1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЛЯ́ВІЧУС ((Dobulavičus) Андрус) (19.7.1896, б. маёнтак Паравеяй, Біржайскі р-н, Літва — 20.6.1938),
літоўскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Маскве ў Камуніст. ін-це нац. меншасцей Захаду (1922—25), Акадэміі камуніст. выхавання (1929—31), потым у Ін-це чырв. прафесуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі. З 1935 у Мінску. У 1935 арыштаваны і беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў зняволення, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Літ.дзейнасць пачаў у 1922. Аўтар зб. вершаў «Мая радзіма» (1936, Мінск, на літ. мове). Лірыцы Дабулявічуса ўласцівы песеннасць, пошукі новых выяўл. сродкаў. У нарысах узнімаў бел. тэматыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС ПРОВИ́НЦИИ»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета леваліберальнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 31.3(13.4).1906 да 8(21).4.1907 у Мінску на рус. мове. Прадстаўляла інтарэсы розных саслоўяў і нацыянальнасцей, але найперш яўрэяў. Прапагандавала канстытуцыйны шлях пераходу да дэмакр. дзяржавы. На выбарах у Дзярж. думу падтрымлівала мясц. кандыдатаў ад партыі кадэтаў. Друкавала крытычныя аналізы дзейнасці Дзярж. думы, мясц. органаў улады. Падтрымлівала бел.нац. рух, вітала стварэнне бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца». Асвятляла тэатральнае жыццё Мінска, дзейнасцькульт.-асв. і гуманітарных т-ваў. Друкавала маст. творы мясц. аўтараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ ЖИЗНЬ»,
інфармацыйна-асветная беспарт. газета. Выдавалася з 7(20).6.1911 да 17.1.1919 у Гомелі на рус. мове. Да 10(23).10.1917 (№ 1407) наз. «Гомельская копейка». Напачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1(14).9.1914 штодзённа. Арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўр. нацыянальнасці. Друкавала інфармацыю пра дзейнасцьгар. думы, рыначную кан’юнктуру, асвятляла праблемы гандлю, прам-сці, гар. гаспадаркі. Амаль палавіна газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі пра тэатр. гастролі, канцэрты, цырк. Крытыкавала антысемітызм, вітала Лют. рэвалюцыю 1917, друкавала звароты Часовага ўрада. Пасля кастр. 1917 выступала супраць бальшавікоў. Закрыта Гомельскім рэв. к-там за антысав. прапаганду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА «ПАЛЕСДРУ́К».
Створана ў 1921 пад назвай «Палескі друк» у выніку аб’яднання 1-й Дзярждрукарні, «Гомдруку» і «Гомгазеты». З 1932 наз. друкалітаграфія і карданажная ф-ка «Палесдрук». У 1941 эвакуіравана ў г. Краснакамск Пермскай вобл. У 1944 аднавіла дзейнасць у Гомелі. З 1946 наз. Гомельская друкарня і карданажна-мяшэчкавая ф-ка «Палесдрук», у 1953—60 рэканструявана. Яе філіялы з 1977 Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя друкарні. Асн. Прадукцыя (1997): агульныя сшыткі, дзённікі школьныя, сшыткі для нот, малявання, касы лічбаў і складоў, запісныя кніжкі, блакноты, альбомы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.
У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Іванавіч) (н. 24.12.1924, г. Архангельск, Расія),
рускі баяніст-віртуоз. Засл. арт. Расіі (1963), ’нар. арт.СССР (1985). Скончыў муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1939). У 1939—42 і з 1946 артыст Архангельскай, з 1954 — Маскоўскай абл. філармоній, з 1958 Масканцэрта. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай музыкі. Яго канцэртная дзейнасць зрабіла значны ўплыў на развіццё сольнага выканальніцтва на баяне, зацвердзіла яго як канцэртны інструмент. Першы рас. баяніст, які пачаў выступаць у ансамблі з інш. інструментамі, з аркестрам. Ініцыятар шырокага распаўсюджвання шматтэмбравага гатова-выбарнага баяна з пераключальнікам (назва прапанавана К. у 1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІКА́ЦЫЯ (лац. communicatio ад communico раблю агульным, звязваю),
працэс перадачы і абмену інфармацыяй; сродкі сувязі паміж любымі аб’ектамі матэрыяльнага і духоўнага свету. Тэрмін «К.» ўзнік у пач. 20 ст. ў кантэксце агульнатэарэт. пабудовы біхевіярызму (Дж.Уотсан), сімвалічнага інтэракцыянізму (Дж.Мід), персаналізму, экзістэнцыялізму. Пасля 2-й сусв. вайны сфарміраваліся 2 асн. падыходы да вывучэння К.: рацыяналістычны (разглядае сродкі інфармацыі ў якасці адзінага стымулу, крыніцы сац. развіцця) і ірацыяналістычны (сцвярджае, што асн. вынікам К. з’яўляецца ўзаемаразуменне). У сац. і паліт. жыцці першаступеннае значэнне мае дзейнасць сродкаў масавай К. — тэлебачанне, радыё, друк, кінематограф і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́СЦЕНСКІ (Захарыя) (?, г. Перамышль, цяпер Пшэмысль, Польшча — 21.3.1627),
украінскі пісьменнік-палеміст, грамадска-культ. і царк. дзеяч. Вучыўся ў Львоўскай брацкай школе. З 1616 у Кіеўскім брацтве, з 1624 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры. Асн. твор — палемічны трактат «Палінодыя, або Кніга абароны...» (1621—22), накіраваны супраць каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар трактатаў «Кніга пра веру адзіную...» (1619—21), «Кніга пра праўдзівае адзінства праваслаўных хрысціян...» (1623), царк. пропаведзей, прадмоў, перакладаў з грэч. мовы лаўрскіх выданняў. Высока ацэньваў бел. культуру, у прыватнасці дзейнасць Л.Карповіча.
Літ.:
Микитась В.Л. Українська література в боротьбі проти унії. Київ, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЧАНКА (Васіль Васілевіч) (н. 7.1.1925, в. Будзішча Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1957). Працаваў у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты, у 1959—87 дырэктар, нам. дырэктара Рэчкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага р-на. Літ.дзейнасць пачаў у 1953. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961), «Сандалікі-скакалікі» (1994), «Загадкі ў калядкі» (1997), «Крылаты будзільнік» (1998). У зб-ках «Споведзь збалелай душы», «Я родам з Будзішча» (абодва 1994), «Вярхом на ўрагане» (1996), «Боль», «Толькі з табою» (абодва 1998) раскрыў багацце, шматграннасць і непаўторнасць свету дзіцячых захапленняў. Пі ша байкі, гумарэскі.