англійскі арктычны даследчык. У 1612—16 у якасці штурмана плаваў у пошуках Паўн.-Зах. праходу: у 1615 даследаваў Гудзонаў зал., у 1616 — мора на З ад Грэнландыі (гл.Бафіна мора). У час гэтага падарожжа адкрыў і даў назвы пралівам Сміта, Джонса і Ланкастэра; адкрыў п-аў Хейс (Грэнландыя), вял. ўчасткі а-воў Элсмір і Дэвон у Канадскім Арктычным архіпелагу. Імем Бафіна названы таксама адзін з а-воў у гэтым архіпелагу (Бафінава Зямля). Яго пазнейшыя падарожжы (1616—21) былі на У. Загінуў пры аблозе в-ва Армуз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́КЦЫЯ,
паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл.Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,
паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЮ́К, авёс пусты,
жывы авёс (Avena fatua),
кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШРАФІ́ (Мухтар Ашрафавіч) (11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),
узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб.т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1924 у Бабруйску краязнаўцам Ц.Я.Славіным. 6 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 255 м²), каля 11,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Раздзелы экспазіцыі: прырода краю, гісторыя Бабруйшчыны. Сярод экспанатаў карысныя выкапні, археал. знаходкі, этнагр. матэрыялы, калекцыі зброі і рыштунку рус. і франц. армій канца 18 — пач. 19 ст., дакументы пра дзейнасць у Бабруйску дзекабрыстаў С.І.Мураўёва-Апостала, М.П.Бястужава-Руміна, В.С.Норава, М.І.Пушчына, матэрыялы пра В.І.Дуніна-Марцінкевіча, пра партыз. рух і яго ўдзельнікаў на Бабруйшчыне ў грамадз. і Вял.Айч. войны; асобныя стэнды прысвечаны В.З.Харужай, Бабруйскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́ЦКІ (сапр.Дзюбін) Эдуард Георгіевіч
(3.11.1895, Адэса — 16.2.1934),
рускі паэт. Першыя вершы (1915—16) — стылізаваныя, умоўна-рамантычныя. У лірычных вершах і паэмах перыяду грамадз. вайны («Птушкалоў», «Тыль Уленшпігель», «Карчма», «Кавун» і інш.) рамант. вобразы свабодалюбных, мужных людзей. Першы зб. «Паўднёвы захад» (1928). Аўтар паэм «Дума пра Апанаса» (1926), «Люты» (1934, апубл. 1936), паэт. трылогіі «Апошняя ноч», «Чалавек прадмесця» і «Смерць піянеркі», зб. вершаў «Пераможцы» (усе 1932) пра падзеі грамадз. вайны і сацыяліст. рэчаіснасці. Перакладаў на рус. мову вершы Я.Купалы. На бел. мову яго творы перакладалі М.Багун, С.Дзяргай, М.Хведаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),
расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІКАЎ (Сяргей Яўгенавіч) (н. 7.11.1961, Мінск),
бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел.ін-тфіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян.прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.Беленькім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Мікалай Астапавіч) (5.2.1921, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.4.1967),
бел. філосаф. Скончыў БДУ (1952). Канд.філас.н. (1955). З 1952 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1963 у Бел.тэхнал. ін-це. Даследаваў гісторыю грамадска-паліт. і філас. думкі, гісторыю рэлігіі і атэізму на Беларусі эпохі сярэднявечча, асветніцкую дзейнасць, літ. творчасць і светапогляды Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія і інш. Аўтар прац «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), «Святло ў цемры» (1960) і інш. Адзін з аўтараў і складальнікаў кн. «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962).