самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл.бас. 198,5 тыс.км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м.Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй заг. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́Т (ваен.),
ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.
Першы аўтамат створаны ў Расіі У.Р.Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял.Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.Ц.Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў замін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў замін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.
Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.
Аўтамат канструкцыі М.Ц.Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.
Адбыліся ў кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел.нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш.навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу зант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;
О первой философии;
Книга о пяти сущностях;
Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.
Літ.:
Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзя, якія забяспечваюць перадачу сігналаў ад перадатчыка да прыёмніка; састаўная частка сістэмы сувязі. Паводле фіз. прыроды сігналаў, якія перадаюцца, адрозніваюць Л.с. эл., аптычныя, акустычныя і інш.
У электрасувязінайб. выкарыстанне знайшлі эл. і аптычныя Л.с. Эл. лініі падзяляюцца на правадныя (паветраныя і кабельныя) і лініі радыёсувязі. У правадных Л.с. сігналы распаўсюджваюцца па стальных, медных або біметал. правадах, падвешаных на апорах з дапамогай ізалятараў. Кабельныя лініі сувязі пракладваюцца ў зямлі, падвешваюцца на апорах і інш. Аптычныя Л.с. бываюць адкрытыя (асяроддзе распаўсюджвання эл.-маг. ваганняў светлавога дыяпазону — паветра, касм. прастора; гл.Аптычная сувязь) і закрытая (штучнае асяроддзе. ізаляванае ад знешняга ўздзеяння). Л.с. з штучным асяроддзем са шклянога валакна наз. валаконна-аптычнымі — ВАЛС (гл.Валаконна-аптычная сувязь). Для адначасовай перадачы сігналаў выкарыстоўваюць ушчыльненне Л.с.: частотнае, пры якім сігналам кожнага канала сувязі адводзіцца пэўная, дакладна абмежаваная частка рабочага дыяпазону частот, і часавая, пры якім кожны канал перыядычна (па чарзе) падключаецца на пэўны час да Л.с. Аснову сучасных сетак электрасувязі складаюць кабельныя Л.с. і ВАЛС.
На Беларусі (1999) працягласць кабельных Л.с. складае больш за 21,5 тыс.км, ВАЛС — больш за 3 тыс.км. Паветраныя Л.с. захаваліся ў мясц. сетках сувязі, яны паступова замяняюцца кабельнымі і валаконна-аптычнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,
палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.Я.Святлоў, М.І.Сакалоў, М.І.Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс.чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся злевымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),
штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс.км². Нас. 6,1 млн.чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г.Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр.ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 ммза год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал.ін-т. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл.Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання згрунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.
добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.