утрыма́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асту́г Месца, дзе ўбіты невысокі кол для прывязвання лодак, вялікі камень з жалезным прабоем ці калода, якая служыць для гэтай мэты (Зах. Дзвіна).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

бакаві́на́

1. Затока ў рэчцы са стаячай вадой, дзе мочаць лён і каноплі (Слаўг.).

2. Край дарогі, броўка; бок, схіл дарогі (Нас., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

е́рнік Месца на лузе, дзе расце трава аер Acorus (Глуск. Янк. I). Тое ж я́рый (Жлоб.), я́вір, явіррё, я́вірнік, я́вірні́шча, я́вірышча, явірняччо (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

за́хва Глыбокае месца на рацэ, дзе ўбіты тры калы і пераплецены зверху зялёнымі галінамі для прывязвання лодкі ў час рыбнай лоўлі (Віц. Касп.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

капа́льня Месца, дзе капаюць гліну, пясок, вапнавы камень і інш. (БРС). Тое ж я́мка (Слаўг.).

ур. Капальні (пясчаны кар'ер) каля в. Ржаўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ля́дзішча

1. Месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку (Нас. АУ).

2. Вялікае ляда; месца, дзе было ляда 1 (Слаўг.). Тое ж лядзі́шча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

на́тап Конскі след на дарозе, дзе ступае конь, запрэжаны ў воз (Слаўг.), на засеяным полі (Краснап. Бяльк.). Тое ж тор, топ, следаві́шча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

перавесішча Стар. Гай для лоўлі птушак; месца, дзе перавешваліся на дрэвах або на пастаўленых калах сеткі для лоўлі птушак (Іпацьеўскі летапіс, 945 г.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)