УМА́Р ХАЯ́М Гіясаддзін Абу-ль-Фатх ібн Ібрахім (18.5.1048, г. Нішапур, Іран — 4.12.1131),

персідскі і таджыкскі паэт і вучоны. Жыў у Самаркандзе, Ісфахане, Бухары і інш. Найвялікшы астраном свайго часу: за 500 гадоў да рэформы папы Грыгорыя XIII ажыццявіў рэформу календара ў выніку шматгадовых назіранняў за зорным небам. Паслядоўнік філасофіі Арыстоцеля і Ібн Сіны. Сусв. вядомасць як паэту прынеслі яму рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх свет чалавечых перажыванняў, думы пра жыццё, чалавека і яго веды, глыбокі філас. роздум, пропаведзь дабра і чалавечнасці. Многія рубаі сталі афарызмамі. Аўтар трактатаў на араб. і перс. мовах: матэм. («Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы»), фіз. («Вагі мудрасцей»), філас. («Адказ на тры пытанні», «Трактат пра існаванне»), гіст. («Науруз-намэ»). Збярогся ўрывак «Мелікшахскіх астранамічных табліц» У.Х., напісаных па-арабску. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, С.​Грахоўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Рубаі. Мн., 1989;

Рус. пер. — Трактаты. М., 1961;

Рубаи. 2 изд. Ташкент, 1983.

Літ.:

Розенфельд Б.А., Юшкевич А.П. Омар Хайям. М., 1965.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф

(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),

азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.​Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.​Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.​Бачыла і Р.​Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Пять поэм. М., 1968;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;

Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААДЗІ́ (сапр. Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),

персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1972;

Избранное. Ташкент, 1978;

Гулистан. М., 1959;

Бустан: Лирика. М., 1962;

Бустан: [Поэма]. Душанбе, 1971.

Літ.:

Алиев Р. Саади и его «Гулистан». М., 1958;

Кулматов Н.А. Этические взгляды Саади. Душанбе, 1968.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;

О первой философии;

Книга о пяти сущностях;

Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.

Літ.:

Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),

мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).

Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац.-культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш. Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл. Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).

На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.​Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.​Тарэеў і інш.).

Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.
Да арт. Каліграфія. Ю.​Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУФІ́ЗМ (ад араб. суфі літар. — які носіць шарсцяное адзенне ці ад грэч. sophos мудрэц),

містычная плынь у ісламе (шыізме і сунізме), пашыраная на тэр. ад паўн.-зах. Афрыкі да Індыі і Кітая. Зарадзіўся ў 8 ст., канчаткова аформіўся ў 10 ст. Асновы вучэння С. закладзены ў 9 ст. егіпцянінам Зу-л-Нунам аль-Місры і заснавальнікам багдадскай школы С. Абу Абдалахам аль-Мухасібі. У 10—11 ст. складваліся арг-цыі суфійскіх ордэнаў, ствараліся суфійскія манастыры (ханаках). Да 11—12 ст. С. праследаваўся артадаксальным мусульм. духавенствам як ерась. З распаўсюджваннем С. ў 12—14 ст. склаліся 12 асн. суфійскіх брацтваў: рыфаія, ясавія, шазілія, чышція, сухравардзія, кубравія, бадавія, кадзірыя, маўлавія, бекташыя, халвація, накшбандзія-хваджаган. У развіцці С. адзначаецца ўплыў філасофіі хрысціянства, веданты, будызму, індуізму і інш. У цэнтры С. — вучэнне пра несапраўднасць быцця матэрыяльнага свету, расчлянёнага «цэпам множнасці». Свёй мэтай суфіі лічылі пазбаўленне залежнасці ад матэрыі і містычнае растварэнне ў Богу (фана), дасягненне «звышбыцця» (бака) праз аскетызм, адмаўленне ад асабістай індывідуальнасці, ірацыянальнае пазнанне Абсалюту. Шлях да Абсалюту, паводле С., уключае шэраг этапаў: шарыят (строгае прытрымліванне ісламскіх прадпісанняў), тарыкат (аскеза і паслушніцтва ў старца-настаўніка), марыфат (усведамленне адзінства сябе і Бога) і хакыкат (непасрэднае адзінства з Богам). С. — неаднародная мусульм. плынь, да якой далучыліся прадстаўнікі розных багаслоўскіх школ ісламу. У 11—20 ст. С. уяўляў сабой паліт. сілу мусульм. свету, значна паўплываў на развіццё ісламу і ўсх. культуры. Вучэнне С. адлюстравана ў араб., перс. і тур. паэзіі (Ібн аль-Фарыд, Дж.​Румі, Джамі, Юнус Эмрэ і інш.).

