Fr, радыеактыўны хім. элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 87; адносіцца да шчолачных металаў. Найменш устойлівы з радыеактыўных элементаў; найб. устойлівы з іх 223Fr (перыяд паўраспаду 21,8 мін, β-распад) — чл. прыроднага радыеактыўнага рада актынаурану. У прыпаверхневым пласце Зямлі таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца прыблізна 24,5 г Ф. Радыенуклід 223Fr адкрыла ў 1939 франц. радыяхімік М.Перэй; названы ў гонар Францыі.
У вагавых колькасцях атрымаць Ф. немагчыма з-за адсутнасці доўгажывучых ізатопаў. Паводле ацэнак для Ф. tпл 18—20 °C, шчыльн. 2300—2500 кг/м³. Самы электрададатны метал.Хім. ўласцівасцямі падобны да рубідыю і цэзію. Выкарыстоўваюць для вызначэння астату-227 і ў біял. даследаваннях, у т. л. для дыягностыкі ракавых захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́ЎНГОФЕР, Фраўнхофер (Fraunhofer) Іозеф (6.3.1787, г. Штраўбінг, Германія — 7.7.1826), нямецкі фізік. Чл. Баварскай АН (1823). З 1806 механік аптычных майстэрняў. З 1823 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і аптычным прыладабудаванні. Распрацаваў тэхналогію вырабу розных лінзаў, у т. л.вял. ахраматычных аб’ектываў, вынайшаў машыну для шліфоўкі лінзаў, сканструяваў спектрометр, акулярны мікраскоп, геліёметр і інш. Вывучаў дыфракцыю плоскіх светлавых хваль (гл.Фраўнгофера дыфракцыя), шырока выкарыстоўваў для гэтага дыфракцыйныя рашоткі (паводле некаторых крыніц — ён лічыцца іх вынаходнікам), апісаў лініі паглынання ў спектры Сонца (гл.Фраўнгоферавы лініі).
Літ.:
Мельников О.А. Йозеф Фраунгофер // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1959. Т. 22;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 216—218.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
паталагічныя працэсы ў расл. арганізме, якія суправаджаюцца парушэннем фізіял. функцый (фотасінтэзу, дыхання) і зменай структуры расліны. Вядома больш за 30 тыс. Х.р. Вывучае фітапаталогія.
Паводле прычыны Хр. падзяляюць на неінфекц. і інфекцыйныя. Неінфекцыйныя Х.р. выклікаюцца пераважна абіятычнымі фактарамі асяроддзя (парушэнні рэжыму мінер. жыўлення, неспрыяльны водны рэжым, уздзеянне высокіх ці нізкіх т-р і іх рэзкіх ваганняў, шкодныя прымесі ў паветры і глебе, іанізавальнае выпрамяненне і інш.). Інфекцыйныя Х.р. — бактэрыяльныя хваробы раслін, вірусныя хваробы раслін, грыбныя хваробы раслін, нематодныя хваробы раслін, альгафітозы (выклікаюцца паразітычнымі водарасцямі), антафітозы (кветкавымі раслінамі — заразіхай, амялой, павітухай і інш.), энтамафітозы (насякомымі), арахнафітозы (кляшчамі). Паводле групы раслін, што пашкоджваюцца. Х.р. падзяляюцца на хваробы сельскагаспадарчых раслін, дэкар., дрэвавых парод і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы з перавагай дрэў з лісцем ігольчастай або лускападобнай формы (хвояй). Характэрны для паўн.ч. ўмераных шырот Паўн. паўшар’я, у некат. раёнах субтропікаў і тропікаў. У Еўразіі ўтвараюць Еўразійскую таежную вобласць (гл.Таежныя зоны, Тайга).
