МІЖЦЭНТРАМЕ́Р,

прылада для вымярэння міжцэнтравай (міжвосевай) адлегласці ў зубчастых колах. Мае вымяральную карэтку (рэйку) і вымяральнае кола, якое счапляецца з кантралюемым колам. М. наз. таксама прылада для вымярэння адлегласці паміж цэнтрамі адтулін або восямі валоў (напр., штангенцыркуль-М.).

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДА (франц. mode ад лац. modus мера, узор, спосаб),

1) непрацяглае панаванне пэўнага густу ў якой-н. сферы жыцця або культуры; у вузкім сэнсе — змена ўзораў адзення на працягу адносна кароткага прамежку часу.

2) Нетрывалая папулярнасць, якая хутка праходзіць.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА (лац. nomenclatura пералік, роспіс імёнаў),

1) пералік назваў, сістэма тэрмінаў, катэгорый, якія ўжываюцца ў якой-н. галіне навукі, тэхнікі і інш. (напр., наменклатура тавараў).

2) Кола, пералік службовых асоб, пасад, якія прызначаюцца (замяшчаюцца) або зацвярджаюцца вышэйстаячым органам.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГАНА́ЛЬНЫЯ ЎТВАРЭ́ННІ,

формы мікра- і мезарэльефу, якія ўзнікаюць пры маразабойным растрэскванні тонкадысперсных грунтоў у палярных і субпалярных абласцях. Маюць выгляд многавугольнікаў або прамавугольнікаў. Найб. П.ў. сустракаюцца ў тундравай зоне, дзе маразабойныя трэшчынныя палігоны дасягаюць некалькіх сотняў у папярочніку.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІ́ЗЫ (ад пара... + грэч. physis узнікненне, вырастанне),

шматлікія ніткі ці адзіночныя клеткі, якія развіваюцца сярод палавых або спараносных органаў у некат. бурых водарасцей, большасці базідыяльных і сумчатых грыбоў, а таксама імхоў. Ахоўваюць гэтыя органы ад мех. пашкоджанняў і высыхання.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕАНА́Ж (ад ісп. péon падзёншчык, батрак),

адна з форм даўжніковай (кабальнай) залежнасці непасрэдных вытворцаў (пераважна сялян) ад памешчыка або прадпрымальніка. Зарадзілася ў 2-й пал. 16 ст., захавалася як перажытак у асобных краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі і інш.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАРАДЖЭ́ННЕ ў медыцыне,

змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),

у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,

пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБО́Й,

з’ява разбурэння марскіх або азёрных хваль непасрэдна каля берага. П., як і буруны, суправаджаецца рэзкім павелічэннем стромкасці схілу хваль, грабяні якіх перакульваюцца на беразе і пеняцца. Выклікае разбурэнне абразійных берагоў і садзейнічае ўтварэнню пляжаў на водмельных берагах.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)