ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.Быкава, Я.Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.Сент-Экзюперы, М.Булгакава, Б.Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел.нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л.найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш.Майстармаст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,
народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар.т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.
Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.Пратасевіч (г. Узда), В.Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.Высоцкі і А.Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.Маленчык (г. Шчучын), М.Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.С.Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.А.Высоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр.са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус.са́ни, ст.-рус.сани, ст.-рус., ц.-слав.сань ’змяя’, польск.sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж.sanje, н.-луж.sáne ’сани’, чэш.sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац.sane ’сані’, серб.-харв.са̏они, славен.sanȋ, балг.са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін.cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат.čana ’сані’, казах.šana, манг.čana, бурац.sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл.*sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ.šónas ’старана’, лат.sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч.σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец.з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІ МАНАСТЫ́Р.
На Салавецкіх а-вах у Белым м. ў Архангельскай вобл. Расіі. Засн. ў 1429—36 манахамі Германам і Саваціем. З 15—16 ст. меў вял. зямельныя ўладанні па берагах Белага м., вёў развітую сельскую гаспадарку, саляны, рыбалавецкі, зверабойны, жалезны і інш. промыслы. Неаднаразова адбіваў напады шведаў (1571, 1582, 1611), у 1613 манастырскі атрад выцесніў з Карэліі войскі Рэчы Паспалітай і б. прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У сувязі з непрызнаннем манахамі царк. рэформы патрыярха Нікана адбылося Салавецкае паўстанне 1668—76. З 1765 стаўрапігіяльны, г.зн. непасрэдна падначалены Сіноду манастыр. У крымскую вайну 1853—56 С.м. летам 18 5 4 вытрымаў абстрэл брыт. эскадры. З 16 ст. выкарыстоўваўся як месца зняволення. Сярод вязняў былі пісьменнікі-публіцысты Максім Грэк і Аўрамій Пал шын, касімаўскі царэвіч Сімяон Бекбулатавіч, дыпламат П.А.Талстой і інш. У 1903 салавецкая турма скасавана, у 1920 адноўлена. У 1923 манастыр скасаваны, у 1923—37 на яго тэр. існавалі Салавецкія лагеры асобага прызначэння, у 1937—39 — Салавецкая турма асобага прызначэння. Сярод вязняў сав. часу бел. пісьменнік Ф.Аляхновіч, рус. філосаф П.А.Фларэнскі, даследчык стараж.рус. л-ры Дз.С.Ліхачоў і інш. У 1942—45 тут размяшчалася Школа юнгаў Паўн. флоту. З 1974 на астравах дзейнічае Салавецкі дзярж.гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік. У 1991 манастыр вернуты царкве.
Тэр. С.м. абкружана магутнымі сценамі (выш. 8—11 м, таўшчыня 4—6 м) з 7 варотамі і 8 вежамі (1584—94, майстар Трыфан), складзенымі пераважна з вял. неапрацаваных камянёў-валуноў. Больш за 100 гадоў пабудовы манастыра былі драўляныя, у 1485 і 1538 знішчаны пажарам. Пры перабудове каменныя храмы захавалі рысы папярэдніх драўляных. Ініцыятар перабудовы ігумен П.Колычаў для ўзвядзення манум. храмаў прывёз у 1552 майстроў Салку і Сталыпу. Будынкі комплексу пастаўлены на адной восі, злучаны крытымі арачнымі пераходамі і абкружаны шматлікімі гасп. і жылымі пабудовамі. Сярод помнікаў: Успенскі сабор (1552—57) з трапезнай (1-стаўповая палата пл. 500 м²), Спаса-Праабражэнскі сабор (1558—66, 3-ярусны, з выразнай пірамідальнасцю асн. аб’ёму і 4 вежападобнымі прыдзеламі па вуглах), царква Дабравешчання (1596—1601), іканапісная палата (1615), вадзяны млын (пач. 17 ст.), званіца (1777), цэрквы Філіпаўская (1797—98, перабудавана ў 19 ст.) і Мікалая (1834), Троіцкі сабор (1856—59). У 1930-я г. комплекс пашкоджаны, цяпер у стане рэстаўрацыі. С.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Фруменков Г.Г. Соловецкий монастырь и оборона Беломорья в XVI—XIX вв. Архангельск, 1975;
Скопин В.В. На Соловецких островах. М., 1990;
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ. М.;
Мн., 1990. Т. 2. С. 28—68;
Архитектурно-художественные памятники Соловецких островов. М., 1980;
Скопин В.В., Щенникова Л.А. Архитектурно-художественный ансамбль Соловецкого монастыря. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МКА МАСТА́ЦКАЯ,
плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабы дэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г. для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.Агафоненка, К.Арцёменка, К.Асташэвіч, Л.Блохава, Л.Главацкая, Г.Іванова, Н.Кузняцова, Л.Лось, Н.Панцялеева, Г. і Я.Саламянкі, Г.Саланінка, В.Салдатава, Г.Сапун, Т.Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».
Да арт.Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.Да арт.Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.Да арт.Саломка мастацкая. Т.Агафоненка. Конь. 1994.