пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».
2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.
Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насці́л, ‑у, м.
1. Тое, што і насціланне. У цэху праводзіцца насціл падлогі. «Беларусь».
2. Паверхня з дошак або іншага матэрыялу, насланага на што‑н. Дошкі насцілу гулі — на мост уз’ехала машына. Савіцкі. Стараючыся не збіцца з жардзян[о]га насцілу, асцярожна ступаючы, Бондар пайшоў на ўскраек балаціны. Навуменка. // Пласт чаго‑н. насланага. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлі праз гнілы пласт лісцвянага насцілу. Чорны. // Пласт снегу на чым‑н. Конь, адчуўшы цяжар, мякка заганцаваў на месцы, б’ючы пярэднімі капытамі па прамёрзлым снегавыя, насціле. Мікуліч. На пляцоўку прывезлі насціл не такога памеру, як трэба было па праекту. Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́зва, ‑ы, ж.
1. Абазначэнне словам чаго‑н., найменне чаго‑н. Назва мінералу. □ [Сыны] ведаюць цяпер назвы ўсіх птушак, .. назвы розных дрэў. Бядуля. // Абазначэнне словам аднаго прадмета, адной з’явы і пад., якое вылучае іх з шэрагу ўсіх іншых. Назва вуліцы. Назва рамана. □ Нехта даў трапную назву вёсцы — Запалянка. Пестрак.
2. Спец. Асобны друкаваны твор, які мае адзін загаловак. Выдадзена 70 назваў падручнікаў. У бібліятэцы некалькі тысяч назваў кніг. // Абазначэнне аднаго прадмета, незалежна ад колькасці тых, што ўжо ёсць. Цэх спецыяльнага ліцця пачне выпускаць каля ста назваў дэталей. «Беларусь».
•••
Адна (толькі) назва — аб кім‑, чым‑н., што не адпавядае свайму прызначэння).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.
2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напала́м, прысл.
Разм.
1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.
2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.
3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; пр. напіўся, ‑пілася, ‑пілося; заг. напіся; зак.
1. чаго і без дап. Выпіць чаго‑н., каб наталіць смагу; папіць. Напіцца чаю. □ Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. Колас. — Добра, — сказала жанчына, выслухаўшы Любу. — Дай мне напіцца. Чорны.
2. Дайсці да стану ап’янення. Ніяк не мог [Нічыпар] успомніць, з якой прычыны ўчора напіўся. Асіпенка.
3. перан.; чаго і без дап. Насыціцца, прасякнуцца чым‑н. Нават паветра змянілася ў сяле: напілося густога смалістага паху. Васілевіч.
•••
Напіцца (насмактацца) крыві чыёй — памучыць каго‑н., паздзекавацца з каго‑н.
Хоць вады напіся — пра вельмі прыгожы твар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. ператоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. ператаўчы; зак.
1. што. Стаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўвесь перац. Ператаўчы вараную бульбу.
2. што. Ачысціць ад шалупін, абтаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўсё проса.
3. што. Стаўчы драбней, чым трэба; раскрышыць.
4. што. Стаўчы нанава, яшчэ раз.
5. што. Разм. Разбіць, пабіць усё, многае. Таго ж вечара Пракоп і раз’ятрыўся, што ператоўк усе гладышы, якія толькі былі ў хаце, у сенцах і ў пограбе. Вітка.
6. каго. Разм. Забіць, пабіць усіх, многіх. — Трэба арганізоўваць людзей і выходзіць з гета, — гаварыў хваравіты Ёсель Гелер.. — Іначай усіх нас ператаўкуць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.
2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.
3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.
4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.
5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)