Адрозніваюць Х.л. цемнахвойныя (яловыя, піхтавыя, кедравыя) і светлахвойныя (хваёвыя, лістоўнічныя); паводле геагр. месцазнаходжання і складу расліннасці — паўночна-, сярэдне- і паўднёватаежныя, падтаежныя, а таксама шыракаліста-хвойныя. Х.л. паўночна-таежнага тыпу зменьваюцца падтаежнымі і шыракаліста-хвойнымі з Пн на Пд. У іх на глебавым покрыве імхі, лішайнікі, хвашчы, папараці, дзярэзы, чарніцы, брусніцы і інш. Большасць Х.л. — карэнныя і ўмоўна-карэнныя, крыніца каштоўнай драўніны, маюць аэрааднаўленчае, кліматычнае, водарэгулявальнае і проціэразійнае значэнне.
На Беларусі Х.л. займаюць 67,2% плошчы пад лесам. Пераважаюць хваёвыя лясы і яловыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАПЛА́СТЫ (ад грэч. chlōros зялёны + plastos вылеплены),
унутрыклетачныя арганоіды (пластыды) раслін, у якіх адбываецца фотасінтэз. З-за наяўнасці хларафілу афарбаваны ў зялёны колер. Знаходзяцца ў клетках розных тканак надземных органаў раслін, асабліва ў лісці і зялёных пладах. У вышэйшых раслін Х. лінзападобнай формы, адасоблены ад цытаплазмы знешняй мембранай (абалонкай). Унутры знаходзяцца структурныя адзінкі — тылакоіды, у якіх лакалізаваны пігменты: асноўныя — хларафілы, дапаможныя — караціноіды. Маюць рыбасомы, ДНК, ферменты. Акрамя фотасінтэзу ў іх адбываецца сінтэз АТФ, сінтэз і гідроліз ліпідаў, крухмалу, бялкоў і ферментаў, што ўдзельнічаюць у светлавой рэакцыі. Уласны генет. апарат і спецыфічная бялоксінтэзавальная сістэма абумоўліваюць адносную аўтаномію Х. ад інш. клетачных структур. Пры старэнні лісця і сцёблаў, выспяванні пладоў хларафіл у Х. разбураецца і ператвараецца ў храмапласты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ НУКЛЕАТЫ́ДЫ,
пурынавыя і пірымідзінавыя нуклеатыды, у якіх астатак фосфарнай к-ты звязваецца з рыбозай у 3′ і 5′-становішчах (утвараюць кольца); універсальныя рэгулятары біяхім. працэсаў у жывых клетках.
Найб. значныя цыклічны 3′ і 5′-адэназінмонафасфат (цАМФ) і 3′ і 5′-гуаназінмонафасфат (цГМФ). У арганізме жывёл і чалавека цАМФ рэгулюе клетачную пранікальнасць, мышачнае скарачэнне, сакрэцыю гармонаў, дыферэнцыроўку тканак і інш. У стрэсавых сітуацыях адрэналін праз пасрэдніцтва цАМФ актывуе ў клетках печані фермент глікагенфасфарылазу і ў кроў выкідваецца вял. колькасць глюкозы (крыніца энергіі для арганізма). Механізм дзеяння Ц.н. у клетцы звязаны з актывацыяй Ц.н.-залежных пратэінкіназ і зводзіцца да фасфарыліравання спецыфічных бялкоў, у т. л. ферментаў, што прыводзіць да змены іх актыўнасці і адпаведных функцый клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯНІ́ДЫ, цыяністыя солі,
неарганічныя злучэнні, солі сінільнай кіслаты.
