сям. млекакормячых атр. грызуноў. 1 (2) роды, 4 (8) відаў. Пашыраны на Пд Сярэдняй і Усх. Еўропы, у Пярэдняй і М. Азіі, Паўн.-Усх. Афрыцы. Жывуць у норах у лесастэпах, раўнінных і горных стэпах.
Даўж. да 35 см. маса да 570 г. Цела валькаватае. галава шырокая. шыя і хвост кароткія. Вушныя ракавіны не развіты, вочы пад скурай (адсюль назва), хрусталік рэдукаваны. Разцы тырчаць з рота (С. не рыюць, а выгрызаюць зямлю). Футра шаўкавістае, вохрыста-бурае. Кормяцца пераважна падземнымі ч. раслін. Нараджаюць да 4 дзіцянят за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЫМЕ́РНЫЯ І НЕСУВЫМЕ́РНЫЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,
аднародныя велічыні, што маюць або адпаведна не маюць агульнай меры (велічыні такой жа прыроды), лікавае значэнне якой змяшчаецца цэлы лік разоў у кожнай з іх. Суадносіны сувымерных (несувымерных) велічынь выражаюцца рацыянальным (ірацыянальным) лікам. 2 адрэзкі — старана і дыяганаль квадрата — не маюць агульнай меры, якой бы малой ні была адзінка вымярэння. Несувымерныя таксама плошчы круга і квадрата, пабудаванага на радыусе гэтага круга.
Несувымернасць пэўных адрэзкаў адкрылі стараж.-грэч. матэматыкі. Гэта выклікала крызіс асноў грэч. матэматыкі (яна грунтавалася на паняцці цэлых лікаў як меры ўсіх рэчаў), спрыяла далейшаму развіццю матэматыкі і прывяло да адкрыцця ірацыянальных лікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЯРЭ́ЧНАСЦІ ЗАКО́Н, закон несупярэчнасці, прынцып адмаўлення супярэчнасці,
асноўны лагічны закон, згодна з якім пэўнае меркаванне і яго адмаўленне не могуць адначасова быць сапраўднымі. Сімвалічна запісваецца ў выглядзе формулы A&Ā, дзе A — пэўнае меркаванне, Ā — адмаўленне A, & — знак кан’юнкцыі, рыса над усёй формулай — яе адмаўленне. Упершыню С.з. сфармуляваны Арыстоцелем; сучасную фармулёўку набыў у працах Г.Лейбніца. Закон не закранае супярэчнасцей аб’ектыўнай рэчаіснасці (гл.Супярэчнасць дыялектычная), але выключае лагічныя супярэчнасці ў доказах, тэорыях і навуках. Тэорыі, для якіх С.з. справядлівы, з’яўляюцца несупярэчлівымі; у процілеглых выпадках тэорыі наз. супярэчлівымі, г.зн. непрымальнымі. Гл. таксама Несупярэчлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),
дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ДЗЕНЬ,
прамежак часу ў сем сутак. Існуе амаль ва ўсіх календарах. Уведзены на Стараж. Усходзе. У 1 ст.н. э. запазычаны рымлянамі. 7 дзён Т. атаясамлівалі з вядомымі ў той час 7 планетамі. Субота была названа днём Сатурна, а наступныя па парадку — днём Сонца, Месяца, Марса, Меркурыя, Юпітэра, Венеры. Бел. назвы паказваюць парадак дзён на Т. пасля нядзелі (дня, калі «не дзелаюць», г. зн. не працуюць): панядзелак (адразу «па нядзелі»), аўторак (уторы, г. зн. другі), серада (сярэдзіна Т.), чацвер (чацвёрты), пятніца (пяты); выключэнне — субота [ад стараж.-яўр. сабат (шабаш) — адпачынак, канец працы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЭТО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын бога Сонца Геліяса і німфы Клімены. Каб даказаць сваё паходжанне ад Геліяса, Ф. напрасіўся кіраваць сонечнай калясніцай бацькі, але не справіўся з агнядышнымі коньмі. Калясніца панеслася ў небяспечнай блізкасці ад Зямлі і ледзь не спаліла яе. Каб выратаваць Зямлю, Зеўс маланкай забіў Ф. Міф пра Ф. адлюстраваны ў ант. мастацтве, у творчасці мастакоў Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, П.Рубенса, Н.Пусэна і інш.; кампазітараў Д.Скарлаці, К.Сен-Санса і інш.Найб. значны літ. твор пра міфалагічнага героя Ф. — п’еса П.Кальдэрона дэ ла Баркі «Фаэтон, сын Сонца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАСТЫ́ РАДО́К,
незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы; няцотны радок напаўбелага верша, напісанага 4-радкоўямі. Х.р. можа ўжывацца і ў інш. строфах, напр.:
Ці на небе не мільён зорак льсніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі ж месца там не стала
Для адной, што мне б міргала...
