ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,
лацінскі зборнік 2-й пал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняя гіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл.Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН (Валерый Мікалаевіч) (н. 30.1.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-рмед.н. (1974). Акад.Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акад.Міжнар.АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;
Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;
Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯПётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч
(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.Я.Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл.Іл.гл. таксама ў арт.Багданчук С.Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),
князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.