СЛУ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 15 ст. — 1950-х г. у г. Слуцк Мінскай вобл. як правасл. мужчынскі. Размяшчаўся на левым беразе р. Случ у прадмесці Трайчаны, таму вядомы і пад назвай Трайчанскі. Час узнікнення невядомы, упершыню згадваецца ў 1455. Манастыр меў 2 царквы, жылыя будынкі і гасп. пабудовы. У гіст. л-ры прынята лічыць, што гал. храм манастыра — Троіцкая царква — пабудаваны ў 1505. Вядома, што ў 1654 царква была мураваная. У 1654—67 і ў 18 ст. манастыр моцна пацярпеў, царква амаль цалкам знішчана. У 1785—88 царква адбудавана паводле праекта і пад кіраўніцтвам арх. Ш.В.Турава ў стылі барока. Крыжова-купальны ў плане храм з дзвюма 3-яруснымі чацверыковымі вежамі-званіцамі на гал. фасадзе, на паўн. вежы быў гадзіннік. Тарцовыя сцены крылаў трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Над сяродкрыжжам узвышаўся аб’ём з вял. купалам на чацверыку, над ім — бельведэр, увянчаны маленькім купалам на светлавым барабане. У царкве захоўваліся цудатворны абраз Маці Божай і абраз Казанскай Маці Божай візант. пісьма, Евангелле 1582, пісанае слуцкім кн. Юрыем Юр’евічам Алелькавічам, стараж. партрэты князёў Алелькавічаў, вырабы з серабра і інш. Комплекс таксама ўключаў жылыя памяшканні: дом архімандрыта, дом для гасцей, трапезную, мураваны «скабец» са склепам, гасп. пабудовы — адрыну, стайні, бровар, калодзеж з компасам (на драўляных слупах) і інш. У 1867 узведзены мураваны манастырскі корпус з цёплай царквой св. Іаана Багаслова, у 1868 — мураваная брама, каля якой мясцілася яшчэ адна цёплая царква — Дабравешчанская. Пры манастыры дзейнічала школа граматы і рамёстваў. У 1785—1840 на тэр. комплексу размяшчалася духоўная семінарыя (з 1793 наз. Мінская духоўная семінарыя). Дакладны час закрыцця манастыра невядомы, усе будынкі разбураны.
Літ.:
Русские монастыри. М., 1995.
В.Р.Кукуня, Н.І.Пятровіч.
Слуцкі Троіцкі манастыр. Агульны выгляд Троіцкай царквы. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НКАВЫЯ ВО́ЙСКІ,
род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (Расія, Украіна, Беларусь, Германія і інш.). У арміях некат. краін (ЗША, Вялікабрытанія і інш.) войскі, аналагічныя танкавым, наз. бранятанкавымі. Прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на кантынент. тэатрах самастойна і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск. Аснову ўзбраення Т.в. складаюць танкі розных тыпаў. Арганізацыйна Т.в. складаюцца з танк. злучэнняў і часцей. Як асн. сіла сухап. войск Т.в. пераважна дзейнічаюць на гал. напрамках для нанясення праціўніку магутных і глыбокіх удараў. Яны здольны паспяхова весці сустрэчны бой, пераадольваць зоны радыеактыўнага, хім. заражэння і інш., а таксама ствараць трывалую абарону.
Упершыню танкі былі выкарыстаны англ. арміяй у вер. 1916 у 1-ю сусв. вайну. У Чырв. Арміі з 1918 існавалі бранявыя аўтамаб., аўтатанк. атрады і бронепаязды, пазней бранявыя сілы; з 1934 называліся аўтабранятанк., з 1942 — бранятанк. і механізаваныя войскі. У Вял.Айч. вайну ў складзе франтоў існавалі танк. арміі, у т. л. 1-я, 2-я, 5-я гв., якія арганізацыйна ўваходзілі ў 1-ы, 2-і і 3-і Бел. франты. Т.в. адыгралі вырашальную ролю ў шэрагу бітваў і аперацый, напр., у Беларускай аперацыі 1944. З 1954 наз. бранятанк. войскамі, з 1960 — Т.в.
