МАТУЗЯ́ВІЧУС (Matuzevičius) Эўгеніюс (24.12.1917, г. Урупінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1994),

літоўскі паэт, перакладчык, крытык. Засл. дз. маст. Літвы (1977). Вучыўся ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах (1939—43). Аўтар паэт. зб-каў «Веснавой сцежкай» (1941), «Песня дружбы» (1953), «Не гасні, агонь маяка!» (1960), «Месячны бераг» (1965), «Млечны шлях» (1970), «Зялёныя астравы гадоў» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1977), «Варыяцыі і вяртанні» (1980) і інш. Для яго вершаў характэрна рамант. прыўзнятасць, песенныя інтанацыі. Для зб. Я.​Купалы на літ. мове «Не жалейка стогне» (1957, укладальнік разам з А.​Жукаўскасам), анталогій «З беларускай паэзіі» (1952) і «Па Нёмане песня плыве» (1958) пераклаў паэмы Я.​Купалы «Курган», «Барысаў», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», яго вершы і інш. бел. паэтаў. Укладальнік зб. твораў Я.​Купалы «Мая доля» (Вільнюс, 1982). Аўтар артыкулаў пра Я.​Купалу, бел. л-ру, культуру. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вярцінскі, А.​Грачанікаў, Л.​Дайнека, М.​Калачынскі, Я.​Крупенька, П.​Марціновіч, А.​Разанаў, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Просіцца ў песню мора. Мн., 1965;

Рус. пер. — Крылья над морем. М., 1976.

А.​П.​Лапінскене, А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.

Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.​Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

Літ.:

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЫ́ЧКА Дзмітрый Васілевіч (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.​Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1977.

Тв.:

Бел. пер. — Таямніца вобліку твайго: Лірыка. Мн., 1987;

Лірыка // На волю птушку выпускаю. Мн., 1989;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1978;

Стихи. М., 1981.

Літ.:

Дмитро Павличко: Бібліогр. покажчик. Ч. 1—2. Львів, 1990.

С.​С.​Панізнік.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ЗАРЫ,

шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:

Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян у 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.​Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 13, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЧЫ,

горад у Краснадарскім краі Padi, прыморскі бальнеакліматычны курорт усерасійскага значэння. Цягнецца ўздоўж Чарнаморскага ўзбярэжжа на 145 км, пл. больш за 3,5 тыс. км². Засн. ў 1838. 359 тыс. ж. (2000). Марскі пасажырскі порт, аэрапорт Адлер. Прам-сць абслугоўвае патрэбы курорта. Вядучыя яе галіны — харч., харчасмакавая, буд. прадпрыемствы. Ін-т курортнай справы і турызму. Тэатр. Цырк. Музеі: гісторыі горада-курорта, маст., этнагр. і інш. Месца правядзення розных муз. і кінафестываляў, конкурсаў, спарт. спаборніцтваў. Буйны цэнтр турызму.

Клімат субтрапічны вільготны. Лета сухое і цёплае (сярэдняя т-ра каля 23 °C), зіма мяккая. Каля 290 сонечных дзён у годзе. Асн. прыродныя лек. фактары (акрамя клімату); сульфідныя хларыдна-натрыевыя воды Мацэсты (для ваннаў, інгаляцый і інш.), вуглякіслыя мінер. воды Краснай Паляны. таксама ёдабромныя і інш. мінер. воды, высакаякасныя глеістыя гразі (Адлерскі р-н), марскія купанні (з мая па кастр.). Багатая расліннасць: кактусы, кіпарысы, магноліі, пальмы і інш., дэндрарый. Лечаць захворванні органаў кровазвароту, руху і апоры цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэмы, скуры, гінекалагічныя (Мацэста); органаў дыхання (нетуберкулёзныя) і функцыян. расстройствы нерв. сістэмы (Адлер, Лазараўскае). Шматлікія санаторыі, пансіянаты, курортныя паліклінікі, турбазы.

Сочы. Дагамыс, гасцініца «Алімпійская».

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар. арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.​Пушкіну і П.​Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРСУ́Н-ЗАДЭ́ Мірзо (2.5.1911, с. Каратаг, Таджыкістан — 24.9.1977),

таджыкскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. паэт. Таджыкістана (1961). Акад. АН Таджыкістана (1951). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Ін-т асветы ў Ташкенце (1931). Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў і апавяданняў «Сцяг перамогі» (1932). Аўтар паэм «Сонца краіны» (1936), «Восень і вясна» (1937), «Сын Радзімы» (1942), «Нявеста з Масквы» (1945), «Хасан-арбакеш» (1954) і «Голас Азіі» (1956; за дзве апошнія Ленінская прэмія 1960). Грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, асэнсаванне гіст. лёсу народаў Азіі, роздум пра жыццё ў паэт. цыклах «Індыйская балада» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1948) і «Я з Усходу свабоднага» (1950), паэмах «Вечнае святло» (1957), «Дарагая мая» (1960). Аўтар публіцыст., літ.-крытычных прац «Думкі пра грамадзянскую лірыку» (1954), «Літаратура і жыццё» (1959) і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вольскі, А.​Звонак, В.​Зуёнак, А.​Клышка, В.​Лукша, П.​Прыходзька, У.​Шахавец і інш. Міжнар. прэмія імя Нэру 1967.

