археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.
археалагічныя культуры сярэдняй пары верхняга палеаліту (каля 23—17 тыс.г. назад) на тэр.Зах., Цэнтр, і Усх. Еўропы, аб’яднаныя шэрагам агульных рыс. Назва ад стаянак каля мяст. Вілендорф (Аўстрыя) і в. Касцёнкі (Варонежская вобл., Расія). Уключае вілендорфскую, паўлаўскую (Маравія) культуры, касцёнкаўска-аўдзееўскую культуру, а таксама асобныя стаянкі (Бердыж, Кракаў-Спадзіёта, Польшча) і інш. Насельніцтва займалася паляваннем, вырабляла крамянёвыя прылады (наканечнікі, нажы, праколкі, пласціны з рэтушшу), багата арнаментаваныя рэчы з косці і іклаў маманта, зааморфныя і антрапаморфныя фігуркі з косці і мергелю. Для гэтых культур характэрны своеасаблівыя жыллёвыя комплексы: адкрытыя пляцоўкі з шэрагам агнішчаў, абкружаныя зямлянкамі і ямамі-сховішчамі. Многія даследчыкі разглядаюць Вілендорфска-Касцёнкаўскае культурнае адзінства як адзіную археал. культуру.
А.В.Іоў.
Да арт.Вілендорфска-касцёнкаўскае культурнае адзінства. «Вестаніцкая Венера» паўлаўскай культуры (Маравія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
антыўрадавая тайная арг-цыя на Беларусі і ў Літве ў 1796—97. Засн. ў Вільні вясной 1796 для барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791. Мела праграму «Акт Віленскага паўстання» (1797) і статут «Артыкулы членам асацыяцыі». Асацыяцыя ўключала пераважна прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, яе ўзначальвалі ксяндзы Ф.Цяцерскі і В.Зюлкоўскі, жыхар мяст. Камень Мінскай губ. С.Юдзіцкі. На месцах утвараліся таварыствы-адгалінаванні («асацыяцыі» не больш за 15 чал.), якія падзяляліся на аддзелы («дэцэзіі» па 4—5 чал.). Восенню 1797 Віленская асацыяцыя раскрыта царскімі ўладамі. Па справе праходзіла больш за 70 чал. Усе ўдзельнікі Віленскай асацыяцыі прыгавораны сенатам да смяротнай кары. Паводле загаду імператара Паўла I яна заменена цялеснымі пакараннямі і катаржнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛЯ́Р ((Abélard) П’ер) (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),
французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус.пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Міхал Лявон) (? — 22.10.1668),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас.ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл.Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.Салятыцкага і карціна мастака П.Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс.чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).