БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),
палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).
Тв.:
Рус.пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.
Літ.:
Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХУ́ТА (Зулфікар Алі) (5.1.1928, г. Ларкана, Пакістан — 4.4.1979),
палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Бацька Б.Бхута. Адвакат. З 1958 міністр гандлю, міністр энергетыкі, саветнік прэзідэнта ген. М.Аюб Хана. Міністр замежных спраў (1963—66), садзейнічаў адыходу Пакістана ад аднабаковай арыентацыі на Захад. Пасля разрыву з Аюб Ханам у 1967 заснаваў апазіцыйную Пакістанскую нар. партыю, якая перамагла на выбарах 1970. Прэзідэнт краіны і кіраўнік урада (1971—73), прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў (1973—77), рабіў захады, каб разрадзіць напружанасць у адносінах з Індыяй і Бангладэш. Адхілены ад улады ў выніку перавароту ген. М.Зія-уль-Хака, абвінавачаны ў арганізацыі паліт. забойства і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць бюджэтнае ўпарадкаванне дзяржавы і рэгламентуюць пытанні стварэння і выкарыстання грашовых сродкаў; асноўны раздзел фінансавага права. На Беларусі гал. крыніцамі бюджэтнага права з’яўляюцца Канстытуцыя, законы «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 (з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» ад 4.6.1993, законы аб дзярж. бюджэтах і рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў на адпаведны год, якія прымаюцца штогод. Бюджэтнае права мае на мэце забяспечыць кожнаму органу дзярж. улады самастойную і ўстойлівую матэрыяльную базу для ажыццяўлення дзярж., паліт. і культ. будаўніцтва краіны, яе эканам.-гасп. дзейнасці, абароны правоў і свабод грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЭН,
горад у Йемене, адм. ц. мухафазы Адэн на Пд Аравійскага п-ва. 417 тыс.ж. (1987). Транзітны порт у Адэнскім зал. Аравійскага м. Міжнародны аэрапорт. Гал.прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Нафтаперапрацоўка; тэкст., харч., металаапр., суднарамонтныя прадпрыемствы, вытв-сць будматэрыялаў. Гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, рыбай, прадуктамі сельскай гаспадаркі (збожжа, бавоўна, тытунь, скуры).
Вядомы пад назвай Адана, ці Асана, са стараж. часоў. Уваходзіў у склад паўд.-аравійскіх і йеменскіх дзяржаў, у асобныя перыяды быў цэнтрам незалежных княстваў. У 16—18 ст. пад уладай йеменскіх імамаў і тур. пашоў. З 1839 англ.ваен.-марская база. У 1967—90 сталіца Нар.Дэмакр. Рэспублікі Йемен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАІ́Я (Bahia),
штат на У Бразіліі, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Пл. 561 тыс.км². Нас. 11,7 млн.чал. (1990). Адм. ц. і гал. порт — г. Салвадор.
Займае ўсх.ч. Бразільскага пласкагор’я, у бас.р. Сан-Франсіску. Клімат трапічны і субтрапічны, вільготны на ўзбярэжжы, сухі на З ад яго. Развіты сельская гаспадарка і гарнарудная прам-сць. Вырошчваюць какава (85% збору краіны, 1990), цукр. трыснёг, тытунь, бавоўнік, маніёк (1-е месца ў краіне). Экстэнсіўная гадоўля буйн. раг. жывёлы і авечак. Здабыча нафты, рудаў медзі, свінцу, марганцу, хрому, алмазаў, золата, манацытавага пяску. Харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім. і інш.прам-сць. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫМАР (Baltimore),
горад на У ЗША, у штаце Мэрыленд, пры ўпадзенні р. Патапска ў Чэсапікскі зал. Засн. ў 1729. 726 тыс.ж., з прыгарадамі 2,4 млн.ж. (1993). Марскі порт (грузаабарот больш за 25 млн.т за год). Старэйшая ў ЗША база ВМФ (з 1797). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт (паміж Балтымарам і Вашынгтонам). Буйны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Чорная і каляровая (вытв-сць рафінаванай медзі) металургія. Радыёэлектронная, эл.-тэхн., аэракасмічная, аўтазборачная, суднабуд., прыладабуд., металаапр., хім., харч.прам-сць. Нафтаперапрацоўка. Гандаль вугалем, збожжам, металапрадукцыяй. 7 ун-таў (у т. л. Дж.Хопкінса). Мастацкая галерэя, музеі мастацтва, транспарту, Дом-музей пісьменніка Э.По і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт.Даюньхэ),
суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксеевіч) (1650—10.8.1706),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіныЗах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.