ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.Э.Дзяржынскага, Я.Э.Рудзутака, Е.М.Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час. «Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССР паліт. рэпрэсій.
У.М.Міхнюк.
т. 15, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА З’ЯДНА́НЫХ СЛАВЯ́Н,
тайная рэв. арганізацыя. створаная ў пач. 1823 у г. Наваград-Валынскі на аснове б. Т-ва сяброў прыроды братамі А.І. і П.І.Барысавымі і паліт. ссыльным Ю.К.Люблінскім. Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 чл. Выступала праціўнікам прыгоннага права, саслоўнага ладу і самадзяржаўя; дамагчыся «дэмакратычнага праўлення» збіралася шляхам узбр. паўстання з удзелам народа. Члены т-ва вялі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на паліт. актыўнасць сялян. Гал. мэта т-ва — аб’яднанне ўсіх слав. і некат. суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. У вер. 1825 т-ва па прапанове С.І.Мураўёва-Апостала і М.П.Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. Не менш чым 12 «славян» запісаліся ў атрад царазабойцаў. 26 членаў т-ва ў 1826 асуджаны Вярх. крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.
Літ.:
Нечкина М.В. Общество соединенных славян. М.; Л., 1927;
Яе ж. Движение декабристов. Т. 2. М., 1955;
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙНАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі 18 ст. Засн. Пятром I у лют. 1718 у Маскве як часовая надзвычайная камісія па справе царэвіча Аляксея Пятровіча. З сак. 1718 у Пецярбургу (да 1723 філіял у Маскве), дзе набыла пастаянны характар. Разглядала найважнейшыя паліт. справы: замахі на цара і вышэйшых саноўнікаў, спробы паліт. пераваротаў, дзярж. здрада, шпіянаж. буйныя казнакрадствы і хабарніцтвы, антыўрадавыя паўстанні, раскольніцтва і інш. Падпарадкоўвалася асабіста цару і часткова Сенату. Складалася з установы (2—4 «міністры», ці суддзі, з якіх адзін — П.А.Талстой — лічыўся гал. начальнікам) і ўласна канцылярыі (2—4 канцылярысты і 4—6 падканцылярыстаў і капіістаў). Прыгаворы «міністраў» зацвярджаў цар, часам і сенат. Следства суправаджалася катаваннямі. Т.к. скасавана Кацярынай I (указ ад 8.6.1726), функцыі перайшлі да Праабражэнскага прыказа (1695—1729, таксама орган паліт. вышуку і суда) і Вярхоўнага тайнага савета. У 1731 адноўлена пад назвай Канцылярыя тайных і вышуковых спраў (або проста Т.к.), якую скасаваў Пётр III указам ад 23.2.1762.
Літ.:
Рууд Ч., Степанов С. Фонтанка. 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЗДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Уздзенскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Уздзенскіх падп. парт. к-та (сакратар С.П.Шыбко), райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 6 груп (больш за 150 чал.) у г. Узда, вёсках Бярвішчы (кіраўнік І.А.Дубовік), Возера (Е.М.Курбыка), Магільна (Г.В.Суслава), Нізок (П.Ф.Валожын), Цялякава (М.Д.Шымановіч). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, стварылі партыз. атрад (камандзір М.М.Нікіцін). Члены падполля ў бальніцы г. Узда і падп. шпіталі ў в. Данілавічы лячылі параненых сав. байцоў, выраблялі халодную зброю для ваеннапалонных, што рыхтаваліся да ўцёкаў з канцлагераў Мінска, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, паперу для лясных друкарняў, бланкі ням. пропускаў, разведданыя, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе насельніцтва на работы ў Германію, праводзілі дыверсіі на працуючых прадпрыемствах. За час вайны загінула каля 30 падпольшчыкаў.
А.М.Папко.
т. 16, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ГА (ад лац. fuga бег, уцёкі),
поліфанічны муз. твор, засн. на імітацыйным правядзенні ва ўсіх галасах адной, радзей дзвюх і болей тэм па пэўным танальна-гарманічным плане; найвышэйшая форма поліфаніі.
