комплекс інжынерных збудаванняў і ўладкаванняў у паласе адводу, якія ўтвараюць дарогу з накіравальнай чыгуначнай каляёй для руху цягнікоў. Бываюць галоўныя, бакавыя, станцыйныя і інш. Выкарыстоўваецца на чыгунках, метрапалітэне, прамысл. прадпрыемствах і інш.
Асн. элементы Ч.п.: верхняя будова, якая ўспрымае нагрузку ад трансп. сродкаў і перадае яе на земляное палатно і грунтавую аснову (уключае чыг.рэйкі і іх мацаванні, стрэлачныя пераводы, шпалы, пераводныя і маставыя брусы, баластавы слой, проціўгоны і інш.); земляное палатно і штучныя збудаванні (чыгуначныя масты, тунэлі, цягавыя падстанцыі, водапрапускныя трубы, дзюкеры, дамбы, фільтравальныя насыпы і інш.). Ч.п. мае спец. ахоўныя збудаванні, сігнальныя і пуцявыя знакі. Для злучэння і развіцця Ч.п. робяцца стрэлачныя вуліцы, з’езды, паваротныя трохвугольнікі, сартавальныя горкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,
павелічэнне рэгіструемых назіральнікам даўжынь хваль λнэл.-магн. выпрамянення ў параўнанні з іх значэннямі λк ва ўласнай сістэме адліку крыніцы выпрамянення; зрушэнне ліній у бок чырвонай часткі спектра.
Узнікае ў выніку Доплера эфекту ці гравітацыйнага зрушэння. Характарызуецца велічынёй z = (λн − λк)/λк. Абумоўленае эфектам Доплера Ч.з. ўзнікае пры аддаленні крыніцы выпрамянення ад назіральніка (прыёмніка). У прыватнасці, з-за расшырэння Сусвету ў спектрах галактык і квазараў назіраецца касмалагічнае Ч.з. Рэкорднае (2002) вымеранае значэнне ζ для квазараў складае 6,28, для галактык — 6,56. Найбольшае касмалагічнае Ч.з. мае рэліктавае выпрамяненне. Гравітацыйнае Ч.з. ўзнікае, калі прыёмнік знаходзіцца ў вобласці з меншым гравітацыйным патэнцыялам, чым крыніца выпрамянення. Яно назіраецца ў спектрах Сонца і інш. зорак. У 1959 упершыню было вымерана Ч.з., выкліканае гравітацыйным полем Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦЁР, шатровае пакрыццё ў архітэктуры,
завяршэнне будынка (храма, вежы, ганка і інш.) ці яго часткі ў выглядзе высокай 4-граннай ці шматграннай піраміды. Выконваліся з цэглы (нахіленымі радамі ці напускам гарыз. радоў цаглін) і дрэва (мелі вянковую ці каркасную канструкцыі). Вядомы ў дойлідстве многіх народаў свету пры завяршэнні будынкаў або памяшканняў з цэнтрычнай формай плана. Пашыраны пераважна ў рус. дойлідстве 16—18 ст. На Беларусі пакрыцці ў выглядзе Ш. вядомы са старажытнасці. Найб. пашырэнне атрымалі ў 16 — пач. 20 ст. Часцей іх будавалі над замкавымі вежамі (замкі ў г.п. Мір Карэліцкага, Любча Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.), ратушах, званіцах (г.п. Шарашова і в. Вяжное Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), храмах (царква ў в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.). Рабілі Ш. таксама над галерэямі і ганкамі (Ільінская царква ў Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРАПНЕ́ЛЬ,
артылерыйскі снарад, корпус якога запоўнены паражальнымі элементамі (сферычныя кулі, стрыжні і інш.) для знішчэння адкрытай жывой сілы. Прапанавана ў 1803 англ. афіцэрам Г.Шрапнелем (адсюль назва). Снарад складаўся з дыяфрагмы, выбіўнога зарада з цэнтр. трубкай і дыстанцыйнага ўзрывальніка для разрыву ў зададзеным пункце траекторыі (над цэллю). Да 1-й сусв. вайны быў асн. снарадам палявой артылерыі. Страціў сваё значэнне ў пач. 1940-х г., калі на замену Ш. прыйшлі асколачныя і асколачна-фугасныя снарады. У канцы 1960-х г. з’явіліся артыл. снарады з гатовымі забойнымі элементамі — стрэлападобнымі стальнымі стрыжнямі (даўж. 25 мм і масай 0,5 г), аднак назва «Ш.» да іх не ўжываецца.