Мусіць трэба было!
(Я.Купала. «Мусіць трэба было»)
Рэгулярныя Х.р. — уласцівасць некат. усх. відаў строф: газелі, рубаі і інш. Асаблівы эфект узнікае пры непрадбачаным з’яўленні Х.р. на фоне зарыфмаваных — парушаецца інерцыя рыфмаванага чакання, таму на Х.р. і найперш на яго апошняе слова звяртаецца найб. ўвага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАКІНЕ́З (ад цыта... + грэч. kinēsis рух), цытатомія,
раздзяленне цела мацярынскай клеткі на 2 даччыныя ў заключнай фазе (тэлафазе) дзялення клеткі і яе ядра. Тыповае, але не абавязковае завяршэнне мітозу. У большасці раслін Ц. адбываецца шляхам утварэння ўнутрыклетачнай перагародкі, у клетках жывёл і некат. раслін — клетачнай перацяжкі.
Плоскасць Ц. звычайна супадае з экватарыяльнай плоскасцю верацяна дзялення. Множныя мітозы часта не суправаджаюцца Ц., а ўтвараюцца гіганцкія мнагаядзерныя клеткі (сімпласты) у клетках эндасперму многіх вышэйшых раслін, плазмодыях міксаміцэтаў, папярочнапаласатых мышачных валокнах. Вынік ацытакінезу — двух’ядзерныя клеткі, звычайныя ў многіх органах, напр., у печані і інш.вял. залозах млекакормячых жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНЫЯ СПАДАРО́ЖНІКІ СО́НЦА (ШСС),
касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол Сонца. Каб цела стала ШСС, яму трэба надаць скорасць адносна Зямлі не менш 2-й і не больш 3-й касмічнай скорасці, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў. ШСС выкарыстоўваюцца для даследавання Сонца і калясонечнай прасторы, планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, астэроідаў, камет, метэорных цел, міжпланетнай прасторы (КА выводзіцца на геліяцэнтрычную арбіту і рухаецца па ёй да аб’екта даследавання). Першым у свеце ШСС стала сав.аўтаматычная міжпланетная станцыя «Месяц-1», запушчаная 2.1.1959. Гл. таксама «Вега», «Венера», «Геліяс», «Зонд», «Марс», «Марынер», «Месяц», «Піянер», «Уліс», «Эксплорэр».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́Р (грэч. aither) сусветны, светлавы эфір, гіпатэтычнае ўсёпранікальнае асяроддзе, якому ў класічнай (нерэлятывісцкай) фізіцы надавалася роля пераносчыка святла і эл.-магн. узаемадзеянняў.
Мех. мадэль Э., надзеленага ўласцівасцямі абсалютна цвёрдага цела, была вельмі супярэчлівая. Каб забяспечыць вял. скорасць эл.-магн. хваль (гл.Скорасць святла) і іх папярочнасць, Э. мусіў мець вял. пругкасць і ў той жа час не павінен быў аказваць супраціўлення мех. руху ў ім макраскапічных цел (напр., планет). Праблема Э. ў фізіцы была знята пасля стварэння адноснасці тэорыі і ўстанаўлення факта матэрыяльнасці эл.-магн. поля, якое не патрабуе спец. носьбіта.