ЧАКО́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч (26.8.1913, С.-Пецярбург — 17.2.1994),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1973).
Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1939). З 1955 гал. рэдактар час. «Иностранная литература», у 1962—88 — «Литературной газеты». Друкаваўся з 1937. Апублікаваў ліг. партрэты А.Барбюса (1937), Г.Гейнэ (1939), М.Андэрсена-Нексё (1940). Трылогія «Гэта было ў Ленінградзе» (кн. «Ваенны карэспандэнт», 1944; «Ліда», 1945; «Мірныя дні», 1947) пра подзвіг ленінградцаў у Вял.Айч. вайну. Раман «У нас ужо раніца» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) пра першыя пасляваен. гады на Паўд. Сахаліне. Аповесці «Год жыцця» (1956, яе працяг раман «Дарогі, якія мы выбіраем», 1960), «Святло далёкай зоркі» (1962) на маральна-этычную праблематыку. Аўтар раманаў «Блакада» (кн. 1—4, 1968—73; Ленінская прэмія 1978), «Перамога» (кн. 1—3, 1978—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), антыфаш. рамана «Нюрнбергскія прывіды» (кн. 1—2, 1987—89), аповесці «Нявеста» (1966), зб. «Літаратура, палітыка, жыццё» (1982) і інш. Многія яго творы экранізаваны, інсцэніраваны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1974—77.
Літ.:
Козлов И.Т. Александр Чаковский: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983;
Синельников М. Диктует время: Очерк творчества А.Чаковского. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,
Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),
кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аўТайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.
Літ.:
Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАРНО́БЫЛЬСКІ ШЛЯХ»,
грамадскія акцыі па ўшанаванні памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986. Упершыню праведзена 30.9.1989 у Мінску па ініцыятыве прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», дэпутатаў Вярх. Савета Беларусі, вучоных з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы пераадолення вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У рамках акцыі адбылося несанкцыяніраванае шэсце і мітынг (удзельнічала больш за 20 тыс.чал.). Яго ўдзельнікі прынялі «Ухвалу» з заклікам да ўлад распрацаваць рэальную праграму выратавання ахвяр аварыі, прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў рэспублікі, якія стварылі атмасферу сакрэтнасці вакол вынікаў трагедыі, садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў БССР. Працягам гэтай акцыі стала Асамблея «Ч.ш.» (25—26.11.1989), якая прыняла «Дэкларацыю аб неабходнасці прыняцця тэрміновых мер па пераадоленні вынікаў аварыі на ЧАЭС», «Зварот да II з’езда народных дэпутатаў СССР» і «Зварот да народаў свету» з просьбай аб дапамозе. У час «Ч.ш.» 26.4.1991 з нагоды 5-й гадавіны аварыі ў Мінскім кафедральным саборы адбылося набажэнства, на пл. Бангалор устаноўлены мемарыяльны знак «Ахвярам Чарнобыля». Найб. грамадскі рэзананс меў «Ч.ш.» 26.4.1996 з нагоды 10-й гадавіны трагедыі (удзельнічала больш за 50 тыс.чал.). Акцыя суправаджалася супрацьстаяннем паміж яе ўдзельнікамі і сіламі аховы парадку. З 1996 «Ч.ш.» праводзіцца штогод 26 крас. ў Мінску і шэрагу інш. гарадоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАНГЕНІНСТРУМЕ́НТ (ад ням. Stange стрыжань + інструмент),
універсальны штрыхавы інструмент для вымярэння і разметкі знешніх і ўнутр. лінейных памераў. Складаецца са штангі (з губкамі) з нанесенай на яеасн. шкалой і ноніуса для адліку доляў асн. дзялення.
Да Ш. належаць: штангенцыркулі — для вымярэнняў дыяметраў, пазоў, глыбіні канавак і інш. (верхнія межы вымярэнняў ад 125 да 2000 мм); штангенглыбінямеры — для вымярэнняў глыбінь пазоў і адтулін (да 500 мм; гл.Глыбінямер); штангензубамеры — для вымярэнняў таўшчыні зубцоў зубчастых колаў (для модуляў ад 1 да 36, адлік па ноніусе 0,02 мм); штангенрэйсмусы — для вызначэння і нанясення дакладных памераў пры разметцы (верхняя мяжа вымярэнняў да 2500 мм; гл.Рэйсмус). Ш. кожнага тыпу выпускаецца некалькіх тыпапамераў з велічынямі адліку па ноніусе 0,05 і 0,1 мм. Драўляныя Ш. без ноніуса пачалі выкарыстоўвацца ў 17 ст., першыя штангенцыркулі з ноніусам — у канцы 18 ст. ў Лондане.
Штангенінструмент: а — штангенцыркуль з мяжой вымярэння да 125 (150) мм і памерам адліку 0,1 мм; б — з мяжой вымярэння да 250 (160) мм і памерам адліку 0,1 або 0,05 мм; 1 і 2 — ніжнія і верхнія губкі; 3 — стопарныя вінты; 4 — рамка; 5 — штанга; 6 — лінейка глыбінямера; 7 — ноніус; 8 — мікраметрычная падача.