Літ.:

Степанянц М.Т. Философские аспекты суфизма. М., 1987;

Из истории суфизма: источники и социальная практика. Ташкент, 1991;

Мухаммедходжаев А. Гносеология суфизма. Душанбе, 1990;

Нурбахш Дж. Психология суфизма: Дел Ва Нафс: (Сердце и душа): Размышления о стадиях психол. становления и развития на суфийском пути: Пер. с англ. М., 1996.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАБІ́, аль-Фарабі Абу Наср Мухамед ібн Тархан (870, г. Фараб, цяпер гарадзішча Атрару Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 950), сярэднеазіяцкі філосаф і вучоны-энцыклапедыст, прадстаўнік усх. арыстоцелізму, каментатар Арыстоцеля і Платона. Жыў у Алепе, Багдадзе, Дамаску. Яго філас. погляды грунтуюцца на вучэнні Платона пра эманацыю — паходжанне і развіццё універсуму. У адпаведнасці з. асн. палажэннямі гэтага вучэння сцвярджаў, што існуе створаная Богам вечная, найвышэйшая і найб. дасканалая ступень універсуму, якая пакладзена ў аснову светабудовы. Гал. тэндэнцыю агульнага руху бачыў у сыходжанні ад найвышэйшай анталагічнай ступені да ніжэйшых са зніжэннем узроўню дасканаласці, але лічыў, што ўнутры асобных анталагічных ступеней працэс развіцця накіраваны на ўзыходжанне і ўдасканаленне. На яго думку, паслядоўнасць эманацый пачынае ажыццяўляць «універсальны розум» («нус»), а працягваюць «касмічныя розумы» («нусы»), кожны з якіх адпавядае пэўнай нябеснай сферы; на апошняй анталагічнай ступені эманацыі дзейнічае «актыўны розум», які кіруе працэсамі ўзнікнення і знішчэння на Зямлі; сінтэз з «актыўным розумам» лічыў найвышэйшай мэтай навукі. Распрацаваў сац. вучэнне пра ідэальную дзяржаву («дабрадзейны горад») — мадэль найлепшага натуральнага ўзаемадзеяння людзей, дзе кожны чалавек забяспечаны неабходнымі жыццёвымі дабротамі. Паводле Ф., кіраваць «дабрадзейным горадам» павінен філосаф, які ў якасці імама ўзначальвае рэліг. абшчыну і перадае яе членам ісціны, атрыманыя ад «актыўнага розуму» («Трактат пра погляды жыхароў дабрадзейнага горада», «Афарызмы дзяржаўнага дзеяча»). Аўтар «Вялікага трактата пра музыку», у якім прыводзяцца каштоўныя звесткі пра муз. культуру Усходу і Стараж. Грэцыі. Паўплываў на ўсх. мысліцеляў Ібн Сіну, Ібн Баджу, Ібн Туфайля, Ібн Рушда, сярэдневяковую зах.-еўрап. філасофію і навуку.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. Алма-Ата, 1970;

Математические трактаты. Алма-Ата, 1972;

Социально-этические трактаты. Алма-Ата, 1973;

Логические трактаты. Алма-Ата, 1975;

О разуме и науке. Алма-Ата, 1975;

Историко-философские трактаты. Алма-Ата, 1985;

Естественно-научные трактаты. Алма-Ата, 1987;

Избр. трактаты. Алма-Ата, 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ЎКА Уладзімір Мікалаевіч (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.​Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Т.​Шаўчэнкі, А.​Блока, В.​Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.​Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.​Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.​В.​Гётэ, У.​Сыракомлі, Ю.​Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.​Пушкіна, Брусава, С.​Ясеніна, А.​Пракоф’ева, П.​Тычыны, У.​Сасюры, М.​Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.​Я.​Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАД (Tchad), Рэспубліка Чад (République du Tchad),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Лівіяй, на Пд з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, на У з Суданам, на З з Камерунам, Нігерыяй, Нігерам. Пл. 1284 тыс. км². Нас. 8997 тыс. чал. (2002). Сталіца — г. Нджамена. Афіц. мовы — французская і арабская. Падзяляецца на 14 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (11 жніўня).

Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996, ухваленая на рэферэндуме. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў, ён жа з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. орган — Нац. сход (125 дэпутатаў, іх тэрмін паўнамоцтваў 4 гады).

