ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дро́бязны, ‑ая, ‑ае.
1.Які мае адносіны да дробязі (у 1 знач.); дробны, невялікі. Дробязны тавар. Дробязныя рэчы.//Які датычыцца ўсіх дробязей, дэталей. Дробязныя клопаты. □ — І хоць ты быў сябрам яго бацькі, гэта не дае табе права на дробязнае апякунства ва ўсім.Савіцкі.
2. Неістотны, дробны (у 7 знач.). Першае баявое заданне не ўзрадавала .. [Сашу], бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі!Шамякін.Нарады ў канторы выпісваліся на дробязныя работы, на якіх і спіны не паломіш, але і зарабіць не заробіш.Ермаловіч.
3.Які надае занадта вялікае значэнне дробязям, нязначным рэчам. Дробязны чалавек. □ [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе.Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
Які знаходзіцца, размяшчаецца наперадзе такіх жа або падобных прадметаў; проціл. задні. Пярэднія падводы. Пярэднія колы. □ Пярэднія танкі ўжо гарэлі, заднія іх аб’ехаць не маглі, бо тут былі толькі дзве вузкія пераправы.Чорны.Пярэдняй тройкай заўзята кіраваў дзед Архіп.Лынькоў.Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах.С. Александровіч.//Які знаходзіцца ў той частцы, што з’яўляецца перадам. Пярэднія лапы. Пярэднія зубы.//Які ўтварае тую частку прадмета, што звернута ўперад. Пярэдні план сцэны. □ Вялізныя вокны .. былі выразаны ў чатыры рады ў пярэднім фасадзе дома з боку вуліцы.Бядуля.[Рыгор] цвёрдым крокам накіраваўся да пярэдня[й] пляцоўкі вагона.Гартны.
•••
Пярэдні крайгл. край 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.
1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі.Гаўрусёў.// Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі.Мележ.[Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі.Марціновіч.// Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця!Глебка.— Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку.Самуйлёнак.
2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху.Шамякін.Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны.Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́зкі, ‑ая, ‑ае.
1.Які мае невялікую працягласць у папярочніку; проціл. шырокі. Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая.Колас.// З меншай шырынёй, чым патрэбна, цесны. Вузкі праход. Вузкія дзверы. □ Прайшоўшы праз вузкае горла маста,.. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана егерам.Брыль.//Які аблягае, нешырокі (пра адзежу, абутак). Вузкі світэр.
2.перан.Які ахоплівае нямногае, нямногіх; нешматлікі. Вузкае кола спецыялістаў. Вузкая нарада. Вузкі асартымент.// Звязаны з якой‑н. абмежаванай сферай дзейнасці. Вузкі спецыяліст. □ [Камандзір:] — Працуйце ўрачом. Набывайце практычныя навыкі ў якой-небудзь вузкай галіне.Алешка.
3.перан. З абмежаванымі поглядамі, інтарэсамі; недалёкі. Вузкі кругагляд. Вузкі практыцызм. □ Калі ж сказаць праўду, то.. [Міхаль] ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі.Скрыган.
4.Які вымаўляецца пры нешырокім раскрыцці рота (пра галосныя гукі).
•••
Вузкае месцагл. месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дру́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы.Пальчэўскі.Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі!Якімовіч./узнач.наз.дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод.Кірэенка.
2.Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было.Дуброўскі.Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!».Шамякін.//Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай.Лынькоў.Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж.Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канчатко́вы, ‑ая, ‑ае.
1.Які не будзе больш пераглядацца, змяняцца; беспаваротны. Канчатковае рашэнне. Канчатковы вывад. □ Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было.Гамолка.//Які з’яўляецца завяршэннем або ажыццяўленнем чаго‑н. Канчатковая мэта. Канчатковы вынік. □ Выканаў тут ён [Гукай] акон свой Апошні, часовы — заўтра адгэтуль ён пойдзе На штурм канчатковы.Куляшоў.Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны.Брыль.
2. Даведзены да канца, поўны. Канчатковая перамога. □ Шчаслівая немка давяла свядомасць гэтых двух чалавек да канчатковай яснасці, быццам толькі цяпер іх вочы да канца раскрыліся на тое, што адбылося за ўсе гэтыя дні.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
журбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны.Няхай.//Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах.Колас.// Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя.Лупсякоў.Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў.Мурашка.
2.Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот.Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незале́жны, ‑ая, ‑ае.
1.Які не залежыць ад каго‑, чаго‑н.; самастойны, свабодны. Пры ажыццяўленні правасуддзя па грамадзянскіх справах суддзі і народныя засядацелі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.//Які выражае самастойнасць. [Віктар] з незалежным выглядам узяў з Леніных рук кнігу і пайшоў за столік.Ваданосаў.Малады чалавек ішоў павольна, незалежнай хадой гаспадара, высока несучы.. галаву.«Звязда».
2. Самастойны ў міжнародных адносінах; суверэнны. Адсталыя ў мінулым народы вызваляюцца з-пад каланіяльнай залежнасці, на месцы былых калоній і паўкалоній утвараюцца новыя незалежныя дзяржавы.Філімонаў.
•••
Незалежны стангл. стан 5.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць.Кірэйчык.Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў.Астрэйка.// Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя.В. Вольскі.З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю.«Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)