Ц. шчолачных і шчолачна-зямельных металаў — іонныя злучэнні, добра раствараюцца ў вадзе. Пры павышанай т-ры Ц. шчолачных і шчолачна-зямельных металаў цалкам гідралізуюцца. Атрымліваюць Ц. шчолачных металаў узаемадзеяннем шчолачаў з HCN, шчолачна-зямельных — абменнымі рэакцыямі і інш. спосабамі. Ц. падгрупы цынку — дыямагнітныя рэчывы. Ц. цяжкіх металаў (акрамя ртуці) не раствараюцца ў вадзе, іх атрымліваюць рэакцыяй хларыдаў, сульфатаў або нітратаў з NaCN або KCN. Утвараюць цыянаты (узаемадзеянне з O2), галагенцыяніды (з Cl, Br, I), нітрылы. Выкарыстоўваюць у гальванатэхніцы для атрымання метал. пакрыццяў, як каталізатары шэрагу хім. працэсаў, у вытв-сці пігментаў, фарбаў і інш. Моцныя яды; удыханне прыводзіць да сардэчнай недастатковасці. ГДК 0,3 мг/м³ у пераліку на HCN.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ДРЫК Міхаіл Сямёнавіч (9.5.1930, в. Доўгі Лог Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 29.11.1994),
бел. фізік і педагог. Д-р фізіка-матэм. н. (1984), праф. (1985). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1954), дзе і працаваў (з 1961 і з 1993 заг. кафедры, з 1971 прарэктар). Навук. працы па фізіцы сегнетаэлектрыкаў, даследаванні працэсаў крышталізацыі і ўплыву знешніх фактараў пры вырошчванні сегнетаэл. крышталёў на іх структуру і фіз. ўласцівасці. Аўтар першага на бел. мове «Курса агульнай фізікі: Цеплыня і малекулярная фізіка» (1994) і інш.
Тв.:
Физические свойства кристаллов семейства триглицинсульфата. Мн.,1986;
Сборник задач по курсу общей физики. М., 1989 (у сааўт.);
Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з В.М.Варыкашам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЛАСНАСЦЬ,
абагульненая ўласцівасць аб’ектаў, што маюць складаную ўнутр. будову, якая характарызуецца адзінствам і ўзаемаабумоўленасцю іх частак. У залежнасці ад характару ўзаемасувязі частак вылучаюць структурны, функцыян., генет. тыпы Ц. У адрозненне ад адытыўнасці інтэгратыўныя якасці, што складаюць спецыфіку Ц., прынцыпова новыя ў параўнанні з уласцівасцямі ч. аб’екта і не зводзяцца да апошніх. Паняцце «Ц» адлюстроўвае ўнутр. інтэграванасць і самадастатковасць сістэмы, паказвае недастатковасць тлумачэння яе функцыянавання і развіцця на падставе толькі вонкавых пабуджальных прычын. Спасціжэнне Ц. аб’екта дазваляе выявіць унутр. заканамернасці, якія абумоўліваюць яго якасную своеасаблівасць. Характэрная асаблівасць вышэйшых форм Ц. (біял., сац.) — самаразвіццё і самаўзнаўленне частак. На станаўленне ўяўленняў аб Ц. паўплывалі гештальтпсіхалогія, культ. антрапалогія, сінт. тэорыя эвалюцыі. Паняцце «Ц.» выступае зыходным пунктам сістэмнага падыходу. Гл. таксама Частка і цэлае.
У Курскай і Белгародскай абл., Расія. Засн. ў 1935 для аховы і вывучэння унікальных прыродных комплексаў лесастэпу. Пл. 5,3 тыс.га. Складаецца з 6 асобных участкаў. Рэльеф эразійны. Глебы — моцныя тыповыя чарназёмы, якія ніколі не ўзворваліся, маюць гумусу да 9—12%, таўшчыня гумусавага слоя да 1 м. У расл. покрыве спалучэнне лугавога стэпу і дуброў. У флоры больш за 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 86 рэдкіх. У фауне 38 відаў млекакормячых (барсук, ліс, тушканчык вялікі, суслік рабы, мышоўка стэпавая, заяц-русак і інш.), 184 птушак (каршун чорны, сарыч, канюк касматаногі, зязюля, дзяцел вялікі стракаты і інш.), 6 рэптылій, у т. л. гадзюка стэпавая, 7 земнаводных, больш за 4 тыс. насякомых.