Тв.:

Бел. пер. — Высокае гняздо: Выбр. лірыка. Мн.. 1982;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Сайфуллаев А. Меридианы поэзии. Душанбе. 1971.

М.Турсун-задэ.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДЗЮ́НІНСКІ Іван Іванавіч (30.7.1900, в. Гілёва Тугулымскага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія — 17.10.1977),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1939). Ген. арміі (1955). Скончыў Уладзівастоцкую пяхотную школу (1924), курсы «Выстрал» (1931), удасканалення вышэйшага начсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1941) і Вышэйшыя акад. курсы (1948) пры гэтай жа акадэміі. У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на Зах. фронце ў 1920, на Кіт.-Усх. чыгунцы ў 1929, на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну камандаваў стралк. корпусам, 32-й, 42-й, 54-й, 5-й арміямі; з кастр. 1941 — Ленінградскім фронтам; з кастр. 1942 нам. каманд. Волхаўскім, з мая 1943 — Бранскім франтамі. З ліп. 1943 каманд. 11-й, са снеж. 1943 2-й ударнай арміямі. Удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, Курскай бітвы, Бранскай, Гомельска-Рэчыцкай, Усх.-Прускай, Берлінскай аперацый Войскі 11-й арміі пад камандаваннем Ф. 26.11.1943 вызвалілі г. Гомель. У 1946—47 і 1954—65 каманд. войскамі шэрагу ваен. акруг, у 1951—54 нам. і 1-ы нам. галоўнакамандуючага Групай сав. войск у Германіі. Са снеж. 1965 у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—66.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДКЕ́ВІЧ Тарас Канстанцінавіч (7.3.1912, в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.8.1975),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Вучыўся ў Полацкім пед. тэхнікуме (1927—29), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). У 1936—41, 1945—1950 працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Чырвоная змена». «Звязда», «Літаратура і мастацтва», у 1953—72 — літ. кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1925. Першы зб. вершаў «Смялей, таварыш!» (1932). Аповесць «Вяснянка» (1948), раман «Даль палявая» (1957—58) пра жыццё бел. пасляваен. вёскі. Раман «Песня Дзвіны» (1972) пра людзей новабудоўляў на Зах. Дзвіне. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Братэрства» (1948), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), апавяданняў і нарысаў «Мая Беларусь» (1961), «Нафтагігант на Дзвіне» (1963), «Сад у квецені» (1966). Пісаў для дзяцей: «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Мы раскажам пра Мінск» (1964). На бел. мову пераклаў кнігі М.​Горкага «У Амерыцы» (1952) і «Апавяданні» (1955), раман А.​Чайшвілі «Лело» (1953).

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

Ад палёў наддзвінскіх: [Аўтабіяграфія] // Пяцьдзесят чатыры дарогі. Мн., 1963.

Літ.:

Кухараў С. Зачараваны красою Наддзвіння... // Полымя, 1982. № 9.

І.​І.​Разанаў.

Т.К.Хадкевіч.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЎРАНКО́ВЫ,

сёстры, удзельніцы партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Нарадзіліся ў в. Ганцавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Былі сувязнымі атрадаў партыз. брыгад «Чэкіст», 8-й Круглянскай, 35-й, 115-й Горацкай, што дзейнічалі на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абл. Матрона Піліпаўна (8.11.1907—30.11.1995), з чэрв. 1942 разведчыца атрадаў № 10 і 40 Шклоўскай ВАГ, 112-га Горацкага і 35-й брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. Ефрасіння Піліпаўна (н. 11.7.1912), са жн. 1942 у атрадзе Г.​А.​Кірпіча брыгады «Чэкіст»; пасля вайны на сав. рабоце. Марыя Піліпаўна (12.8.1914 — вер. 1943), падпольшчыца, са жн. 1942 сувязная партыз. брыгад 8-й Круглянскай і 35-й; арыштавана акупац. ўладамі і павешана ў Оршы; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 2-й ступені. Ганна Піліпаўна (6.8.1919—22.4.2001), разведчыца 8-й Круглянскай брыгады. Надзея Піліпаўна (1.9.1922—21.9.1942), з пач. вайны па яе ініцыятыве сёстры збіралі зброю, дапамагалі параненым сав. воінам; з мая 1942 разведчыца атрада № 40 8-й Круглянскай брыгады; арыштавана акупац. ўладамі і расстраляна ў Шклове; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 1-й ступені. Зінаіда Піліпаўна (11.7.1925—9.12.1994), са снеж. 1942 сувязная брыгады № 35, 112-га Горацкага атрада 115-й Горацкай брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі.

Л.​Ф.​Кандрацьева.

т. 16, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)