БЕ́РКАЎ (Павел Навумавіч) (14.12.1896, г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл., Украіна — 9.8.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1960). З 1936 праф. Ленінградскага ун-та. Даследаваў рус. л-ру 18—20 ст., узаемасувязі рус. і зарубежных л-р, гісторыю тэатра і журналістыкі 18 ст., кнігазнаўства, тэксталогію, тэхніку літ.-знаўчай работы, тэорыю і методыку бібліяграфіі. Навук. кіраўнік і адзін з рэдактараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69). Цэнтр.навук. бібліятэка імя Я.Коласа АН Беларусі набыла кнігазбор Беркава.
Тв.:
Введение в технику литературоведческого исследования. Л., 1955;
Библиографическая эвристика. М., 1960;
Ф.Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Избранное: Тр. по книговедению и библиографоведению. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЧЭ́НКА (Уладзімір Васілевіч) (н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭДЭРЛО́Ў ((Brederlow) Ніна) (н. 20.6.1941, Мінск),
нямецкая славістка. Скончыла Ленінградскі (1964) і Лейпцыгскі (1974) ун-ты. Д-р філалогіі (1985). Лектар Ін-та славістыкі Патсдамскага ун-та (1971). Чытала лекцыі па гісторыі бел. літаратуры, уводзінах у бел. мову. Выступала ў друку па праблемах бел. дзіцячай л-ры (у зб. «Савецкая літаратура для дзяцей і юнацтва», 1987). Аўтар артыкулаў «Да пытання аб тэндэнцыях развіцця беларускай прозы для дзяцей і юнацтва ў 80-я гады» (1989), «Станаўленне рэалістычнай літаратуры для дзяцей у Беларусі на пачатку 20 ст.» (1991), а таксама пра творчасць Я.Коласа, М.Лынькова і інш.
Літ.:
Соколовский В. Утверждение исконного: Бел. культура в немецкоязычном мире // Нёман. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРАМЕ́ЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 20.3.1953, в. Расна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1974), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1987) і Вышэйшыя літ. Курсы (1991) у Маскве. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, Слонімшчыне. У друку выступае як празаік і драматург. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрушэнне» (1989), «Задарожжа» (1993), п’ес «Ізноў Несцерка» (паст. 1987), «Страсці па Аўдзею» (паст. 1989). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, паст. 1987).
Тв.:
Вялікія і славутыя старажытнага свету: Энцыкл. для дзяцей. Мн., 1995;
Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995;
Великие и знаменитые: Средние века и эпоха Возрождения. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНО́ВІЧ (Маркіян Якаўлевіч) (10.11.1895, в. Дзяменічы Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.9.1937),
савецкі ваен. дзеяч, камкор. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), штабс-капітан. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір брыгады, удзельнік разгрому англа-амер. інтэрвентаў на Поўначы, армій Урангеля, Махно. Узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга. Пасля грамадз. вайны камандзір дывізіі, корпуса. З 1926 пам. камандуючага Беларускай, з 1928 — Сярэднеазіяцкай і Маскоўскай ваен. акругамі. З 1933 нач. Акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА, адначасова з 1934 чл.Ваен. савета пры Наркамаце абароны СССР. З сак. 1937 нам. камандуючага Ленінградскай ваен. акругай. Чл.ЦВКБССР у 1925—27, канд. у чл.ЦВКБССР у 1927—28. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Вісарыён Вісарыёнавіч) (н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд.геагр.н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах. Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 4.9.1776 у Полацкай губерні пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. 23.12.1796 скасаваны, яго тэр. перададзена Беларускай губерні. 11.3.1802 адноўлены ў складзе Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Дрыса. Пл. 2568, 9 кв. вёрст, нас. 97 083 чал. (1897). Уключаў 17 валасцей: Асвейскую, Дзёрнавіцкую, Замашанскую, Зябкаўскую, Ігналінскую, Каменскую, Каханавіцкую, Клясціцкую, Прыдруйскую, Пустынскую, Сар’янскую, Стрыжанскую, Сушкоўскую, Таболкаўскую, Філіпаўскую, Юстыянаўскую і Юхавіцкую; 7 мястэчак, 811 паселішчаў сельскага тыпу. У студз. 1919 Клясціцкая вол. перададзена ў Полацкі павет. Паводле мірнага дагавора Расіі з Латвіяй ад 11.8.1920 Прыдруйская і Пустынская вол. ўвайшлі ў склад Латвіі. Скасаваны 15.2.1923, яго тэр. ўключана ў Полацкі пав.