфічнай здымкі, пры якім адлюстраванне контураў і рэльефу мясцовасці на картах атрымліваюць з дапамогай стэрэапар аэрафотаздымкаў зямной паверхні. Базіруецца на даследаваннях стэрэафотаграмметрыі. Асн. працэсы С.з.: аэрафотаздымка мясцовасці; вызначэнне геадэзічных каардынат некат. апорных пунктаў і маршрутнае дэшыфраванне; камеральныя работы (згушчэнне сеткі апорных пунктаў, суцэльнае дэшыфраванне, здымка контураў і рэльефу, складанне арыгінала карты). Згушчэнне апорных пунктаў выконваецца аналагавым спосабам з дапамогай стэрэафотаграмметрычных прыладаў, або аналітычным спосабам, калі вымярэнне каардынат пунктаў здымка выконваецца на аналіт. прыборах. С.з. выкарыстоўваецца для стварэння карт і планаў, вывучэння лінейных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры, дынамічных з’яў, пошуку карысных выкапняў.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сенсітаме́трыя

(ад с.-лац. sensitivus = адчувальны + -метрыя)

вымярэнне святлоадчувальнасці і кантрастнасці эмульсій фотаплёнак і фотапаперы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хронаметра́ж

(фр. chronometrage, ад гр. chronos = час + metreo = мераю)

вымярэнне затрат часу на што-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ШКАВІЧ, Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.

Літ.:

Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАМЕ́ТРЫЯ,

вымярэнне велічынь, якія характарызуюць гук, а таксама амплітудных, частотных і фазавых суадносін гукавых хваль, што характарызуюць работу электраакустычных прылад, акустычныя ўласцівасці матэрыялаў, канструкцый, памяшканняў і інш. Праводзіцца ў гукавымяральных камерах.

У глухіх камерах (бязрэхавыя, з макс. паглынаннем гуку) ствараюць і вымяраюць пастаянны гукавы ціск, вызначаюць дыяграмы накіраванасці гуку, характарыстыкі мікрафонаў, тэлефонаў, гуказдымальнікаў і інш. акустычных сістэм, выконваюць інш. акустычныя даследаванні. У гулкіх камерах (з мінім. гукапаглынаннем) вызначаюць каэф. гукапаглынання па працягласці рэверберацыі да і пасля ўнясення ў камеру шчыта з матэрыялу, які даследуецца. Амплітудныя суадносіны гукавых хваль (сілу гуку) вымяраюць прамым і эл. метадам, частотныя суадносіны — эл. метадам з дапамогай аналізатараў спектра гукавой частаты, фазавыя суадносіны — фазометрам.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПАДЗЕ́ННЯУ МЕ́ТАД у ядзернай фізіцы,

метад эксперым. даследаванняў, які на аснове выкарыстання супадзенняў схем дазваляе ўстанаўліваць часавыя залежнасці розных падзей. Напр., пры вывучэнні элементарных актаў ядз. узаемадзеянняў адным з асн. метадаў вызначэння ўстанаўлення паслядоўнасці з’яўлення другасных часціц і гама-квантаў з’яўляецца рэгістрацыя адначасовасці эл. сігналаў, што паступаюць ад дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. С.м. дазваляе істотна зменшыць уплыў фонавых сігналаў на рэгістрацыю ядз. узаемадзеянняў. С.м. у метралогіі — адзін з метадаў параўнання з мерай, дзе рознасць паміж вымеранай велічынёй і велічынёй, што ўзноўлена мерай, вымяраюць па супадзеннях адзнак на шкалах ці перыяд. сігналаў. Напр., вызначэнне частаты перыяд. працэсу з дапамогай страбаскапічных прылад; вымярэнне даўжыні адрэзка штангенцыркулем з ноніусам, якое грунтуецца на супадзенні адзнак на шкалах штангенцыркуля і ноніуса.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

афтальмадынамаме́трыя

(ад афтальма- + дынамаметрыя)

вымярэнне артэрыяльнага ціску ў сасудах сеткаватай абалонкі вока пры дапамозе спецыяльнага прыбора.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

радыя́цыя, ‑і, ж.

Выпрамяненне электрамагнітных хваль. Радыяцыя зямлі. □ У ясны дзень галоўная роля належыць прамой сонечнай радыяцыі, а пры больш або менш суцэльнай воблачнасці — рассеянай. Прырода Беларусі. // Электрамагнітныя хвалі, выпрамененыя якой-небудзь крыніцай. Вымярэнне радыяцыі. Доза радыяцыі. □ Упершыню нябачны агонь радыяцыі апёк рукі адважнай даследчыцы атама Марыі Складоўскай-Кюры. «Маладосць».

[Лац. radiatio — выпрамяненне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)