БЕРНШТЭ́ЙН (Іосіф Гдалевіч) (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (1898, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1924—27 сакратар падп. райкома КПЗБ на Брэстчыне. У 1927 арыштаваны і зняволены ў турму. У сувязі з завочным выбраннем яго дэпутатам польскага сейма (1928) вызвалены з турмы. Адзін з кіраўнікоў пасольскай фракцыі і рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». За рэв. дзейнасць 30.8.1930 арыштаваны і зняволены на 8 гадоў. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у БССР, жыў у Мінску.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.​Г.​Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬ МЕДЫ́ГА ((Del Medigo) Іосіф Саламон) (16.3.1591, г. Кандыя, цяпер г. Іракліян, Грэцыя — 1655),

яўрэйскі лекар, матэматык, астраном, філосаф. У 1606—13 вучыўся ў Падуанскім ун-це: вывучаў астраномію і матэматыку (пад кіраўніцтвам Г.​Галілея), а таксама філасофію і медыцыну. Пазней жыў у Каіры, Канстанцінопалі. Маючы славу знакамітага вучонага і медыка, у 1620 прыехаў у Вільню, некалькі гадоў быў лейб-медыкам Крыштафа Радзівіла. У 1628 выехаў у Амстэрдам. Памёр у Празе. Аўтар прац па філасофіі, яўр. л-ры, прыродазнаўчых навуках. Пакінуў нататкі пра сваё знаходжанне ў ВКЛ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НДАРАВА (Наталля Георгіеўна) (н. 28.8.1948, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.​Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.​Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫЯ́Н (Іван Якаўлевіч) (27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́САН ((Dawison) Багуміл) (15.5.1818, Варшава — 1.2.1872),

польскі акцёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе. Дэбютаваў у 1837. У 1838 выступаў у Вільні, у 1839 — у Мінску ў трупе В.​Ашпергера. З 1840 іграў у Варшаве, Плоцку, Львове, Гамбургу, Дрэздэне, ЗША і інш. Акцёр вял. сцэн. тэмпераменту, выразнай знешнасці. Найб. яго дасягненні — трагедыйна-характарныя ролі ў п’есах У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Мальера. Сярод інш. роляў: Вацлаў («Муж і жонка» А.​Фрэдры), Валек («Ціхія воды рвуць берагі» Ф.​Л.​Шродэра), барон Санваль («Шаснаццаць гадоў назад» В.​Дуцанга), Стары англічанін («Мірандаліна» К.​Гальдоні).

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.​Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.​Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.​Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)