ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст.вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш.Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ РАМЕ́СНІКА,
тып жылога дома.
Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл.Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōtos вядомы + біялогія),
раздзел эксперым. біялогіі і медыцыны, які займаецца атрыманнем і вырошчваннем у стэрыльных умовах гнотабіётаў — жывёл, свабодных ад мікраарганізмаў, гельмінтаў і членістаногіх, а таксама стэрыльных жывёл, спецыяльна заражаных пэўнымі відамі мікраарганізмаў. Сфарміравалася ў 1960-я г. Вывучае ўзаемаадносіны паміж макра- і мікраарганізмамі, што мае значэнне для вырашэння праблем трансплантацыі органаў, імуналогіі, генетыкі, мікрабіялогіі, марфалогіі, фізіялогіі, радыебіялогіі, касм. біялогіі і медыцыны, хірургіі, анкалогіі і інш. Развіццё гнотабіялогіі прывяло да меркавання, што нармальнае жыццё чалавека і вышэйшых жывёл магчыма толькі пры наяўнасці ў іх мікрафлоры.
Літ.:
Чахава О.В. Гнотобиология. М., 1972;
Гнотобиология в хирургии. М., 1982;
Теоретические и практические основы гнотобиологии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомыдэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНТ, Ган (флам. Gent, франц. Gand),
горад на ПнЗ Бельгіі, у сутоках рэк Ліс і Шэльда. Адм. ц. правінцыі Усх. Фландрыя. Вядомы з 7 ст. 228,5 тыс.ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Марскі і рачны порт, каналамі звязаны з Паўночным м. Старадаўні (з 11 ст.) цэнтр тэкст. прам-сці (пераважна баваўнянай і льняной) і вытв-сці карункаў. Прам-сць: машынабудаванне (тэкст., эл.-тэхн., суднабудаванне), хім., нафтахім., папяровая (у асн.вытв-сць газетнай паперы), мэблевая, харчовая. Кветкаводства (на экспарт), выстаўкі кветак. Цэнтр флам. культуры. Ун-т. Музеі: выяўл. мастацтваў, археал., фальклору і інш.Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Бавона (12—16 ст.), гар. вежа (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЦТВА,
тэндэнцыя ў рас. грамадска-паліт. думцы, светапогляд, заснаваны на прызнанні агульнасці Расіі і Зах. Еўропы як непадзельных частак адзінага культ.-гіст. цэлага. У навук. л-ры існуюць розныя пункты погляду на пастанне аб храналагічных рамках бытавання З., паколькі яго носьбіты вядомы ва ўсе гіст. эпохі са старажытнасці да нашых часоў. У.С.Салаўёў адносіў узнікненне З. да 18 ст. і вылучаў у яго развіцці тры гал. «фазісы»; «тэакратычны» (П.Я.Чаадаеў), «гуманітарны» (В.Р.Бялінскі і «людзі саракавых гадоў»), «натуралістычны» (М.Г.Чарнышэўскі і «людзі шасцідзесятых гадоў»). Больш вузкія рамкі бытавання З. прапанаваў А.А.Грыгор’еў — 1840—60-я г. Менавіта да прадстаўнікоў З. гэтага перыяду адносіцца ў вузкім сэнсе тэрмін Заходнікі.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Au. Прымесі серабра, медзі, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычныя, дадэкаэдрычныя або кубічнай формы. Агрэгаты ў выглядзе зерняў, лускавінак, лісцікаў, суцэльныя масы і інш. Колер ярка-жоўты, з прымесямі — бледна-жоўты, чырванавата-жоўты, зеленаваты. Бляск металічны. Цв. 2—3. Шчыльн. 15,6—19,2 г/см³. Коўкае, цягучае, пластычнае. Адрозніваюць: тонкадысперснае (да 10 мкм), пылападобнае (5—10 мкм), дробнае (0,05—2 мм) і буйное (больш як 2 мм, у т. л. самародкі). Трапляецца ў карэнных (гідратэрмальных) радовішчах з кварцам і пірытам, у пегматытах і россыпах. На Беларусі рудапраяўленні З.с. вядомы ў россыпах, трапляюцца ўключэнні ў пародах крышт. фундамента.