род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км², даўж. 11,8 км, найб.шыр. 4,2 км, найб.глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн.м³; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км². Дно выслана торфам, ілам, пяском.
Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Тімя А.А.Куляшова.
Засн. ў 1918 у Магілёве як пед.ін-т на базе Магілёўскага настаўніцкага інстытута. У 1919 перайменаваны ў Ін-тнар. адукацыі. У 1924 аб’яднаны з пед. ф-там БДУ. У 1930 адноўлены як пед.ін-т. У 1937 пры ін-це створаны настаўніцкі ін-т з 2-гадовым тэрмінам навучання для падрыхтоўкі настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Імя Куляшова прысвоена ў 1978. З 20.6.1997 ун-т. У 1998/99 навуч.г. ф-ты: гіст., пед., філал., замежных моў, біял., прыродазнаўства, эканам., фізіка-матэм., дашкольнага выхавання, фіз. выхавання, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992. Пры ун-це больш за 100 спецыялізаваных лабараторый і кабінетаў, б-ка (каля 500 тыс.экз.), навуч.-спарт. комплекс і навучальна-біял. база «Любуж». На базе М.у. створаны вучэбна-навук. комплекс.
аўстрыйскі дыпламат.Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДЫ́ КАМУНІ́СТ»,
нелегальная газета; орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 1924—37 на бел. і рус. (асобныя нумары на польск. і яўр.) мовах. Спачатку друкавалася ў Мінску, потым у Вільні. Арганізатар і першы рэдактар В.З.Харужая. Інфармавала пра рашэнні кіруючых органаў ВКП(б), КП(б)Б, ЛКСМБ, КПП, КСМЗБ, КІМа, дзейнасць камсамольскіх арг-цый Зах. Беларусі. Асвятляла жыццё працоўнай моладзі. Выступала як арганізатар падп. барацьбы за вызваленне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, давала канкрэтныя парады па падрыхтоўцы і правядзенні мітынгаў, дэманстрацый, забастовак. Займала прасталінскую пазіцыю ў адносінах да бел. нац.-дэмакр. партый, арг-цый і іх дзеячаў, выступала з крытыкай т.зв. трацкісцка-зіноўеўскага блока, правага ўхілу ў ВКП(б), заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ. Змяшчала асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Пестрака, В.Таўлая, М.Засіма, рэв. песні, частушкі. Выйшла каля 50 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),
італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.Розы, Ж.Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),
пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст.каляв. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).
харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.Радэна, ЭА.Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.