Прырода. Паверхня — плоская раўніна выш. 250—400 м. На Пн нагор’е Тыбесты (выш. да 3415 м, г. Эмі-Кусі), на ПнУ плато Эрды і Энеды (выш. да 1450 м), на ПдУ масіў Вадаі (выш. да 1666 м), на З раўніна Канем. Карысныя выкапні: баксіты (запасы — 14 млн. т), сода, соль, дыятаміты, вапнякі, каалін, нафта, уран, берыл, волава, медзь, золата. Клімат трапічны пустынны на Пн, экватарыяльна-мусонны на Пд. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 21 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 °C і 33 °C. Ападкаў ад 100—250 мм на Пн да 1000 мм на Пд. Бываюць пясчаныя буры. Асн. водныя рэсурсы на Пд краіны. Гал. рэкі Шары з прытокам Лагоне (бас. воз. Чад) і Батха (бас. воз. Фітры). Расліннасць на Пн прадстаўлена пустыннымі відамі (тамарыск, нізкарослая акацыя, вярблюджая калючка), у зоне Сахель — апустыненыя саванны з зараснікамі хмызнякоў на чырвона-бурых глебах, на Пд — тыповыя саванны з баабабамі і пальмамі на чырвоных глебах. З жывёл ва ўнутр. раёнах пераважаюць траваедныя млекакормячыя (слон, жырафа, буйвал, насарогі, антылопы) і драпежнікі (леў, леапард, шакал, гіена). У рэках і азёрах — кракадзілы і бегемоты. Шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі Закума і Манда, запаведнікі Абу-Тэльфан і Сініянка-Мінія.

Насельніцтва. Этнічны склад Ч. прадстаўлены народамі, якія размаўляюць на шары-нільскіх (сара — 28%, багірмі, тама, даго, тубу, кануры, мілі), чадскіх (мубі, хаўса, маса) і нігера-кангалезскіх (мбум) мовах. Каля 30% насельніцтва — арабы, у т. л. суданскія (12%). Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (50%), ёсць хрысціяне (католікі і пратэстанты 25%), прыхільнікі традыц. рэліг. культаў (25%). Сярэднегадавы прырост 3,3% (2000). Сярэдняя шчыльн. 7 чал. на 1 км². Каля 20% насельніцтва — качэўнікі. У гарадах жыве 23% насельніцтва. Найб. горад — Нджамена (735 тыс. ж., 2002). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Мунду і Сарх. 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Гаспадарка. Ч. — эканамічна слабаразвітая краіна, адна з найбяднейшых у Афрыцы. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 8,1 млрд. дол. (каля 1 тыс. дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (64% ВУП). Апрацоўваецца каля 3% тэр. Захавалася абшчыннае землекарыстанне. Гал. галіны — баваўнаводства і жывёлагадоўля. Асн. экспартная культура бавоўнік (збор — 161 тыс. т бавоўны-сырцу, 1999); пашырана на Пд краіны. Сорга (514 тыс. т) і проса (367 тыс. т) Вырошчваюць паўсюдна, рыс (100 тыс. т) — каля гарадоў, арахіс (511 тыс. т) — у цэнтр. і ўсх. раёнах, фінікавую пальму — у аазісах на Пн краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць фасолю (72 тыс. т), гарох (55 тыс. т), кунжут (29 тыс. т), фаніо, пшаніцу. Жывёлагадоўля (16% ВУП) — традыц. занятак 40% насельніцтва. Краіна займае адно з першых месцаў у Афрыцы па колькасці пагалоўя жывёл. Гадуюць (млн. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5,9), коз (5,3), авечак (2,4), вярблюдаў (1,1), птушак (5), аслоў (0,35), коней (0,2), свіней (0,02). Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 85 тыс. т, частка ўлову экспартуецца ў суседнія краіны. Прам-сць развіта слаба (12% ВУП). Асн. галіна — тэкст., уключае каля 20 дробных прадпрыемстваў кампаніі «КАТОНЧАД» у г. Сарх. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў гарадах на Пд краіны. Вытв-сць бавоўны 87,7 тыс. т (1997). Прадпрыемствы па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі (найб. бойні-халадзільнікі ў г. Нджамена), вытв-сці цукру-рафінаду (26,7 тыс. т, 1997), піва (123,2 тыс. Дл), цыгарэт (39,3 млн. шт.), мукі. Вытв-сць электраэнергіі (100 млн. кВт∙гадз, 1998) на электрастанцыях у Нджамене. Здабыча соды і солі (на паўн. узбярэжжы воз. Чад і саланчаках Энеды), вапняку і гліны для цагельнага з-да ў Нджамене.

Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 32 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Водныя шляхі для грузаперавозак па рэках Шары і Лагоне выкарыстоўваюцца 3 мес за год. Міжнар. аэрапорт у Нджамене. Экспарт (172 млн.дол., 2000) бавоўны, жывой жывёлы (20% кошту экспарту), прадукцыі жывёлагадоўлі. Імпарт (223 млн. дол., 2000) машын і абсталявання, спажывецкіх тавараў, харч. прадукцыі, нафтапрадуктаў. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Партугалія, Германія, Камерун. Грашовая адзінка — франк КФА.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. Ч. з найстараж. часоў. Да 9 ст. ў бас. воз. Чад склалася дзяржава Канем-Борну, якая ў 12—13 ст. уключала значную ч. тэр. сучаснага Ч. З 11 ст. тут пашырыўся іслам, які стаў рэлігіяй пануючых вярхоў. У 16 ст. на У Ч. склалася дзяржава Вадаі, на ПдЗ — Багірмі; у канцы 19 ст. значная ч. іх уладанняў увайшла ў склад Рабаха дзяржавы. У 1890-я г. на тэр. Ч. з’явіліся франц. войскі, якія ў 1900 знішчылі дзяржаву Рабаха, да 1914 падпарадкавалі ўсю тэр. Ч., і як асобную калонію ўключылі яе ў склад Франц. Экватарыяльнай Афрыкі; з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1947 створана Прагрэс. партыя Ч. (ППЧ), прадстаўнікі якой у 1957 узначалілі першы афр. ўрад Ч. З 1958 Ч. — аўт. дзяржава ў складзе Франц. Супольніцтва, з 11.8.1960 — незалежная дзяржава. У 1962 уведзены аднапарт. рэжым ППЧ на чале з прэзідэнтам Ф.​Тамбалбаем. Супраць яго вялі ўзбр. барацьбу мусульм. народы Паўн. Ч. У крас. 1975 Тамбалбай забіты, уладу захапіў Вышэйшы ваен. савет на чале з ген. Ф.​Малумам. Пад націскам паўн. паўстанцаў Малум у жн. 1978 стварыў кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам Узбр. сіл Поўначы (УСП) Х.​Хабрэ. У выніку ўзбр. барацьбы паміж рознымі паўн. групоўкамі ў ліст. 1979 створаны Пераходны ўрад нац. адзінства (ПУНА) на чале з лідэрам Фронту нац. вызвалення Ч. (ФНВЧ) Г.​Уэдэем; Хабрэ стаў міністрам абароны. З сак. 1980 разгарнулася грамадз. вайна паміж ФНВЧ, якому дапамагалі Лівія, і УСП, што апіраліся на Францыю. У чэрв. 1982 УСП захапілі сталіцу. Хабрэ ў вер. 1982 абвешчаны прэзідэнтам Ч. У 1983—87 яго войскі разграмілі ўзбр. сілы ФНВЧ і ўсталявалі кантроль над б.ч. тэр. краіны. У вер. 1989 падпісана мірнае пагадненне паміж Ч. і Лівіяй. 1.12.1990 рэжым Хабрэ скінуты сіламі апазіцыі, якія ўварваліся з тэр. Судана; іх лідэр ген. І.​Дэбі абвешчаны прэзідэнтам Ч. У кастр. 1991 дазволена шматпартыйнасць.

У сак. 1996 прынята новая канстытуцыя Ч. На альтэрнатыўных выбарах 1996 і 2001 прэзідэнтам краіны зноў выбраны Дэбі.

З паліт. партый і рухаў Ч. рэальным уплывам карыстаецца толькі Патрыят. фронт выратавання. Ч. — чл. ААН (з 1960) і Афр. Саюза (з 2002).

Літ.:

Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. 3 изд. М., 1982.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Рэспублікі Чад.
Да арт. Чад. Саванна ў сухі сезон.

т. 17, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс. км². Нас. 22 219 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).

Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб. сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большая ч. тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд. ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс. м. Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах. ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд. т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн. ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-ра студз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр. ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э. тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл. Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл. Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл. Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж. пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора).

У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.​К.​Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш. араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш. араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял. эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб. сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд. дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн. т, у 1996—29,6 млн. т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд. кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сць тэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен. прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.

Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн. га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн. га, у т. л. 2,5 млн. га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн. т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс. т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн. га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс. км, аўтадарог — больш за 45 тыс. км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс. км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс. км і газаправоды даўж. 2,6 тыс. км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд. дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд. дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн. чал., у т. л. 450 тыс. узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс. чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс. чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс. чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.

Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э. на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт. Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб. л-ра найб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл. Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш. Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.​Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.​Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.​Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.​Т.​Фарман («Пяць галасоў») і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл. Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.

Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст. манум. буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст. буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.​С.​Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.​Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц. маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.​Хасан, Х. ад-Дурубі, М.​Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура).

Герб і сцяг Ірака.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.
Да арт. Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.
Да арт. Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.
Да арт. Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.
Да арт. Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)