абагульненая назва шэрагу кірункаў замежнай псіхалогіі 19 — 20 ст. Вывучае т.зв. глыбінныя падсвядомыя псіхічныя працэсы асобы, яе схільнасці і тэндэнцыі, якія супрацьпастаўляюцца працэсам, што адбываюцца на «паверхні» свядомасці. Глыбінная псіхалогія не мае дакладных меж, ахоплівае розныя плыні і школы (псіхааналіз З.Фрэйда, «аналітычная псіхалогія» К.Г.Юнга, «індывідуальная псіхалогія» А.Адлера, эгапсіхалогія, неафрэйдызм і інш.). У трактоўцы матываў паводзін чалавека глыбінная псіхалогія адводзіць актыўную дынамічную ролю бессвядомым матывацыям, якія вывучаюцца спецыфічнымі метадамі (прыёмы псіхааналізу, метады свабодных асацыяцый, псіхадрамы, пражэктыўныя тэсты). Узнікла для патрэб псіхатэрапіі, стымулявала развіццё новай галіны медыцыны, якая разглядае значэнне псіхал. фактараў у саматычных захворваннях (т.зв. псіхасаматыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў (Hudson Bay),
заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак.Пл. 848 тыс.км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МУС (ад лац. humus зямля, глеба),
перагной, высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПРАФЕСІ́ЙНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,
агульнапрацоўная падрыхтоўка політэхн. і прафарыентацыйнага характару навучэнцаў агульнаадук. школ; базавы кампанент наступнага прафес. навучання. Мае на мэце садзейнічаць фарміраванню ўстойлівых арыентацый на прац. лад жыцця, маральна-псіхал. і ў пэўнай меры практычнай гатоўнасці да працы, выхаванню агульнай прац. культуры, развіццю творчых здольнасцей, інтэлектуальных і псіхафізіял. якасцей асобы. Будуецца на прынцыпах бесперапыннасці і пераемнасці, сумяшчэння навучання з працай, з’яўляецца важным сродкам прац. выхавання. Тэрмін «Д.п.» пашырыўся ў сувязі з рэкамендацыямі ЮНЕСКА і Міжнар. канферэнцыі працы (1965) па прафес.-тэхн. адукацыі і падрыхтоўцы, паводле якіх узровень прац. навучання ў агульнаадук. школах вызначаны як перадпрафесійны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВЫ ДРОБ,
дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10. Звычайна запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай (часам кропкай) столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку, напр., 785/10 = 78,5; 4/100 = 0,04. У Еўропе Дз.д. увёў нідэрл. вучоны С.Стэвін (1584), у Расіі — Л.П.Магніцкі (1703).
Пры такім запісе Дз.д. лічбы злева ад коскі азначаюць цэлую частку дробу. Звычайны дроб, назоўнік якога мае здабытак ступеней лікаў 2 і 5, можна пераўтварыць у канечны Дз.д. (напр., 1/5 = 0,2), а калі ёсць і інш множнікі — у бясконцы перыядычны (8/15 = 0,53333...). Ірацыянальныя лікі запісваюцца бясконцымі неперыядычнымі Дз.д. (π = 3,1415926...).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЛЬТЭЙ ((Dilthey) Вільгельм) (19.11.1833, Бібрых, цяпер у межах г. Вісбадэн, Германія — 1.10.1911),
нямецкі гісторык культуры, філосаф, псіхолаг. Вядучы прадстаўнік філасофіі жыцця, заснавальнік філас.герменеўтыкі. Праф. ў гарадах Базель, Кіль, Брэслаў і Берлін. Разглядаў жыццё як культ.-гіст. рэальнасць. У навуках пра «гісторыю духа» лічыў галоўным метад разумення, інтуітыўнага спасціжэння духоўнай цэласнасці асобы і культуры. Паводле Дз., чалавек даведваецца пра тое, што такое ён сам, толькі з гісторыі, якая мае справу з людзьмі як з духоўнымі цэласнасцямі і іх структурамі. Аўтар прац «Уводзіны ў навукі аб духу» (1833), «Ідэя апісальнай і аналітычнай псіхалогіі» (1894), «Узнікненне герменеўтыкі» (1900) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́СБУРГ (Doesburg) Тэа ван [сапр.Кюпер (Küpper) Крысціян Эміль Мары; 30.8.1883, г. Утрэхт, Нідэрланды — 7.3.1931], галандскі архітэктар, жывапісец, тэарэтык мастацтва. Адзін з заснавальнікаў час. «Дэ Сціл» («De Stÿl») у Лейдэне, дзе прапанаваў дактрыну рацыянальнага мастацтва, што мае цягу да раўнавагі і гармоніі і вынікае з прамавугольных геам. форм. У 1908—16 працаваў у плыні абстракцыянізму: «Кампазіцыя», «Контракампазіцыя» і інш. Творы носяць геам. характар выбару элементаў прамавугольных і дыяганальных рытмаў («Арыфметычная кампазіцыя». 1930. і інш.). З 1922 пад уплывам дадаізму. Аўтар тэорыі «элементарызму» — дыяганальных рухаў, якія перадаюць інтэнсіўнасць жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МКАЎСКАЯ ЦА́ЦКА, вяцкая, кіраўская цацка,
рускі нар.маст. промысел у слабадзе Дымкава (цяпер у межах г. Кірава, Расія). Існуе здаўна (у літаратуры згадваецца з 1811). Д.ц. лепяць з гліны, абпальваюць і па грунце размалёўваюць тэмперай, аздабляюць сусальным золатам; характэрны абагульненасць і гратэскавасць формаў. Матывы і старадаўнія, і новыя («барыня», «нянькі», казачныя сюжэты, сцэны побыту, анімалістычныя выявы). Яркая дэкаратыўная размалёўка ўключае геам. арнамент і мае імправізаваны характар. У 1919 створана майстэрня (з 1942 — цэх т-ва «Кіраўскі мастак», з 1956 — цэх у складзе Маст.-вытв. майстэрняў Кіраўскага аддзялення Маст. фонду Расіі).
Да арт.Дымкаўская цацка. З.Пенкіна. Руская зіма. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар.эканам.арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.