ФРА́ЎНГОФЕР, Фраўнхофер (Fraunhofer) Іозеф (6.3.1787, г. Штраўбінг, Германія — 7.7.1826), нямецкі фізік. Чл. Баварскай АН (1823). З 1806 механік аптычных майстэрняў. З 1823 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і аптычным прыладабудаванні. Распрацаваў тэхналогію вырабу розных лінзаў, у т. л. вял. ахраматычных аб’ектываў, вынайшаў машыну для шліфоўкі лінзаў, сканструяваў спектрометр, акулярны мікраскоп, геліёметр і інш. Вывучаў дыфракцыю плоскіх светлавых хваль (гл. Фраўнгофера дыфракцыя), шырока выкарыстоўваў для гэтага дыфракцыйныя рашоткі (паводле некаторых крыніц — ён лічыцца іх вынаходнікам), апісаў лініі паглынання ў спектры Сонца (гл. Фраўнгоферавы лініі).

Літ.:

Мельников О.А. Йозеф Фраунгофер // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1959. Т. 22;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 216—218.

А.​І.​Болсун.

І.Фраўнгофер.

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)