залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс.чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр.Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр.Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 4—6.2.1976 у Мінску. Прысутнічала 789 дэлегатаў ад 506 220 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.М.Макараў); аб праекце ЦККПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд адобрыў дзейнасць ЦККПБ па выкананні рашэнняў XXIV з’езда КПСС, заданняў 9-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, праект ЦККПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» і даручыў ЦККПБ і СМБССР на яго аснове распрацаваць 10-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 139 чл. і 65 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 45 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 27—29.1.1981 у Мінску. Прысутнічала 796 дэлегатаў ад 595 311 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (Ц.Я.Кісялёў), Рэвіз. камісіі КПБ (Дз.В.Цябут); аб праекце ЦККПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» (А.Н.Аксёнаў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд абмеркаваў і адобрыў праект ЦККПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМБССР і інш.дзярж. органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканам. і сац. развіцця БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 157 чл. і 71 канд. ў чл., Рэвіз. камісію КПБ з 49 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1981.