Тру́пша іран. ‘той, хто многа есць’ (маст., Сл. рэг. лекс.). Экспрэсіўнае найменне ад трупа́ць (гл.) з суф. ‑ша, які ўтварае назвы асоб паводле ўласцівага ім дзеяння («з экспрэсіяй зніжанасці», гл. Сцяцко, Афікс, наз., 76), хутчэй за ўсё, пад балцкім уплывам (параўн. адпаведны літоўскі суфікс, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 223–225).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тупі́ца ‘тупая сякера’, ‘тупы, някемлівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Руб., ТС, Касп., Пятк. 2, 3), ‘тупая сякера’ (Чач., Бяльк., Варл.), ст.-бел. тупица ‘тупая сякера, каса і пад.’ (1590 г., ГСБМ). Да тупы (гл.), паводле Борыся (631–632), першапачаткова ў адносінах да прылад, пазней — у адносінах да чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турку́ць ‘туркач, мядзведка’ (шальч., Сл. ПЗБ). З літ. turkùtis ‘тс’ (Грынавяцкене, там жа, 5, 148). Параўн., аднак, польск. turkuć ‘тс’, якое Брукнер (585) разглядае як вытворнае ад turkać (гл. туркаць 1); паводле Бяднарчука (Językowy obraz WKL, 19), turkuć ‘від жука’ фіксуецца з канца XIV ст. у лацінскамоўных дакументах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ, Губернскія вучоныя архіўныя камісіі,

губернскія ўстановы па зборы гіст. крыніц у Расіі ў 1884—1918. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археал. ін-та М.​В.​Калачова. Дзейнічалі ў 41 губ. Рас. імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13.4.1884 іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гіст. архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. У.​І.​Пічэта), пісьменнікі (М.​Горкі, У.​Г.​Караленка). Камісіі арганізоўвалі б-кі, музеі, збіралі этнагр. матэрыял, праводзілі археал. раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; усяго выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археал. ін-ту, пасля — Рускаму гіст. т-ву.

Літ.:

Самошенко В.Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138;

Макарихин В.П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДНІКІ,

ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або дарма ўчасткі (асады — адсюль назва). Да 1930 у Зах. Беларусь пераселена 4434 вайсковыя Асаднікі, у 1920—30-я г. — некалькі тысяч цывільных. Яны былі аб’яднаны ў Польскі саюз ускраін, падтрымлівалі палітыку паланізацыі бел. і ўкр. народаў, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі, выкарыстоўваліся ўладамі для барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухам. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР Асаднікі былі дэпартаваны ва ўсх. раёны СССР. У Вял. Айч. вайну б. ч. іх уступіла ў Польскую армію пад камандаваннем ген. У.​Андэрса, якая была сфарміравана на тэр. СССР. Пасля 2-й сусв. вайны паводле пагадненняў паміж сав. і польск. ўрадамі сем’і Асаднікаў вярнуліся ў Польшчу.

У.​А.​Палуян.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,

кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт, Р.​Кронер, Э.​Ласк, Г.​Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).

Літ.:

Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст. М., 1933;

Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.

В.​П.​Пешкаў.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,

ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.

Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.

Балістычная ракета: 1 — насавы адсек; 2 — прылады кіравання; 3 — акісляльнік; 4 — гаручае; 5 — паліўная помпа; 6 — помпа для акісляльніку; 7 — турбіна; 8 — камера згарання; 9 — сапло; 10 — газавы руль; 11 — паветраны руль; 12 — стабілізатар.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.

В.​С.​Цітоў.

Бандарныя вырабы.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,

вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́КАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.

У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.​А.​Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.​П.​Шмітам.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)