У пач. 1990-х г. на тэр. Беларусі размяшчаліся 2 танк. арміі (7-я і 5-я гв.), а таксама танк. часці ў складзе інш. армій і злучэнняў. Паводле выніковага акта Хельсінкскага пагаднення (1992), Дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (1992), Рэспубліка Беларусь скараціла больш за 2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. адзінак баявых машын пяхоты і інш. Падраздзяленні Т.в. маюць на ўзбраенні сучасныя танкі і ўваходзяць у склад сухапутных войск Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.
С.М.Абрамаў, А.І.Анісіка.
Да арт.Танкавыя войскі. Атака танкавага падраздзялення ў час вучэння «Захад-81».Да арт.Танкавыя войскі. Танкавае падраздзяленне на маршы ў час аператыўна-тактычнага вучэння «Нёман-2001».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЭ́Ц,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г.вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.
Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́РАВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Уза (прыток р. Сож). За 21 км на ПдУ ад Буда-Кашалёва, 27 км ад Гомеля, 8 км ад чыг. ст. Уза на лініі Гомель—Жлобін; аўтадарогамі злучаны з Гомелем і Буда-Кашалёвам. 2,8 тыс.ж. (2002). Цэнтр эксперым. базы «Уваравічы» Гомельскай абл.с.-г. доследнай станцыі. Працуюць: камбінат буд. матэрыялаў, аўтапарк, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, дзіцячы Дом творчасці, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана, магіла ахвяр фашызму. Каля гар. пасёлка археал. помнік Уваравічы.
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1483. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Чарнігава-Старадубскім княстве, уладанне кн. Мажайскіх. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 пацярпелі ад ваен. дзеянняў. З 1566 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. Паводле інвентара 1640 Гомельскага староства сяло, 11 дымоў. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка. З 1773 у Гомельскай вол. Рагачоўскай правінцыі, з 1777 у Беліцкім пав. Магілёўскай губ. У 1825 засн. гарбарнае прадпрыемства, млын. З 1852 мястэчка Гомельскага пав. Магілёўскай губ. У 1858—935 ж. У 1861 адкрыта нар. вучылішча. У 1875 пабудавана мураваная правасл. царква Раства Багародзіцы, у 1876 засн. крупадзёрнае прадпрыемства. У 1880—902 ж., 165 двароў; 2 цагельныя прадпрыемствы, бровар, 4 ветраныя млыны, 8 крам, правасл. царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У пач. 20 ст. належалі Ліпінскім і Уваравіцкай сельскай грамадзе. У 1909—2372 ж., 314 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, цэнтр воласці. З 8.12.1926 у БССР, цэнтр Уваравіцкага раёна Гомельскай акр., з 1938 у Гомельскай вобл. У 1926—2391 ж., 519 двароў. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 17.4.1962 у Буда-Кашалёўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.Б.Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—2. М.; Л., 1959;
Бел.пер. — Недарасль. Мн., 1947.
Літ.:
Благой Д.Д., Д.И.Фонвизин. М., 1945;
Кулакова Л.И. Д.И.Фонвизин. М.; Л., 1966;
Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;
Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;
Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.