Кулявая шрапнель у палёце і ў момант раскрыцця снарада: 1 — выбіўны зарад; 2 — дыяфрагма; 3 — кулі; 4 — корпус; 5 — цэнтральная трубка; 6 — дыстанцыйны ўзрывальнік; 7 — прышрубная галоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНАЕ ДЫХА́ННЕ, штучная вентыляцыя лёгкіх, дыханне, якім кіруюць,
увядзенне паветра ў лёгкія і выдаленне яго адтуль штучнымі метадамі (з выкарыстаннем інструментаў і апаратаў або без іх) для аднаўлення самаст. дыхання пры часовай адсутнасці яго. Адзін з метадаў рэанімацыі.
Метады Ш.д.: удзіманне (з роту ў рота, у нос і інш.) і вонкавыя метады змены аб’ёму грудной клеткі, якія рэдка выкарыстоўваюцца (боксавы і кірасны рэспіратары). Ш.д. часам спалучаюць з закрытым масажам сэрца. Асобны від Ш.д. — дыфузнае дыханне (бесперапыннае ўвядзенне кіслароду ў лёгкія праз маску, трубку і інш. пры адсутнасці дыхальных рухаў). Выкарыстоўваецца пры спыненні або недастатковай натуральнай вентыляцыі лёгкіх у выпадках хваробы, траўмы, клінічнай смерці або пры выкананні некат. хірург. аперацый пад наркозам, пры інтэнсіўнай тэрапіі.
І.М.Семяненя.
Штучнае дыханне: 1 — з рота ў рот; 2 — з рота ў нос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУА́НЫ (франц. chouans, паводле пашыранай версіі ад chat-huant сава, крык якой капіравалі шуаны, падаючы ўмоўныя сігналы),
раялісцкія паўстанцы (сяляне, дваране, апазіц. духавенства), якія дзейнічалі на ПнЗ Францыі ў 1792—1803 у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 і Консульства. Кіраўнік (з канца 1793) — сын селяніна Ж.Кадудаль, але ідэйнае кіраўніцтва належала дробнамаянтковым дваранам і святарам. Выступалі за аднаўленне манархіі Бурбонаў, супраць абмежавання рыначных цэн на харчаванне, ваен. рэквізіцый, мабілізацыі сялян у армію і інш. захадаў рэсп. урадаў. Карысталіся падтрымкай Вялікабрытаніі і контррэв. эмігрантаў. Удзельнічалі ў вандэйскіх войнах, у т. л. падтрымалі высадку эмігрантаў на п-ве Кіберон у Брэтані ў чэрв.—ліп. 1795. Нягледзячы на паражэнні, Ш. змагаліся да 1803, калі іх рух быў канчаткова задушаны. Кадудаль у 1804 пакараны смерцю за арганізацыю замахаў на Напалеона I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ЭКСПЕРЫМЕ́НТ,
навукова пастаўлены дослед, які ўяўляе сабой штучнае ўзнаўленне эканам. з’явы або працэсу з мэтай праверкі эфектыўнасці прызначаных да рэалізацыі гасп. мерапрыемстваў; від сацыяльнага эксперыменту ў галіне сістэмы кіравання грамадствам. Спалучае глыбокае веданне эканам. працэсаў і з’яў з праверкай правільнасці і эфектыўнасці пэўных гіпотэз, што важна для эканам. навукі, якая ў адрозненне ад прыродазнаўчых дысцыплін не можа назіраць асобныя гасп. працэсы ізалявана ад усіх грамадскіх з’яў. Пры ажыццяўленні Э.э. правяраюцца тэарэт. высновы пра новыя метады і паказчыкі прагназіравання, матэрыяльнага стымулявання, ацэнкі дзеяння гасп. суб’ектаў і іх падраздзяленняў, вывучаецца эфектыўнасць новай тэхнікі і г.д. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў перыяд карэннай перабудовы гасп. механізму кіравання прадпрыемствамі, галінамі вытв-сці і ў шэрагу інш. выпадкаў. Пры аналізе вынікаў Э.з. выкарыстоўваюцца метады матэматычнай статыстыкі, у прыватнасці, карэляцыйнага аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ КАМІ́СІІ ААН,
