ГУКАМЕ́ТРЫЯ,
вымярэнне велічынь, якія характарызуюць гук, а таксама амплітудных, частотных і фазавых суадносін гукавых хваль, што характарызуюць работу электраакустычных прылад, акустычныя ўласцівасці матэрыялаў, канструкцый, памяшканняў і інш. Праводзіцца ў гукавымяральных камерах.
У глухіх камерах (бязрэхавыя, з макс. паглынаннем гуку) ствараюць і вымяраюць пастаянны гукавы ціск, вызначаюць дыяграмы накіраванасці гуку, характарыстыкі мікрафонаў, тэлефонаў, гуказдымальнікаў і інш. акустычных сістэм, выконваюць інш. акустычныя даследаванні. У гулкіх камерах (з мінім. гукапаглынаннем) вызначаюць каэф. гукапаглынання па працягласці рэверберацыі да і пасля ўнясення ў камеру шчыта з матэрыялу, які даследуецца. Амплітудныя суадносіны гукавых хваль (сілу гуку) вымяраюць прамым і эл. метадам, частотныя суадносіны — эл. метадам з дапамогай аналізатараў спектра гукавой частаты, фазавыя суадносіны — фазометрам.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)