адзін з найбуйнейшых навуч. і навук. цэнтраў Украіны. Засн. ў 1804 па ініцыятыве ўкр. вучонага і асветніка В.Н.Каразіна. Напачатку меў 4 ф-ты: фізіка-матэм., гіст.-філал., мед. і юрыдычны; бат. сад (з 1804) і астр. абсерваторыю (з 1808). Па ініцыятыве ун-та створаны першыя ў Харкаве газ. «Харьковский еженедельник» (1812), час. «Украинский вестник» (1816—19) і «Украинский журнал» (1824—25). З 1860-х г. з ун-там звязана дзейнасць харкаўскіх навук. т-ваў: прыродазнаўчага, матэм., фізіка-хім., гіст.-філал. і інш. З ун-там звязана хваля ўкр.нац. адраджэння 1-й пал. 19 ст. У 1907 праф. М.Ф.Сумцоў упершыню чытаў лекцыі на ўкр. мове. У 1936 ун-ту прысвоена імя М.Горкага, у 1999 — Каразіна. З Х.н.у. звязана дзейнасць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі І.І.Мечнікава, Л.Д.Ландау; у ім працавалі матэматыкі В.Р.Імшанецкі, А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў, фізікахімік М.М.Бякетаў, батанік У.І.Паладзін, гісторыкі Дз.І.Багалей, У.П.Бузескул, філолагі А.А.Патабня, І.І.Сразнеўскі і інш. На яго аснове створаны Нац.юрыд. акадэмія, Нац. фармацэўтычная акадэмія, харкаўскі мед.ін-т, акадэмія культуры. пед.ун-т, маст. музей і інш. У 2002/03 навуч.г. ў складзе ун-та 15 ф-таў, 97 кафедраў; каля 12 тыс. студэнтаў і аспірантаў; каля 2 тыс. выкладчыкаў і навук. супрацоўнікаў, у т. л. больш за 200 д-роў навук і прафесараў, больш за 1 тыс.канд. навук і дацэнтаў; вядзецца падрыхтоўка па 46 спецыяльнасцях і 65 спецыялізацыях. Пры ім працуюць 2 ліцэі і Цэнтр дауніверсітэцкай падрыхтоўкі з філіяламі ў інш. гарадах краіны; у складзе ун-та НДІ хіміі, біялогіі, лазернай біялогіі і лазернай медыцыны, астр. абсерваторыя, бат. сад., цэнтр.навук.б-ка, музей прыроды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНАЎСТВА
Першыя гідралагічныя даследаванні азёр Беларусі правёў А.М.Семянтоўскі (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.). Экспедыцыя па даследаванні вытокаў галоўных рэк Еўрап. Расіі пад кіраўніцтвам Дз.М.Анучына (1894—95) упершыню зрабіла батыметрычную здымку некаторых бел. азёр і выявіла іх сувязь з кампанентамі ландшафтаў. У 1909 М.А.Паўлоўскі даследаваў воз. Дрысвяты. У 1914—16 біялогію і гідрабіялогію азёр вывучала Віцебская рыбагаспадарчая экспедыцыя. Пасля 1917 даследаванні азёр мелі эпізадычны характар. У 1930-я г. азёры Зах. Беларусі вывучаліся пад кіраўніцтвам С.Лянцэвіча (Палессе) і Е.Кандрацкага (Паазер’е). Сістэматычнае іх вывучэнне пачалося з арганізацыяй н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928), на базе якой у 1958 створаны БелНДІ рыбнай гаспадаркі. У пасляваенныя гады комплексныя даследаванні азёр вяліся на біял. і геагр. ф-тах БДУ, з 1948 праводзяцца даследаванні на воз. Нарач (гідрабіялагічная станцыя БДУ; Р.Р.Вінберг, А.П.Астапеня). Пытаннямі азёрнага седаментагенезу займаліся К.І.Лукашоў і А.П.Підоплічка. Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш за 500 азёр і 20 вадасховішчаў. Вывучаны гісторыя іх развіцця ў галацэне, вызначана генет. прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі (В.П.Янушка), заканамернасці развіцця вадаёмаў запаволенага водаабмену, іх выкарыстанне і ахова (П.С.Лопух), зроблены прыроднагаспадарчыя класіфікацыі азёр (Б.П.Уласаў). Вядуцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Пытаннямі гідралогіі азёр займаецца Гідраметслужба, па яе матэрыялах у 1971 выдадзены даведнік па рэсурсах паверхневых вод СССР (т. 5 — па БССР). Сістэматычныя гідралагічныя назіранні на азёрах і вадасховішчах ажыццяўляюцца 14 гідралагічнымі пастамі (2004). У ін-тах геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі азёры вывучаюцца як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытворчых мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца і выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІЯ
Зоагеаграфічныя даследаванні на Беларусі пачаліся ў канцы 18 ст. з выяўлення відавой структуры фауны (экспедыцыя І.І.Ляпёхіна і інш.). У 19 ст. фауна Беларусі становіцца аб’ектам самаст. даследаванняў: працы А.М.Нікольскага аб птушках Палесся, К.Э.Ліндэмана аб насякомых наваколля г. Горкі і інш. У 1902 М.М.Арнольд стварыў першы на Беларусі каталог насякомых Магілёўскай губерні. З 1920-х А.У.Фядзюшын і У.В.Станчынскі аналізавалі пашырэнне і шляхі фарміравання фауны пазваночных. У пасляваенны час створаны буйныя зводкі па млекакормячых (І.М.Сяржанін, 1961), птушках (А.У.Фядзюшын, М.С.Долбік, 1967), рыбах (П.І.Жукаў, 1965), амфібіях і рэптыліях (М.М.Пікулік, 1996). Этап інвентарызацыі фауны беспазваночных, асабліва насякомых, які пачаўся ў 19 ст.; працягваецца і ў наш час. Зроблены зводкі па лускакрылых (В.І.Мержаеўская, А.М.Літвінава, Р.У.Малчанава, 1976), жуках (А.Р.Александровіч, І.К.Лапацін, А.Дз.Пісаненка, 1996), паўцвердакрылых (А.А.Лукашук, 1997), лістаедах (І.К.Лапацін, 1986). Створаны абагульняльныя працы па глебавай фауне (Э.І.Хацько, 1993) і фауне розных атрадаў насякомых (А.М.Цярошкін, Т.П.Смірнова, В.В.Бліноў, С.У.Буга, У.У.Піскуноў, А.Л.Несцерава, Т.Р.Іанісіяні і інш.). Упершыню створаны каталог калаўротак (Г.А.Галкоўская). Гісторыю фарміравання фауны ў пасляледавіковы перыяд вывучаюць У.І.Назараў, А.Р.Александровіч, С.У.Буга. У наш час у зоагеаграфіі ўзмоцнены экалагічны кірунак, большая ўвага аддаецца пытанням уздзеяння на фауну гаспадарчай дзейнасці чалавека, складаюцца схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюцца рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
экземпля́р, ‑а, м.
Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі.Шамякін.Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі.Мяжэвіч.// Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля.Сіняўскі.— Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар.Маўр.// Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага.Караткевіч.//Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі.Карпаў.
•••
Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.
[Ад лац. exemplar — узор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экра́н, ‑а, м.
1. Перасоўны шчыт для аховы ад гарачыні ці святла. Паставіць экран ля каліна.
2.Спец. Прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае, паглынае ці пераўтварае выпраменьванне розных відаў энергіі з мэтай аховы ад выпраменьвання ці яго выкарыстання. Экран плаціны. Экран паравога катла. □ Упершыню экраны ў дамбах зроблены з торфу і пяску.Галавач.// Паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў, сігналаў і пад. Экран радара. □ Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе, хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў натоўпе, ды не паспеў.Шыцік.
3. Нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыя фільмаў, дыяпазітываў і пад. На сцэне — столік, пакрыты чырвоным, крэслы і нават трыбуна. Там вісела ўжо не раз палотнішча экрана.Брыль.У класе ўжо вісіць экран, некалькі хлапчукоў дапамагаюць кінамеханіку перамотваць стужкі.Жычка.
4.перан. Кінамастацтва. Дык дзякуй за тое, мой дружа, Што ты вось ад гэтых бяроз Любоў нашу, вернасць і мужнасць — Усё да экрана данёс.Прыходзька.
•••
Шырокі экран — кінаэкран з павялічаным полем агляду, які набліжае ўспрыйманне фільма да ўмоў рэальнага бачання.
[Фр. écran.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)