ЛЯБЕ́ЦКАЯ Алена Канстанцінаўна (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),

дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́Д»,

газета, орган Бел. сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел. нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел. вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.​Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.​Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.​А.​Любіч-Маеўскага, ліст А.​Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.​Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.​Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Захар Філімонавіч (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВАЛО́ЦКІ Мікалай Лаўрэнцьевіч (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.​Валошыным, С.​Рак-Міхайлоўскім, Б.​Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНШЭЙН Давід Іосіфавіч (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.

Э.​Р.​Іофе.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРГУ́Н Аляксандр Рыгоравіч (30.12.1903, в. Гічыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 31.8.1971),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1923—27 чл. Косаўскага раённага, Слонімскага акр. к-таў КПЗБ; стварыў ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ на Слонімшчыне; адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Бел. сял.-работніцкай грамады (гл. Косаўскі расстрэл 1927). У 1927—39 за рэв. дзейнасць зняволены польскімі ўладамі. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у партызанах на Брэстчыне. З 1944 на сав. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1941—47. Аўтар успамінаў аб рэв. руху ў Зах. Беларусі. Яго імем названа вуліца ў г. Пружаны.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ РЭФО́РМА 1864 у Расіі.

На аснове судовых статутаў рэформа распрацавала прынцыпы суда і судаводства: абвясціла незалежнасць суддзяў, галоснасць, вуснасць і спаборнасць суд. працэсу, скасавала саслоўны суд; уведзены суд прысяжных, адвакатура, міравыя суды. Прагрэс. значэнне рэформы заключалася ў стварэнні новай суд. сістэмы, якая замяніла раздробленую сістэму судоў. Былі створаны дзве сістэмы судоў: міравыя (разглядалі дробныя крымін. і цывільныя справы) і агульныя (уключалі акр. суды і суд. палаты). Пры іх знаходзіліся суд следчыя, суд. прыставы, пракуратура. Вышэйшы нагляд за пракуратурай ажыццяўляў генерал-пракурор (з 1802 ім быў міністр юстыцыі). Вярх. і касацыйным судом, а таксама вышэйшым органам суд. нагляду быў Сенат, дзе існавалі 2 касацыйныя дэпартаменты — цывільны і крымінальны.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЧЫНО́ВІЧ Восіп (Іосіф Цэзар) Вікенцьевіч (вер. 1824 — ?),

бел. гісторык, правазнавец. Паходзіў са шляхты Магілёўскай губ. У 1858—60 (?) перакладчык Магілёўскага дваранскага сходу. У пач. 1860-х г. у Іркуцкай губ., на пасадзе суддзі Ніжняудзінскага акр. суда. Далейшы лёс невядомы. Аўтар прац у галіне гісторыі права, а таксама выдадзенай у С.-Пецярбургу 1-й гісторыі Беларусі — «Агляд гісторыі Беларусі са старажытнейшых часоў» (1857). «Агляд...» даведзены да падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст., шмат увагі ў кнізе аддадзена асвятленню паліт. падзей.

Тв.:

О поземельной собственности и наследстве в Древней Руси. СПб., 1853;

История сельского хозяйства России от времен исторических до 1850 г. СПб., 1854.

І.​Л.​Грыбко.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ВІЧ Кароль (13.9.1832, каля г. Каўнас, Літва — 4.6.1902),

расійскі фізік, прыродазнавец і педагог бел. паходжання. Скончыў Казанскі ун-т (1857). З 1859 працаваў у Шляхецкім ін-це ў Вільні, з 1864 у Беластоцкай гімназіі. Разам з М.М.Гусевым выдаваў час. «Вестник математических наук» (1861—63). З 1884 акр. інспектар навуч. устаноў у Арэнбургу. Навук. даследаванні па электрычнасці, магнетызме, оптыцы і спектраскапіі, методыцы фіз. доследаў. Сканструяваў некалькі арыгінальных прылад, якія адзначаны на ўсерасійскіх з’ездах прыродазнаўцаў і выстаўках. Арганізаваў геал., геад. і этнагр. даследаванні ў Арэнбургскім краі. Праводзіў сістэм. метэаралагічныя назіранні, выказаў меркаванні аб сувязі змен надвор’я з цыкламі сонечнай актыўнасці.

Літ.:

Процька Т.С. Эксперыментатар з Беластоцкай гімназіі: Кароль Чаховіч. Мн., 1990.

П.​Г.​Космач.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГУ́Н Георгій Іосіфавіч (парт. псеўд. Максімаў; 5.10.1903, в. Пузевічы, цяпер в. Партызанская Гродзенскага р-на — 13.9.1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1925). З 1922 на падп. парт. рабоце ў Зах. Беларусі: чл. і сакратар Скідзельскага раённага, чл. Гродзенскага, сакратар Баранавіцкага, Пінскага і Беластоцкага акр. к-таў КПЗБ. На III канфер. КПЗБ (1926) выбраны чл. ЦК. За рэв. дзейнасць у 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Пасля вызвалення з турмы на падп. рабоце. Адзін з арганізатараў Скідзельскага паўстання 1939. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток). Да чэрв. 1941 заг. аддзела Скідзельскага райвыканкома. Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1945 на сав. і гасп. рабоце ў г. Скідзель.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)