Касцю́м ’касцюм’ (ТСБМ, БРС). Гэта слова сустракаецца і ў гаворках, куды яно патрапіла з літаратурнай мовы (параўн., напр., касцю́м, кусцю́м ’тс’ у Сл. паўн.-зах., 2, 435). Непасрэднай крыніцай запазычання для бел. літаратурнага касцюм трэба лічыць рус. костюм ’тс’. У рус. мову гэта слова трапіла, відаць, у канцы XVIII ст. прама з франц. costume (якое, акрамя ’касцюм’, мела таксама значэнне ’звычай, звычка’). Крыніцай франц. слова з’яўляецца італ. costume ’касцюм’, ’звычка’ (і, далей, лац. consuetudo ’звычка, звычай’). Як культурнае слова гэта лексема вядома ў многіх еўрапейскіх мовах. Гл. коратка ў Фасмера, 2, 349; падрабязна ў Шанскага, 2, К, 355. Параўн. яшчэ Слаўскі, 2, 529–530.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Асвяну́ць, освыну́ты ’сустрэць світанне’ (Клім.). Рус. освенуть, рассвенуть ’развіднецца’, укр. освінути ’развіднецца, сустрэць світанне, выздаравець’, свінути(ся) ’развіднецца’, славац. osvitnuť, серб.-харв. осва̀нути ’сустрэць світанне’, славац. svitnuť, серб.-харв. сва̀нути, славен. sveniti ’развіднецца’. Ст.-рус. (ц.-слав.) освьнути ’сустрэць світанне’, свьнути ’развіднецца’ ст.-слав. (о)свитати ’тс’. Параўн. літ. švìsti, švintù ’развіднецца’ і іншыя і.-е. адпаведнікі. У славянскіх мовах форма асвянуць роднасная свет (з чаргаваннем галоснага), у якой група ‑тн‑ упрасцілася ў н (гл. свет). Зважаючы на пашырэнне і даўнасць, можна лічыць гэта слова архаічным праславянскім утварэннем. Міклашыч, 332–333; Праабражэнскі, 2, 264; Брукнер, 538; Фрэнкель, 1046; Траўтман, 310–311; Покарны, 629; Супрун, Веснік БДУ, 1972, 3.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Астрамок ’невялікі воз (сена)’ (Гарэц., Касп.), астро́мак ’невялікі воз сена, ахапак сена’ (Нас., Гарэц.). Рус. дыял. остро́мок, острё́мок, остра́мок ’тс’, остра́мок доўгі шост у стагу сена’, укр. острямок, настрямок ’невялікі воз сена’, ст.-рус. острамок ’ахапак сена’ (1537). Параўн. настра́мак, стромак ’невялікі воз сена’ (Нас.). Фасмер (3, 166) звязвае з чэш. strom ’ствол, дрэва’, лічыць, што астромак ’сена вакол «строма», г. зн. шаста’. Таксама Безлай, Eseji, 118. Праабражэнскі, 2, 396: да стромкі ’такі, што імкнецца ўверх’, — г. зн. да стремиться. Сувязь з стромка адзначаў ужо Насовіч. Параўн. яшчэ дыял. настраміць ’накалоць’, укр. (у)стромити ’ўваткнуць, усунуць’. Выклікае цяжкасці тлумачэнне розных галосных пад націскам. Няясна. Гл. стромка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ашкі́р ’вокліч пры адгоне авечак’ (Нас., Гарэц., Янк. I, рагач., Арх. ГУ), а шкір! ’адгон авечак (клічуць шкіра‑шкіра!) (бых., Рам. 8, 55), ашкіра (Касп.), ашкыра (докш., Янк. Мат., КЭС, лаг.), «ачкірэ ў поле» ’вокліч, якім гоняць авечак’ (Чач.), рус. смал. ашкырь. Найбольш верагодна з а (узмацняльная часціца) і шкіра, шкыра ’авечка’, ’падзыўное слова для авечак’ (у залежнасці ад інтанацыі можа ўжывацца і як адгоннае), аналагічна да аюсь, юсь і пад.; Карскі (2–3, 86) лічыць слова гукапераймальным; Супрун (Лекс. балтызмы, 44–45) прыводзіць літоўскія формы, распаўсюджаныя на прылягаючай тэрыторыі’ aškìr, aškìre і інш. і спрабуе звязаць іх з літ. atskírti ’адлучаць’, лат. atškirt ’тс’. Спецыяльна гл. Машынскі, Kultura I, 134.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мана́ ’прыемны пах’ (раг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС; Клім.), ’закваска, смак і пах хлеба, якія залежаць ад дзяжы і закваскі’ (зэльв., карэліц., дзятл., лях., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’нектар’ (лях., Сл. ПЗБ), лельч. мона́ ’сок з кветак’ (Нар. лекс.), мана́ ’ўзмах’, ’подых, павеў’ (Нас.), мані́ць ’патыхаць’ (ТС), бяроз., драг., стол. мані́ты, мані́тэ ’прыемна пахнуць’ (Нар. лекс., Шатал., КЭС), драг., кобр. манюшчы ’духмяны’ (Нар. лекс., КЭС). Рус. тамб. мана́, калуж. манна́ст, манна́стый ’прыемны пах’, ’тонкі (пах, густ)’. Бел.-паўд.-рус. ізалекса. Узнікла ў выніку пераносу значэння ’прынада’ > ’прыемны пах’ > ’прыемны смак, нектар’. Укр. бойк. ма́на ’застылы сок некаторых раслін’, балг. мана́ ’падзь’ можна лічыць семантычным варыянтам лексемы ма́нна (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́церка ’маладая, няўмелая маці’, ’самка жывёл, птушак з патомствам’ (Юрч.), мацеркі́, ма́цяркі, мацярке́, ма́ціркі ’жанчыны-маці’, ’маці’ ў мн. л. (ТСБМ, Янк. 1, ТС; зэльв., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Утворана ад мацер(а) ’маці’ як мат‑к‑а. У іншых значэннях лексемы ма́церка, ма́цярка, мацяркі́, мацёрка ’бульба-насенніца’, ’каноплі з насеннем’ (ТС, Сцяц., Сцяшк., Шчарб.; беласт., маст., Сл. ПЗБ; іўеў., Сцяшк. Сл.; шчуч., Нар. лекс.; браг., Мат. Гом.) утвараюць бел.-польск. ізалексу, параўн. польск. maciorki, maciórki, macierki, maciorka ’тс’ (Кандрацюк, Бел.-польск. ізал., 53). Аднак лексема ма́тірка ’жаночыя каноплі’ існуе ў палтаўскіх і бойкаўскіх гаворках, матёрка — у пензенскіх і томскіх. Арашонкава (БЛ, 48) лічыць бел. лексемы запазычаннем з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мотлах, мо́тлух, мо́тлох, мотлахі ’вытраскі, атрэп’е, анучы, акраўкі’, ’пыл, прах’, ’дробная бульба’ (Нас., Грыг., Гарэц., Растарг., ТС; кобр., Нар. лекс.), у мотлах ’на кавалкі’ (усх.-маг., КЭС), ст.-бел. мо́тлохъ ’натоўп, зброд’ (XVI ст.) — апошняе Булыка лічыць запазычаным са ст.-польск. (Лекс. запазыч., 37). Укр. мо́тлох, рус. бран., кур. мотлах, польск. motłoch, motłota. Брукнер (345) звязвае польск. лексему з mietlica ’пустазелле’, у чым Махэк₂ (561) сумняваецца пры разглядзе чэш. smotlacha ’пустазелле’, зах.-славац. šmatluha, валаш. smotlaka ’нячыстае зерне’. Мяркулава (Этимология–1974, 71–74) узводзіць іх да прасл. telkti ’таўчы’ і прызнае наяўнасць экспрэсіўнага прэфікса mo‑ (з варыянтамі ma‑, me‑, mu‑). ЕСУМ (3, 522) звязвае з motati, metati.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)