пастаянныя органы Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), якія займаюцца вывучэннем рэгіянальных эканам. праблем адпаведных рэгіёнаў свету, распрацоўкай мерапрыемстваў і сродкаў па аказанні садзейнічання эканам. і сац. развіццю рэгіянальных членаў супольнасці шляхам каардынацыі іх дзеянняў і правядзення ўзгодненай палітыкі, накіраванай на вырашэнне кардынальных задач развіцця галін эканомікі і ўнутрырэгіянальнага гандлю. Складаюцца з 5 рэгіянальных камісій: для Афрыкі (ЭКА; створана ў 1958, 55 дзяржаў-членаў), Еўропы (ЭКЕ; створана ў 1947, 53 дзяржавы-члены), Лац. Амерыкі і Карыбскага басейна (створана ў 1948, у 1951 пераўтворана ў пастаянную камісію для Лац. Амерыкі, 41 дзяржава-член, 7 асацыіраваных), Азіі і Ціхага акіяна (ЭСКАТА; створана ў 1947, пастаянны орган з 1951, 49 дзяржаў), для Зах. Азіі (ЭСКЗА; створана ў 1973, 13 дзяржаў-членаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКУМЕНІ́ЗМ (ад грэч. oikumenē населены свет, Сусвет), экуменічны рух,
рух супраць размежавання паміж рэліг. канфесіямі, за іх збліжэнне і супрацоўніцтва. Хрысц. экуменічны рух узнік у пач. 20 ст. па ініцыятыве пратэстанцкіх цэркваў ЗША і Зах. Еўропы. Арганізацыйна аформлены ў 1910 на Сусв. місіянерскай канферэнцыі ў г. Эдынбург (Вялікабрытанія). У 1948 у Амстэрдаме створаны міжнар. цэнтр Э. — Сусветны савет цэркваў (ССЦ). Рус.правасл. царква прынята ў ССЦ у 1961. Рымска-каталіцкая фармальна не ўваходзіць у ССЦ, але Ватыкан падтрымлівае экуменістычныя ідэі і супрацоўнічае з ССЦ. Сучасны Э. прадугледжвае арганізацыю супрацоўніцтва паміж хрысц. і нехрысц. канфесіямі пры вырашэнні розных праблем сац.-эканам. і культ. характару (міжканфесіянальная цярпімасць, пошук кампрамісаў, наладжванне дыялогаў і г.д.).
Літ.:
Проблемы экуменизма и миссионерской практики. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫХ ПРЫЛА́Д ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна машынабудавання, прадпрыемствы якой вырабляюць разнастайныя прылады для вымярэння эл., а таксама неэл. (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Гал. прадукцыя такіх прадпрыемстваў — амперметры, вальтметры, омметры, фарадметры, лічыльнікі эл. энергіі. На Беларусі працуе больш за 15 прадпрыемстваў Э.п.в. Найбуйнейшыя з іх: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі (асцылографы, вальтметры, мультыметры, ЗВЧ-прыёмнікі і інш.), Мінскі электрамеханічны завод (лічыльнікі электраэнергіі, тахометры і інш.), Мінскі доследны завод «Эталон», прадпрыемства «Дысплей» (Мінск; вальтметры), Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» (электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.), Наваполацкі завод «Вымяральнік» (сілавая электроніка для энергазберажэння і інш.). Прадпрыемствы галіны працуюць таксама ў Гомелі, Магілёве, Брэсце.