КАЛЧА́К (Аляксандр Васілевіч) (16.11.1874, Пецярбург — 7.2.1920),

расійскі ваенна-марскі дзеяч, палярны даследчык, вучоны-гідролаг, адзін з кіраўнікоў белага руху ў грамадз. вайну. Адмірал (1918), правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1906). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1894). Служыў на караблях Балтыйскага (з 1895) і Ціхаакіянскага (з 1896) флатоў. Удзельнік палярных экспедыцый 1900—03 і 1908—11 (гідролаг; яго імем быў названы адзін з астравоў у Паўн. Ледавітым ак.), рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—09 і 1911—14 у Марскім генштабе, адначасова выкладаў у Марской акадэміі (з 1908), эксперт па ваенна-марскіх пытаннях у 3-й Дзярж. думе (1907—12). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. як камандуючы Чарнаморскім флотам (1916—17). У жн. 1917 камандзіраваны ў Вялікабрытанію і ЗША. У кастр. 1918 разам з брыт. ген. А.Ноксам прыбыў у Омск, дзе 4 ліст. прызначаны ваен. і марскім міністрам ва ўрадзе Уфімскай дырэкторыі. 18.11.1918 скінуў дырэкторыю, прыняў званне «вярх. правіцеля» рас. дзяржавы і галоўнакамандуючага яе ваен. сіламі (да 4.1.1920), устанавіў у Сібіры, на Урале і Д. Усходзе ваен. дыктатуру (гл. Калчака ўрад). Намагаўся аднавіць «адзіную і непадзельную» Рас. імперыю. Пасля разгрому сваёй арміі, узброенай і забяспечанай з дапамогай Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Японіі (да 400 тыс. чал., у т. л. 130—140 тыс. на фронце) перабраўся ў Іркуцк, каля якога (станцыя Інакенцьеўская) 15.1.1920 выдадзены вайскоўцамі Чэхаславацкага корпуса эсэра-меншавіцкаму «Паліт. цэнтру», потым перададзены бальшавіцкаму Іркуцкаму ВРК, паводле пастановы якога расстраляны. Асн. праца — «Лёд Сібірскага і Карскага мораў» (1909). Гл. таксама Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Літ.:

Арестант пятой камеры. М., 1990;

Плотников И.Ф. АВ.Колчак: Жизнь и деятельность. Ростов н/Д, 1998.

А.В.Калчак.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)