аўстрыйскі кампазітар. Вучыўся ў канвікце (школа для прыдворных пеўчых; 1808—13), адначасова харыст Венскай прыдворнай капэлы. З 1818 займаўся кампазітарскай дзейнасцю. Адзін з першых прадстаўнікоў прагрэс.муз. рамантызму, пашырыў лірычную сферу музыкі, узмацніў яепсіхал. выразнасць, нац. акрэсленасць, абапіраўся на традыцыі венскай класічнай школы. Цэнтр. месца ў яго творчасці займае вак. лірыка. Узбагаціў выразныя магчымасці песні-раманса, паглыбіў суадносіны паміж музыкай і паэт. тэкстам, павялічыў вобразна-сэнсавую ролю фартэпіяннага акампанементу, надаў гэтаму жанру высокае ідэйна-маст. значэнне. Стварыў новыя рамант. тыпы сімфоніі, фартэпіянныя мініяцюры. У інстр. творы ўводзіў песенныя тэмы, ужываў у іх песенныя прынцыпы формаўтварэння. Сярод твораў: оперы зінгшпілі, 7 мес, у т. л. «Нямецкі рэквіем» (1818), 9 сімфоній, у т. л. «Незавершаная» (1822), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. фартэпіянны квінтэт «Фарэль» (1819), санаты (больш за 20), экспромты і вальсы для фп., рамант. песні (каля 600, у т. л.вак. цыклы «Прыгожая млынарка», 1823; «Зімовы шлях», 1827) і інш. Паўплываў на развіццё муз. культуры 19 ст.
Літ.:
Конен В.Дж. Шуберт. 2 изд. М., 1959;
Жизнь Франца Шуберта в документах: Пер. с нем. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНО́МІКА ДАБРАБЫ́ТУ,
галіна эканам. тэорыі, што вывучае метады такой арганізацыі дзейнасці, якая забяспечвае максімізацыю эканам.дабрабыту. У ёй найчасцей выкарыстоўваюцца ацэначныя меркаванні: пра тое, што неабходна вырабляць; якая вытв-сць павінна быць арганізавана найперш; якім чынам павінны быць размеркаваны даходы і маёмасць на гэты час і ў будучым і інш. Эканамісты-класікі (гл.Класічная школа палітэканоміі) трактавалі карыснасць як вымераны ўзровень задавальнення спажыўцоў. Найб. просты яе крытэрый распрацаваў В.Парэта, які сцвярджаў, што любое перамяшчэнне рэсурсаў, якія выклікаюць змену структуры выпушчаных тавараў або іх размеркавання сярод спажыўцоў, можа разглядацца як «паляпшэнне», калі яно прыносіць людзям нейкую выгаду (па іх уласнай ацэнцы), не прычыняючы нікому страты. Н.Кэлдар і Дж.Хікс прапанавалі альтэрнатыўны крытэрый (прынцып кампенсацыі): любыя эканам. змены павінны разглядацца як выгадныя тады, калі ў выніку іх тыя, хто атрымлівае выгаду, гіпатэтычна маглі б кампенсаваць страты тых, каму яны прычынены. Апрача распрацоўкі крытэрыяў дабрабыту некаторыя эканамісты (напр., П.Самуэльсан) імкнуліся пабудаваць функцыю грамадскага дабрабыту, якая б магла стаць інструкцыяй па ацэнцы таго, ці будзе адна эканам. сітуацыя лепшая або горшая за другую. Функцыя грамадскага дабрабыту можа разглядацца як функцыя дабрабыту кожнага спажыўца. Гл. таксама Неакласічная эканамічная тэорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада, дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магнітнага поля току, што вымяраецца і працякае ў нерухомым правадніку (эл. шпулі), з рухомым (або адным рухомым і другім нерухомым) стрыжнем з магнітамяккага матэрыялу. Выкарыстоўваюцца як шчытавыя і пераносныя прылады для вымярэння пераважна эл. напружанняў і сіл токаў прамысл. частаты (вальтметры, амперметры).
Найб. пашыраныя Э.в.п. з плоскай і круглай нерухомымі шпулямі, з замкнутым магнітаправодам. У першых пры праходжанні току праз шпулю ў яе зазор уцягваецца ферамагн. стрыжань, які паварочвае стрэлку. У прылад з круглай шпуляй рухомы і нерухомы стрыжні пры праходжанні току па шпулі намагнічваюцца і адштурхоўваюцца; рухомы стрыжань разам са стрэлкай паварочваецца на адпаведны вугал. Э.в.п. простыя па канструкцыі, надзейныя, устойлівыя да перагрузак, але невысокай адчувальнасці і са значным спажываннем энергіі. Ад уплыву вонкавых магн. палёў ахоўваюцца ферамагн. экранам або выкарыстаннем астатычнага вымяральнага механізма. Выпускаюцца таксама эл.-магн.частатамеры з лагаметрычным вымяральным механізмам (гл.Лагометр).