Адрозніваюцца колькасцю тэм (простыя — на адну тэму, двайныя — на 2, трайныя — на 3 і г.д.) і галасоў (найб. пашыраны 3- і 4-галосыя). Тэма Ф. выразная, вобразна акрэсленая. Раздзелы Ф.: экспазіцыя, дзе тэма праводзіцца па чарзе ўсімі галасамі ў гал. і дамінантавай танальнасцях, распрацоўка з больш свабодным танальным планам, рэпрыза — заключная частка з перавагай гал. танальнасці і больш сціплым паследаваннем імітацый (стрэта). Асн. раздзелы, а часам асобныя правядзенні тэмы злучаюцца інтэрмедыямі. Развівалася ў 17 ст. з канцоны, рычэркара, матэта, дасягнула кульмінацыі ў творчасці І.С.Баха і не страціла значэння да нашага часу. Часта Ф. папярэднічае прэлюдыя ці інш. ўступная п’еса імправізац. складу (фантазія, таката). Можа ўваходзіць у санатны, сюітны ці варыяцыйны цыкл, у буйную вак.-сімф. кампазіцыю (араторыя, меса і інш.). У бел. музыцы вядомы Ф. для фп. Дз.Камінскага.
Літ.:
Золотарев ВА Фуга. 3 изд М., 1965;
Теория фуги: Сб. Л., 1986.
А.А.Саламаха.
т. 16, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЗЯНСУ́,
правінцыя на У Кітая, па ніжнім цячэнні р. Янцзы. Абмываецца Жоўтым і Усх.-Кітайскім морамі. Пл. 102,6 тыс. км². Нас. 73,55 млн. ж. (2001); адзін з найб. шчыльна заселеных раёнаў Кітая. Адм. ц. — г. Нанкін. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Вял. Кітайскай раўніны. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -0,6 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. рака — Янцзы. Воз. Хунцзэху. Ц. — эканамічна развіты індустр.-агр. раён Кітая. Здабыча кам. вугалю, жал. руды, апатытаў, кааліну, солі. Прам-сць; машынабудаванне (судны, лакаматывы, трактары, станкі, горнае абсталяванне, электратэхніка, электроніка), металургія, лёгкая, хім., цэм., шкляная, керамічная, харчовая. Саматужныя промыслы і маст. рамёствы. Шматгаліновая сельская гаспадарка з перавагай земляробства. Буйныя арашальныя сістэмы. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, ячмень, боб, кукурузу, батат. Ц. — адзін з гал. раёнаў баваўнаводства і шаўкаводства. Развіта свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскі промысел. Суднаходства па р. Янцзы (даступная для марскіх суднаў на ўсёй тэр. Ц.), Вялікім канале. Гал. прамысл. і партовыя гарады: Нанкін, Усі, Сучжоў, Чанчжоў, Наньтун, Ляньюньган.
т. 17, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ КРАЯЗНА́ЎСТВА,
грамадскі орган па кіраўніцтве краязнаўчым рухам на Беларусі ў 1920—30-я г. Дзейнічала з 1923 пры Інбелкульце, у 1929—36 пры АН Беларусі. Старшыні М.І.Бялуга, В.А.Серафімаў, адказны сакратар С.В.Скандракоў, навук. сакратары М.І.Каспяровіч, В.А.Самцэвіч і інш. У бюро працавалі М.Азбукін, К.Крапіва, В.Пераход, У.Пічэта, А.Фядзюшын. Вывучала формы, метады і кірункі краязнаўчай работы, вяла ўлік краязнаўчых т-ваў і гурткоў, аказвала ім метадычную дапамогу, забяспечвала л-рай і бібліягр. інфармацыяй, каардынавала іх дзейнасць з дзярж. навук. арг-цыямі. Шырока прапагандавала краязнаўчую работу. Садзейнічала падрыхтоўцы краязнаўчых кадраў: праводзіла іх вучобу на спец. курсах, распрацавала план курса па краязнаўстве для ВНУ і тэхнікумаў. З кастр. 1925 выдавала час. «Наш край» (у 1930—33 наз. «Савецкая краіна»), зб-кі, дзе змяшчаліся матэрыялы краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, рэцэнзіі на краязнаўчыя выданні, праграмы і інструкцыі.
Літ.:
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975.
Л.Г.Амяльковіч.
т. 17, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎНЕ́ВІЧ Міхаіл Станіслававіч (н. 25.3.1922, в. Кліны Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. настаўнік Беларусі (1972). Д-р філал. н. (1982), праф. (1984). Скончыў магілёўскія настаўніцкі (1945) і пед. (1947) ін-ты. З 1952 у Бел. пед. ун-це (у 1982—93 заг. кафедры). Даследуе сінтаксіс сучаснай бел. літ. мовы, праблемы сінтаксічнай сінанімікі. Аўтар прац «Суадносныя прыназоўнікавыя канструкцыі і асаблівасці іх ужывання ў беларускай і рускай мовах» (1960), «Канструкцыі з прыназоўнікам за ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1961), «Ужыванне прыназоўніка па ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1965), сааўтар навуч. дапаможнікаў «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» (3-е выд. 1987), «Беларуская мова» (1991), «Сучасная беларуская мова. Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія» (3-е выд. 1993), «Сучасная беларуская мова. Марфалогія» (1997), «Беларуская мова: Дапаможнік для абітурыентаў» (3-е выд. 1997), «Сучасная беларуская мова: Кантрольныя працы» (2000), школьных падручнікаў па бел. мове для 6—9 класаў (1963—95) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: (Прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі з прасторавым значэннем). Мн., 1977.
П.А.Міхайлаў.
т. 18, кн. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛЕ́ЎСКІ-КО́ЗЕЛ Альфонс Фаміч (1809 або 1815, в. Быкаўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1890),
расійскі прадпрымальнік, мецэнат. З роду Паклеўскіх-Козелаў. Скончыў школу дамініканцаў у мяст. Ушачы, калегіум піяраў, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830-я г. на дзярж. службе ў Рас. імперыі, з 1838 губернскі сакратар, чыноўнік па асобых даручэннях пры ген.-губернатару Зах. Сібіры. У 1843 заснаваў першае ў Сібіры параходства. Валодаў залатымі і азбеставымі прыіскамі, жал., сярэбранымі і меднымі руднікамі, капальнямі ізумрудаў і александрытаў, заводамі па вытв-сці чыгуну, жалеза, свечак, хім. з-дам, гутамі і інш. прадпрыемствамі. Найбуйнейшы ў Сібіры вытворца гарэлкі, піва, прадуктаў харчавання. Ініцыятар будаўніцтва чыг. Екацярынбург—Цюмень, адзін са стваральнікаў у 1872 Сібірскага гандл. банка. Займаўся дабрачыннай дзейнасцю: будаваў бальніцы, дзіцячыя прытулкі, багадзельні, клубы, б-кі і фінансаваў іх; дапамагаў сасланым удзельнікам паўстання 1830—31 і 1863—64, пабудаваў у Сібіры і на Урале 5 касцёлаў. Пасля смерці П.-К. яго нашчадкі стварылі гандл. дом «Спадкаемцаў А.Ф.Паклеўскага-Козела».
У.У.Яцкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАВЕ́Й Святлана Іванаўна (н. 28.10.1952, г. Мазыр Гомельскай вобл.),
бел. актрыса тэатра і кіно. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1973). З 1973 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1981 актрыса Т-ра-студыі кінаакцёра. У кіно з 1967. Знялася ў фільмах: «Бабіна царства» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1970), «Камандзір шчаслівай «Шчукі» (1972), «Фронт без флангаў», «Незабытая песня» (абодва 1974), «Порт» (1975), «Памяць зямлі» (тэлефільм, 5 серый; 1976), «Фронт за лініяй фронту» (1977), «Мужнасць» (тэлефільм, 7 серый; 1979—80), «Аўкцыён» (1982), «Не хачу жаніцца» (1994), «Любіць па-руску — 2» (1996), «Любіць па-руску — 3» (1999) і інш. Сярод роляў у Т-ры-студыі кінаакцёра: Раіса, Смельская («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Фантазіі паводле Гогаля»), Наташа («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.Данілава), Алена Пятроўна («Феномены» Р.Горына), Каця («Карнавал у Венецыі» А.Галіна), Мілюкова («Нябачны сябар» Ю.Оснаса), Валянціна («Выкраданне Алены» Л.Вернейля), Мама, Каралева («Шчаўкунок» А.Палешчанковай), місіс Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Элізабет («Стрэмка» Ф.Саган) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)