ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),

сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,

наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.

Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл. Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́КЦЫЯ (ад лац. convectio прынясенне, дастаўка),

1) у атмасферы — падыманне больш нагрэтых ад зямной паверхні і менш шчыльных мас паветра з адначасовым апусканнем халаднейшых і больш шчыльных мас. Скорасць пад’ёму паветра звычайна некалькі метраў у секунду, зрэдку да 20—30 м/с і больш. Узнікае пры значным праграванні паветра ад падысподняй паверхні, пры адвекцыі халоднага паветра, хуткім яго ахалоджванні ноччу над цёплай паверхняй мора. Выклікае ўтварэнне канвекцыйных воблакаў і ападкаў.

2) У акіяне — вертыкальныя рухі валы, выкліканыя зменамі іх шчыльнасці, якая залежыць ад змены т-ры або салёнасці. Прыводзіць да перамешвання вады, абагачэння кіслародам ніжніх слаёў і пажыўнымі солямі вышэйляжачых. У перыяд асенне-зімовага ахаладжэння вод К. распаўсюджваецца на вял. глыбіні, а ў некат. субтрапічных і трапічных морах з вял. салёнасцю вады — да дна (Міжземнае м., Чырвонае м., Персідскі заліў).

3) У геалогіі — павольная цыркуляцыя неаднародных паводле тэмпературы, складу і вязкасці мас у мантыі Зямлі. Скорасць цыркуляцыі перыядычна мяняецца праз геалагічна значныя прамежкі часу. Канвектыўныя патокі мантыі ўплываюць на тэктанічныя рухі, разломаўтварэнне і размеркаванне рудаўтваральных раствораў у зямной кары.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НКА,

гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М.эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),

узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт. дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.

Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.

Літ.:

Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ. М., 1981;

Кременчугский Л.С., Ройцина О.В. Пироэлектрические приемники излучения. Киев, 1979.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паразі́т ’расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ў сярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт; той, хто жыве з чужой працы; дармаед’ (ТСБМ). Ст.-бел. параситъ (пасоритъ) ’дармаед’, 1622 г. < ст.-польск. parazyt, pasorzyt < лац. parasītus, грэч. παράσιτος (Булыка, Лекс. запазыч., 127). Сучаснае бел. слова, відаць, праз рус. парази́т, якое праз ням. Parasit або франц. parasite ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы (гл. Фасмер, 3, 203).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адлюстрава́цца, ‑руецца; зак.

1. Адбіцца ад гладкай бліскучай паверхні, узяць адваротны напрамак (пра светлавыя прамені).

2. Даць свой адбітак, малюнак на люстранай паверхні. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Чорны. // Адбіцца ў свядомасці чалавека ў форме вобразаў і паняццяў (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

3. Знайсці выяўленне, увасобіцца ў мастацкіх вобразах. // Выявіць свае найбольш істотныя рысы, якасці, асаблівасці; праявіцца. У той ці іншай меры грамадска-палітычная тэрміналогія адлюстравалася ў старабеларускіх помніках розных жанраў. Булыка.

4. Выявіцца, атрымаць знешняе праяўленне. Рыгор завярнуў каня, спыніў яго і спакойнымі вачыма, у якіх адлюстравалася трошачкі іранічная ўсмешка, паглядаў на брата. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нівелі́раваць

(ням. nivellieren, ад фр. niveler)

1) вызначаць вышыню пунктаў зямной паверхні над узроўнем мора або адносна пэўнай вышыні;

2) перан. згладжваць розніцу паміж чым-н. (напр. н. супярэчнасці).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

абкало́ць², -калю́, -ко́леш, -ко́ле; -калі́; -ко́латы; зак., каго-што.

1. Пакалоць чым-н. вострым вакол чаго-н. або па ўсёй паверхні; параніць уколамі каго-, што-н.

А. рукі калючкамі руж.

2. Зрабіць ін’екцыю або некалькі ін’екцый лекавых сродкаў вакол якога-н. хворага месца (раны, зуба і пад.).

А. зуб абязбольвальнікам (разм.).

3. Уздзейнічаць на вышэйшую нервовую дзейнасць, зрабіўшы ін’екцыю псіхатропных рэчываў (разм.).

|| незак. абко́лваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. абко́лванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)