ЗЕ́НГЕР ((Sänger) Эйген) (22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),
нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.
Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф.Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.Гагарына Міжнар.т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.
Тв.:
Рус.пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕР ((Cremer) Фрыц) (н. 22.10.1906, г. Арнсберг, Германія),
нямецкі скульптар і графік. Правадз.чл.Герм.АМ (з 1950). Ганаровы чл.АМСССР (1967). Скончыў Вышэйшую школу выяўл. і прыкладнога мастацтва (1934) і АМ (1940) у Берліне. З 1946 выкладчык Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене, з 1950 кіраўнік майстэрні пры Герм.АМ (Берлін). Зазнаў уплыў Э.Барлаха. Сярод твораў: помнікі ахвярам фашызму ў Бухенвальдзе (1952—58), Равенсбруку (1959—61), Маўтгаўзене (1964—65); партрэты рабочага Ф.Франіка (1954), Б.Брэхта (1956), жывапісца І.Іона (1962); станковыя скульптуры «Ева» (1949), «Аголеная» (1958), «Укрыжаваны» (пач. 1980-х г.); цыклы літаграфій «Венгрыя» (1956), «Бухенвальд» (1955—57). Нац. прэмія ГДР 1953, 1958. Іл.гл. таксама да арт.Бухенвальд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац.муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЕТ ((Paneth) Фрыдрых Адольф) (31.8.1887, Вена — 17.9.1958),
нямецкі хімік, адзін з пачынальнікаў радыехіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Вучыўся ва ун-тах Мюнхена, Глазга і Вены (д-р філасофіі, 1910). У 1912—18 у Ін-це радыю ў Вене, з 1919 выкладаў у розных ун-тах Еўропы, з 1933 у Вялікабрытаніі. З 1953 дырэктар Ін-та хіміі М.Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па радыехіміі, геахіміі, даследаванні метэарытаў. Прапанаваў метад ізатопных індыкатараў (разам з Дз.Хевешы, 1913). Сфармуляваў правіла суасаджэння радыеактыўных элементаў (правіла Фаянса — П.). Устанавіў абс. ўзрост метэарытаў, з дапамогай распрацаванага ім метаду вызначэння колькасці гелію ў іх. Атрымаў і ідэнтыфікаваў свабодныя метыльныя радыкалы (1929).
Літ.:
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАН-ЕЎРО́ПА»,
праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Венечас. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв. вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш.міжнар.ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),
патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм.паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Венемясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач.крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).
Да арт.Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НА (Wien),
горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс.ж. (1991). Адзін з найб.трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал.прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сцьпрамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.
У 1 ст.н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн.Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал.еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену
ўведзены ням. войскі (гл.Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц.акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.
Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац.б-ка, 1723—25, арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.Земпер, К.Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.Л.Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.
У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-тсусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш.Нац.б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, І.Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.
Вена. Ратуша.Да арт.Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах. 1716—39.Да арт.Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Еўропы. Засн. ў 1365 у Вене імператарам Рудольфам IV. Напачатку ў складзе ун-та былі 4 традыцыйныя ф-ты: вольных мастацтваў, юрыд., мед. і багаслоўскі. У 16—17 ст.ун-т падпарадкоўваўся езуітам. У 19 ст. пачаўся яго росквіт: у 1848—70 засн. большасць навук. ін-таў і кафедраў па спец. прадметах, якія існуюць і цяпер; філас.ф-т стаў цэнтрам ідэаліст.філас. плыней — пазітывізму і эмпірыякрытыцызму. У 1922 на ф-це склаўся Венскі гурток лагічных пазітывістаў. Асаблівую вядомасць набыў мед.ф-т, дзе ў 1902—38 працаваў З.Фрэйд. Ф-ты 1969/70 навуч.г.: мед., юрыд. і паліт.Навук. філасофіі і прыродазнаўчых Навук. каталіцкай і пратэстанцкай тэалогіі. Пры ун-це астр. абсерваторыя, бат. сад, б-ка (засн. 1365).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАНО́ВІЧ Аляксандр Антонавіч, паліт. дзеяч пач. 20 ст. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1897). Паручнік інжынерных войскаў. Стварыў Гродзенскі воінскі саюз для барацьбы супраць бальшавікоў. Пасля кастр. 1917 узначальваў у Петраградзе Цэнтр.к-т аб’яднаных грамадскіх арг-цый Гродзенскай губ., які ў ліп. 1918 разагнаны бальшавікамі. У снеж. 1918 у Кіеве вёў дзейнасць супраць урада БНР. У студз. 1919 у Адэсе ўступіў у Бел.нац. цэнтр (БНЦ), прапанаваў яму прыняць на сябе функцыі Часовага краёвага ўрада Беларусі (21.1.1919 прапанова адхілена). 26.1.1919 спрабаваў падмануць БНЦ: паведаміў, што ў Слоніме 13.1.1919 адбыўся Усебел. з’езд, які абраў дырэкторыю на чале з Бахановічам. Выключаны з БНЦ і высланы з Адэскай акругі. Пазней у Вене называў сябе «прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі», прасіў дапусціць яго на мірную канферэнцыю ў Парыжы.
аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў класічнай стат. фізікі. Чл. Венскай (1895), Пецярбургскай (1899) і інш.АН. Скончыў Венскі ун-т (1866). Праф. ун-таў у Грацы (1869—73, 1876—89), Вене (1873—76, 1894—1900 і з 1903), Мюнхене (1889—94) і Лейпцыгу (1900—02). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэрмадынаміцы, тэорыі выпрамянення, матэматыцы, механіцы і інш. Разам з Дж.К.Максвелам распрацаваў Больцмана статыстыку, устанавіў сувязь паміж энтрапіяй і тэрмадынамічнай імавернасцю (гл.Больцмана прынцып), заклаў асновы тэорыі неабарачальных працэсаў, у 1884 тэарэтычна адкрыў адзін з законаў цеплавога выпрамянення (гл.Стэфана—Больцмана закон выпрамянення). Адстойваў матэрыялістычныя пазіцыі ў фізіцы і тэорыі пазнання, абвергнуў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989. С. 540.