У.М.Сацута.
Схемы электрамагнітных вымяральных прылад а і б — з плоскай і круглай шпуляй; в — з замкнёным магнітаправодам; 1 — шпуля; 2 — рухомы асяродак; 3 — вось; 4 — паветраны заспакойвальнік; 5 — нерухомы асяродак; 6 — вадкасны заспакойвальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае сувязь паміж эл. і хім. з’явамі, заканамернасці ператварэння эл. энергіі ў хім. і адваротныя працэсы. Тэарэтычная Э. вывучае прыроду электралітаў і іх электраправоднасць, электрахім. раўнавагу на мяжы электрода з растворам, скорасці электрахім. рэакцый, мембранныя працэсы і раўнавагу на мяжы дзвюх іонных сістэм.Дастасавальная Э. распрацоўвае навук. асновы тэхналогіі электрахім. вытв-сцей з мэтай стварэння аптымальных умоў для правядзення электролізу і работы хім. крыніц.
Сістэматычныя даследаванні па Э. сталі праводзіцца пасля стварэння ў 1800 А.Вольтам першай крыніцы пастаяннага току. Пазней даследаванні вяліся ў 2 асн. кірунках: вызначэнне прычыны і механізма ўзнікнення эрсгальванічных элементаў; вызначэнне ўплыву эл. току на растворы к-т і солей. З адкрыццём законаў электролізу (гл.Фарадэя законы) Э. стала навук. дысцыплінай. Яе развіццю спрыялі стварэнне тэорыі электралітычнай дысацыяцыі і тэорыя, паводле якой крыніцай эл. энергіі ў гальванічным элеменце з’яўляецца энергія хім. рэакцыі.
На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца ў НДІ і на кафедры фіз. хіміі ВНУ, у БДУ і інш.
Літ.:
Судариков С.А. Введение в электрохимическую термодинамику гальванических элементов. Мн., 1973;
Электрохимия: Прошедшие 30 и будущие 30 лет: Пер. с англ.М., 1982;
Дамаскин Б.Б., Петрий О.А. Электрохимия. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́СА,
рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл., Чашніцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас.р.Зах. Дзвіна. Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 1040 км². Пачынаецца за 600 м на Пд ад в. Двор-Пярэсіка Крупскага р-на, упадае ў Лепельскае возера за 1 км на ПдЗ ад г. Лепель; у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы. Цячэ ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Асн. прытокі: Дзяражанка, Байна, Свядзіца (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр.яе ў верхнім цячэнні 2—3 км, ніжэй да 1 км, месцамі да 6 км. Схілы ўмерана парэзаныя, выш. 5—20 м, на вял. працягу спадзістыя, супясчаныя, укрыты лесам. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні шыр. 300—600 м, месцамі пашыраецца да 0,5—1 км. Рэчышча ў верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 38 км каналізаванае, шыр. яго ў верхнім цячэнні 2—5 м, у сярэдзіне 5—12 м, у ніжнім 10—12 м. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. 3-й дэкады снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Разводдзе звычайна з 3-й дэкады рак. да канца мая, працягласць каля 55 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,28 М3/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТАТЫ́ЗМ (ад франц. état дзяржава),
узмацненне ролі дзяржавы ў эканам., сац., культ. жыцці грамадства, навук. і інш. сферах жыццядзейнасці. У сац. і прававой сферах гэта выяўляецца ў больш жорсткім паліт. і бюракратычным кантролі, у выкарыстанні жорсткіх абмежаванняў усяго, што расцэньваецца як парушэнне законнасці і правапарадку, і ў абмежаванні правоў і свабод асобы. Найб. жорсткія тыпы Э.: актыўнае ўмяшанне дзяржавы ў эканам. жыццё грамадства, нацыяналізацыя прадпрыемстваў, стварэнне велізарнага сектара дзярж. эканомікі, валоданне падатковымі, фін. і інш. сродкамі эканам. рэгулявання, кантроль за цэнамі і зарплатай, выкарыстанне метадаў жорсткага планаванняі г.д. У барацьбе супраць Э. сфарміравалася эканам. ідэалогія лібералізму, якая прадугледжвае поўную эканам. свабоду прадпрымальніцтва, заснаваную на рыначных механізмах самарэгулявання таварна-грашовых адносін. Існуе думка, што дзярж. ўмяшанне ў грамадскае жыццё не павінна перавышаць неабходнай дастатковасці: яно павінна быць абумоўлена неабходнасцю дзярж. рэгулявання інфарм. і некаторых інш. прынцыпова новых сфер грамадства, узмацненнем барацьбы з новымі відамі крымін. злачынстваў, правядзеннем актыўнай рэгіянальнай палітыкі, расшырэннем міжнар. сувязей і інш. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці і ўзмацненне яе кантролю над дзяржавай, узмацненне асноў самакіравання, расшырэнне ўплыву паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў вядзе да істотнага абмежавання ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці.